Пошук

18.06.2024 08:48   ave-maria.by / Catholic.by
Фота ave-maria.by

У другім нумары часопіса «Наша вера» за 2024 год чытачам прапануюцца цікавыя публікацыі мастацтвазнаўцаў, літаратуразнаўцаў, даследчыкаў беларускай хрысціянскай культуры, паэтаў, пісьменнікаў і перакладчыкаў.

Агляд новага нумара папулярнага каталіцкага квартальніка падаецца на сайце ave-maria.by.

Гэты нумар часопіса пачынаецца публікацыяй «Я вучуся ўзвялічваць крыж сваёй штодзённасці», у якой новы біскуп каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй апавядае пра свой шлях да святарства і сутнасць святарскага паклікання.

У рубрыцы «Асобы» друкуецца ўрывак з кнігі «Патрабавальны Папа» польскага святара і публіцыста ксяндза Робэрта Скшыпчака ў перакладзе Крыстыны Лялько (працяг).

Аляксандра Шпілеўская прапануе чытачам інтэрв’ю «Шляхі да Бога», у якім яна размаўляе з вядучым перадачы «Хрысціянства і літаратура» на Ватыканскім радыё святаром Андрэем Кратом.

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Вялікае італьянскае падарожжа Яна Паца (1597–1598 гг.)» апавядае пра пілігрымку беларускай магнацкай кавалькады ў Вечны горад (друкуецца працяг).

Мастацтвазнаўца Галіна Флікоп-Світа ў артыкуле «Іконы ў хаце беларусаў» разважае пра рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў у інтэр’еры сялянскага жытла (друкуецца працяг).

Настаўніца Таццяна Шумель у артыкуле «Страчаная спадчына. Касцёл у вёсцы Дубрава» піша пра адну з каталіцкіх святыняў, якую яшчэ можна аднавіць.

У рубрыцы «Юбілеі» друкуецца эсэ Уладзіміра Ягоўдзіка «Зерне суровай праўды», прысвечанае 100-годдзю народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава.

Тут жа змешчаны верш Дануты Бічэль «Ты быў маім сябрам», адрасаваны Васілю Быкаву. Памяці пісьменніка прысвечана і эсэ Крыстыны Лялько «Гісторыя аднаго подпісу», у якім апавядаецца, як народны пісьменнік Беларусі ў 1993 годзе спрычыніўся да вяртання мінскай катэдры каталіцкім вернікам.

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы Васіля Зуёнка і Аксаны Данільчык.

Літаратуразнаўца Ірына Багдановіч з нагоды 90-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага філосафа Уладзіміра Конана прапануе чытачам свой артыкул «Ісці „нявораным полем“…», у якім грунтоўна абагульняе творчую спадчыну выдатнага беларускага філосафа і даследчыка літаратуры.

Асобе вядомага беларускага пісьменніка, заснавальніка серыі «Беларускі кнігазбор» Кастуся Цвіркі прысвечаны артыкул Міхася Скоблы «Аратай бясконцай баразны». У рубрыцы «Асобы» друкуецца і эсэ Элы Дзвінскай «Літаратурны і мастацкі крыж Віктара Карамазава».

Алена Сямёнава-Герцаг прапануе ўвазе чытачоў свой чарговы пераклад з творчасці вядомага нямецкага пісьменніка Георга Освальда Котта.

У рубрыцы «Спадчына» змешчаны артыкул музеязнаўцы Паўла Каралёва «Выстава „З Богам для Беларусі…“», у якім аўтар распавядае пра адметную экспазіцыю ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры, прысвечаную ахвярнаму служэнню беларускіх святароў у першай палове ХХ стагоддзя.

Абноўлена 18.06.2024 08:50
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа