Пошук

12.04.2024 17:05   Тэкст: Францішак Дубраўскі / Фота: Аксана Гудзелева / ave-maria.by / Catholic.by

У Віцебскай абласной бібліятэцы адбылася традыцыйная літаратурна-музычная вечарына «Светлае свята — Вялікдзень».

Як адзначаецца на сайце часопіса «Ave Maria» ave-maria.by, мерапрыемства ладзілася адмыслова ў перыяд паміж велікоднымі ўрачыстасцямі каталіцкага і праваслаўнага веравызнанняў і было прысвечанае 25-годдзю з дня заснавання Віцебскай дыяцэзіі. Удзел у ім, як заўсёды, узялі вернікі абедзвюх канфесій, неабыякавыя да хрысціянскіх традыцый жыхары горада, аматары рэлігійных спеваў, прыхільнікі роднага слова.

Ганаровым госцем вечарыны стаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які пазнаёміў прысутных з гісторыяй Касцёла на Віцебшчыне і апавёў пра яго яго актуальнае жыццё. Іерарх узгадаў добрым словам працу па ўтварэнні дыяцэзіі свайго папярэдніка біскупа Уладзіслава Бліна, апавёў пра тое, што значыла яе станаўленне ў плане развіцця душпастырства ў рэгіёне, пра клопаты і ўмовы цяперашняга існавання.

Насычаная разважаннямі тэалагічнага характару прамова біскупа Алега Буткевіча выклікала ў аўдыторыі шчырую зацікаўленасць і стала выдатным пралогам да наступных дзеяў.

Літаратурную частку свята склалі творы беларускіх паэтаў, што ў розныя гады пабачылі свет на старонках часопіса «Наша вера» — звяртацца да іх падчас такіх імпрэз даўно сталася добрай традыцыяй. Вершы Рыгора Барадуліна, Ірыны Багдановіч, Эдуарда Акуліна хораша ўпісаліся ў сюжэт імпрэзы ў майстэрскім выкананні верніц віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага Вольгі Аўчыннікавай і Святланы Бароўскай, а таксама вядучай праграмы, загадчыцы аддзела краязнаўства абласной бібліятэкі Ларысы Рагачовай.

Як заўсёды, нікога не пакінулі абыякавым густоўныя спевы хору катэдральнага касцёла пад кіраўніцтвам сястры Ёнашы Мровец.

Малітоўнасць зместу спеваў у спалучэнні з артыстызмам выканальніц надавалі мерапрыемству святочнасць, як і вельмі дарэчны музычны падарунак у выглядзе спеву пад гітару самога біскупа Алега Буткевіча.

Наогул, падарункаў у гэты вечар хапала: гасцям — у выглядзе падрыхтаванай супрацоўнікамі бібліятэкі змястоўнай выставы выданняў рэлігійнага зместу; гаспадарам і чытачам установы — кнігі выдавецтва Pro Christo «Ксёндз Юзаф Барадзюля: жыццяпіс і ўспаміны» Раісы Зянюк і апошняга нумара часопіса «Наша вера»; артыстам — прэзентаваных канцлерам Дыяцэзіяльнай курыі ксяндзом канонікам Віктарам Місевічам і вікарыем катэдральнага касцёла ксяндзом канонікам Генадзем Рэйшалем літургічных календароў. А галоўным падарункам для ўсіх, безумоўна, стаў запамінальны вечар з нагоды свята Змёртвыхпаўстання Пана.

 

Абноўлена 12.04.2024 17:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.