Пошук

16.04.2018 14:03   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

18 красавіка ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены адбудзецца прэзентацыя фотаальбома Валерыя Вядрэнкі «Містэрыі Гервятаў», які ўбачыў свет у сталічным выдавецтве «Тэхналогія».

У альбом увайшлі працы, створаныя фотамастаком у 2008–2013 гадах. Гэта дакументальныя фотаздымкі рэстаўрацыі і выгляду касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах ў розныя поры года; фасады і інтэр’еры, стылізаваныя пад фотагравюры канца XIX – пачатку XX стагоддзя; фотапластычныя кампазіцыі на тэмы Евангелля. Асобную частку складае рэпартаж пра святкаванне Вялікадня 23–24 красавіка 2011 года.

Валерый прысвяціў свой фотаальбом памяці шматгадовага пробашча касцёла Найсвяцейшай Тройцы ў Гервятах кс. Леаніда Несцюка, які адышоў у вечнасць 24 сакавіка мінулага года.

«Ён [кс. Леанід] неаднойчы казаў, што ў аднаўленні касцёла ўнёсак тутэйшых жыхароў быў самым важкім і вызначальным. І гэта стала галоўным матывам стварэння апошняй часткі альбома», — дзеліцца ўспамінамі яго аўтар.

Змешчаныя ў кнізе фотаздымкі, паводле словаў мастака, перадаюць непаўторную і натхняльную моц архітэктуры святыні, напаўняюць пачуццём гонару за высокі ўзор стылю і дасканалы вобраз увасобленай у ёй веры, нагадваюць пра веліч мінуўшчыны і даюць надзею на адраджэнне.

У межах прэзентацыі запланаваны таксама паказ фотафільма «Апосталы Гервятаў» — своеасаблівага «кіно ў дзвюхмернай прасторы», створанага, каб яшчэ глыбей перадаць эмоцыі, якія ўзнікаюць падчас наведвання гервяцкай святыні.

Прэзентацыя фотаальбома Валерыя Вядрэнкі «Містэрыі Гервятаў» распачнецца а 18-й гадзіне (пасля святой Імшы) у зале на цокальным паверсе касцёла св. Сымона і св. Алены. Запрашаем усіх жадаючых.

Валерый (Валер) Вядрэнка — беларускі фатограф, фотакрытык, мастак. Нарадзіўся 19 жніўня 1956 г. Каля 40 гадоў займаецца фатаграфічнай дзейнасцю, аднак у розныя перыяды творчага жыцця займаўся таксама жывапісам, скульптурай і кіно. Вялікая частка фотапрац створана на мяжы фатаграфіі і выяўленчага мастацтва. Лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, удзельнік калектыўных і персанальных выставаў. Творы знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным гістарычным музеі Республікі Беларусь, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, Дзяржаўным гістарычна-культурным запаведніку «Заслаўе», Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры, у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Іспаніі, ЗША. Аўтар фотаальбома «Лошыцкі дыярыуш».

Абноўлена 16.04.2018 22:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа