6 мая ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе прайшла чарговая сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі розных касцёльных рухаў і вялікая колькасць дзяцей.
Адметнасцю майскай сустрэчы ў Будславе стала адмысловая інтэрактыўная праграма для дзяцей, якую сумесна падрыхтавалі ўдзельнікамі рухаў «Сужэнскiя сустрэчы» i Equipes Notre-Dame.
Пад чулым і задорным кіраўніцтвам аніматараў-энтузіястаў Аліны і Максіма Угорычаў дзеці розных узростаў у форме гульні на адкрытым паветры пазнаёміліся з асаблівасцямі набажэнства першых субот, прысвечанага ўшанаванню і перапрашэнню за знявагі Беззаганнага Сэрца Маці Божай.
Маленькім удзельнікам сустрэчы было прапанавана прайсці квэст, у якім яны выконвалі розныя заданні для таго, каб знайсці ключ ад куфэрку са скарбам. Паспяхова справіўшыся з усімі заданнямі, з воклічам «Няхай Сэрца Марыі пераможа» дзеці прыйшлі ў касцёл, дзе быў адчынены куфэрак. У ім аказаліся цудоўныя медалікі Маці Божай, якія біскуп Касабуцкі благаславіў і ўручыў кожнаму дзіцяці.
Адчуць атмасферу, у якой адбывалася дзіцячая інтэрактыўная праграма ў Будславе, дапаможа спецыяльны фотарэпартаж Алены Бобр.
Іншыя здымкі аўтара з майскай сустрэчы ў Будславе — на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.