Пошук

08.05.2023 13:33   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Леанід Юрык / Catholic.by
Фота Алены Бобр

6 мая, у першую суботу месяца, асаблівым чынам прысвечанага ў Касцёле Панне Марыі, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе прайшла чарговая сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза.

Майская малітоўная сустрэча сабрала каля Маці Божай Будслаўскай прадстаўнікоў розных касцёльных рухаў з усёй Беларусi і асабліва шмат дзяцей.

У Нацыянальны санктуарый прыбылі ўдзельнікі «Сужэнскiх сустрэч» i руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, супольнасці «Хатні Касцёл» руху «Святло Жыццё» і Шанштацкага руху, рухаў «Маці ў малітве» і «Легіёна Марыі», Нэакатэхуменальнага шляху і Факаляраў, Апостальства дапамогі душам чысцовым і Апостальскага руху «Маргарытка», а таксама ўдзельнікі скаўцкага руху, «Жывога ружанца» і іншых малітоўных груп. Прадстаўленыя супольнасці былі адлюстраваны на вялікім банеры, усталяваным перад святыняй, з надпісам: «Усе мы ідзем рознымі сцяжынкамі, але ў адным кірунку — да Неба».

У якасці прадстаўнікоў рухаў у санктуарыі зарэгістравалася 581 асоба, хоць рэальна прысутнічала ці не ўдвая больш пілігрымаў і мясцовых вернікаў.

Разам з імі перад каранаваным 25 гадоў таму па распараджэнні святога Яна Паўла ІІ цудадзейным абразом маліўся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Перад уваходам у святыню ўдзельнікаў сустрэчы вітаў пробашч будслаўскай парафіі ксёндз Дзмітрый Дубовік.

Распачалася сустрэча традыцыйным Фацімскім ружанцам, які правялі ўдзельнікі руху «Легіён Марыі», а тым часам святары, сярод якіх было шмат адказных за розныя рухі, а таксама біскуп Касабуцкі, служылі ў канфесіяналах сакрамэнтам паяднання. Ахвотных прыступіць да споведзі ў Нацыянальным санктуарыі было так шмат, што і падчас, і пасля Імшы частка святароў працягвала спавядаць. Адказным за арганізацыю споведзі на сустрэчы быў ксёндз канонік Францішак Рудзь, пробашч парафіі Маці Божай Будслаўскай у Мінску.

На пачатку святой Імшы біскуп Касабуцкі прывітаў усіх сабраных прадстаўнікоў рухаў і прысутнае духавенства, у тым ліку Апостальскага адміністратара католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека.

Іерарх згадаў словы Хрыста пра тое, што «дзе двое або трое сабраліся ў імя Маё, там і Я сярод іх».

У прамоўленай гаміліі біскуп падкрэсліў сутнасць Касцёла як «супольнасці супольнасцяў», нагадаўшы вучэнне Другога Ватыканскага Сабору пра тое, што «Богу спадабалася асвячаць і збаўляць людзей не паасобку, выключыўшы ўсякую ўзаемасувязь паміж імі, а ўтварыць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і свята служыў Яму».

Біскуп Касабуцкі заўважыў, што ўсе рухі і супольнасці, якія існуюць у Касцёле, ва ўсёй іх разнастайнасці пакліканы служыць адной мэце: справе абвяшчэння і пашырэння Божага Валадарства. Па словах іерарха, прадстаўнікоў усіх рухаў, сабраных у Будславе, аб’яднала таксама адна вялікая любоў і пашана да Марыі, Маці Збаўцы і Маці Касцёла.

Бачным знакам адзінства ўсіх у Хрысце стаў прынесены ў працэсіі з дарамі плод граната, і невыпадкова: на цудадзейным абразе Маці Божай Будслаўскай Дзіцятка Езус, якога Марыя трымае на руках, у сваёй дзіцячай далоньцы сціскае гранат — сімвал Касцёла.

Як зярняткі, шчыльна з’яднаныя ў гэтым плодзе, утвараюць адно цэлае, так і паасобныя вернікі ўсе разам складаюць адно Містычнае Цела Хрыста.

Непасрэдна пасля Імшы духавенства на чале з біскупам Касабуцкім у працэсіі прайшло да бочнай капліцы святога Францішка, дзе адбылося благаслаўленне невялікай мемарыяльнай дошкі ў памяць пра шматгадовага кусташа Будслаўскага санктуарыя айца Віктара Бурлаку OFM, які адышоў у вечнасць у лютым мінулага года.

Пасля кароткага перапынку на пасілак, удзельнікі сустрэчы зноў сабраліся ў базыліцы, каб паслухаць канферэнцыю, якую прамовіў ксёндз Андрэй Лысы з законніцкай супольнасці хрыстусоўцаў.

У сваім настаўленні святар звярнуў увагу на важнасць існавання ў Касцёле розных рухаў для больш плённай рэалізацыі яго місіі, а таксама асцярог ад некаторых небяспек, якія могуць крыцца нават у такой добрай справе.

Так, ксёндз Андрэй адзначыў, што ўдзел у руху не вызваляе чалавека ад яго галоўных абавязкаў, якія той мае ў сям’і, у адносінах да сваіх блізкіх, і ніякім чынам не можа быць апраўданнем занядбання ў гэтай сферы. Хрыстусовец дадаў, што дзейнасць розных рухаў і супольнасцяў не можа парушаць духу адзінства ў Касцёле і весці да «сектанцтва», маючы на ўвазе адасабленне ўдзельнікаў розных груп ад іншых вернікаў.

У той час, як дарослыя слухалі змястоўную канферэнцыю, а пасля яе заканчэння ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, разважанні да якой падрыхтавалі прадстаўнікі руху Факаляраў, маленькія бавіліся па сваёй праграме, падрыхтаванай для іх удзельнікамі рухаў «Сужэнскiя сустрэчы» i Equipes Notre-Dame.

Пад чулым і задорным кіраўніцтвам аніматараў-энтузіястаў Аліны і Максіма Угорычаў дзеці розных узростаў у інтэрактыўнай форме гульні пазнаёміліся з асаблівасцямі набажэнства першых субот, прысвечанага ўшанаванню і перапрашэнню за знявагі Беззаганнага Сэрца Маці Божай.

Ім было прапанавана прайсці квэст, у якім яны выконвалі розныя заданні для таго, каб знайсці ключ ад куфэрку са скарбам. Паспяхова справіўшыся з усімі заданнямі, з воклічам «Няхай Сэрца Марыі пераможа» дзеці прыйшлі ў касцёл, дзе быў адкрыты куфэрак. У ім аказаліся цудоўныя медалікі Маці Божай, якія біскуп Касабуцкі благаславіў і ўручыў кожнаму дзіцяці.

На заканчэнне іерарх падзякаваў усім, хто нейкім чынам прычыніўся да арганізацыі і правядзення майскай сустрэчы, асабліва падкрэсліўшы ролю прадстаўніцы руху Факаляраў Людмілы Платавай, а таксама ўзгадаўшы кіраўнікоў і прадстаўнікоў усіх рухаў, што ўзялі ў ёй удзел.

Асобную падзяку біскуп Юрый Касабуцкі скіраваў хору з маладзечанскай парафіі святога Казіміра пад кіраўніцтвам Дамінікі Гулевіч, які сваім спевам аздобіў літургію.

Завяршылася сустрэча благаслаўленнем, пасля якога ўдзельнікі не спяшаліся вяртацца дадому, але яшчэ доўга размаўлялі паміж сабою і з біскупам Юрыем, а таксама рабілі здымкі на памяць.

Абноўлена 09.05.2023 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця