Пошук

06.05.2023 19:38   Catholic.by

6 мая, на заканчэнне святой Імшы з удзелам прадстаўнікоў касцёльных рухаў, якая цэлебравалася ў Нацыянальным санктуарыі ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да юбілею 25-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, адбылося благаслаўленне мемарыяльнай дошкі ў памяць пра шматгадовага кусташа санктуарыя айца Віктара Бурлаку OFM.

Мемарыяльную дошку благаславіў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Невялікая мемарыяльная дошка з металу была ўсталявана ў бочнай капліцы будслаўскай базылікі, дзе размешчаны алтар святога Францішка. Уверсе на ёй змешчаны францішканскі герб, а ніжэй тэкст наступнага зместу:

«Памяці айца Віктара Бурлакі OFM, які ў гэтым касцёле служыў Богу і людзям у 2002–2018 гадах. Адышоў у вечнасць 9 лютага 2022 года. Просьба аб малітве за памерлага — Тваёй абароне аддаемся…»

Ушанаванне памяці спачылага святара адбылося па ініцыятыве мясцовых вернікаў на чале з наступнікам айца Віктара ксяндзом Дзмітрыем Дубовікам, цяперашнім будслаўскім пробашчам.

Ілля (манаскае імя Віктар) Бурлака нарадзіўся 16 лютага 1974 года ў вёсцы Розкіш Шаргарадскага раёна Вінніцкай вобласці ва Украіне.

6 верасня 1992 года ўступіў у ордэн бэрнардынаў, дзе праз год прынёс першыя манаскія абяцанні. 3 мая 2000 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго на працягу года нёс служэнне ў Шаргарадзе. У 2002 годзе прыехаў у Беларусь, дзе нёс служэнне ў Будславе. З 2005 года быў кусташам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай. 26 жніўня 2018 года завяршыў сваё служэнне ў Беларусі і працягнуў яго ў бэрнардынскім кляштары ў Збаражы, што на Цярнопальшчыне ва Украіне, у 2019 годзе выехаў у Італію, дзе правёў два гады ў кляштары святога Себасцьяна ў Б’елла. У пазамінулым годзе вярнуўся на радзіму, у бэрнардынскі кляштар у Шаргарадзе, дзе адышоў у вечнасць 9 лютага 2022 года пасля цяжкай хваробы. Пахаванне спачылага святара адбылося 11 лютага мінулага года на яго радзіме ў Шаргарадзе, што ва Украіне.

Айцец Віктар, большая частка святарскага жыцця якога прайшла ў Беларусі, не дажыў тыдня да свайго 48-а дня нараджэння.

Абноўлена 06.05.2023 19:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця