Пошук

28.03.2018 22:21   Фота: Кацярына Адамчык / Catholic.by

У Вялікую сераду, 28 сакавіка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узяў удзел у набажэнстве Крыжовага шляху на Залатой Горцы, пасля чаго цэлебраваў святую Імшу ў інтэнцыі ахвяраў пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў расійскім Кемераве.

Набажэнства Крыжовага шляху прайшло на цвінтары перад касцёлам Найсвяцейшай Тройцы.

Падчас Імшы арцыбіскуп памаліўся аб вечным супакоі для загінулых, здароўі для параненых і Божым суцяшэнні для ўсіх, каго балюча закранула кемераўская трагедыя.

У гаміліі, разважаючы над чытаннямі Вялікай серады, іерарх адзначыў, што яны непасрэдна ўводзяць у Пасхальную таямніцу нашага адкуплення.

«Д’ябал ніколі не адпачывае і заўсёды спакушае. Калі ён адважыўся спакушаць Езуса ў пустыні, то што казаць пра простага чалавека. Яго выбар упаў на апостала Юду, які згадзіўся за 30 сярэбранікаў здрадзіць Езусу», — сказаў Мітрапаліт.

«Напэўна, можна шукаць матываў здрады Юды і абвінавачваць яго. Аднак замест гэтага лепш зрабіць свой асабісты рахунак сумлення, бо хто з нас без граху? — дадаў іерарх. — Таму, маючы перад вачыма гісторыю падзення апостала Юды, неабходна спытаць саміх сябе: ці заўсёды мы застаёмся вернымі Богу і нашаму хрысціянскаму пакліканню? Ці не маем патрэбу ў ласцы навяртання?

Гісторыя Юды — гэта выцверажальная лекцыя кожнаму з нас не адракацца Бога, бо без Яго не да парога. Інакш можам скончыць так, як скончыў Юда, які адабраў у сябе жыццё».

Як адзначыў арцыбіскуп, гэтае набажэнства — таксама добрая нагода памаліцца за тых, хто скончыў жыццё суіцыдам.

«Іх колькасць расце, асабліва сярод моладзі і нават дзяцей, якія несвядома праз інтэрнэт уваходзяць у так званыя «групы смерці». Неабходна маліцца ў іх інтэнцыі, бо не ведаем, якім быў іх апошні момант жыцця: можа, яны шчыра шкадавалі і прасілі ў Бога прабачэння. Неабходна маліцца і ў інтэнцыі тых, хто змагаецца з падобнымі спакусамі», — нагадаў іерарх.

Кажучы пра трагедыю ў Кемераве, дзе ў выніку пажару загінула больш за 60 чалавек, з якіх больш за 40 — дзеці, Мітрапаліт заўважыў: «Іх цярпенні дапаўняюць цярпенні Хрыста, аб якіх мы разважаем падчас Вялікага тыдня».

Тэкст гаміліі цалкам чытайце ТУТ>>>

Ні ў чым не вінаватыя людзі згарэлі зажыва. Хто вінаваты? Чаму так здарылася? Чалавечы фактар ці няспраўная тэхніка? Чаму так магло здарыцца ў XXI стагоддзі?

«Гэтыя і падобныя пытанні ўзнікаюць сёння. Мы не маем на іх адказу. Але і нават самы падрабязны адказ не верне жыцця загінулым. Але ён патрэбны, бо неабходна рабіць высновы, каб падобнае не паўтарылася. Усё, што мы можам зрабіць у гэтым выпадку, — гэта маліцца аб вечным супакоі для загінулых, выздараўленні для пацярпелых і Божым суцяшэнні для ўсіх, каго балюча закранула гэтая трагедыя».

«Прыказка кажа, што няма таго зла, якое не выйшла б на дабро. Вельмі добра аб гэтым сведчыць Пасхальная таямніца Езуса Хрыста. Езус сказаў пра апостала Юду, што лепей было б яму не нарадзіцца. Але адначасова дадаў, што Сын Чалавечы ідзе шляхам, вызначаным Яму Богам. Здрада Юды была ўпісана ў гісторыю збаўлення, таксама як і грэх Адама, аб якім Касцёл успамінае падчас Пасхальнай вігіліі як аб шчаслівай віне», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

«Мы ніколі не ведаем, у якое дабро Бог можа перамяніць зло. Акрамя таго, неабходна вучыцца на памылках, бо памылка можа стаць благаслаўленнем, калі з яе зробім адпаведныя высновы, — падкрэсліў Мітрапаліт Кандрусевіч. — Таму сёння, разважаючы аб таямніцы нашага збаўлення, у якую ўпісалася здрада блізкага чалавека і бязмежная любоў Бога, даверымся Яму, а Ён зло нашага жыцця пераменіць у дабро».

Абноўлена 28.03.2018 22:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця