Пошук

28.03.2018 19:09   Catholic.by

Мінск, 28 сакавіка 2018 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Пасля Пальмовай нядзелі, калі мы разважалі аб урачыстым уваходзе Езуса ў Ерузалем і Яго крыжовай смерці, распачаўся Вялікі тыдзень, падчас якога мы канцэнтруем нашу ўвагу на разважаннях Пасхальнай таямніцы смерці і ўваскрасення Езуса, дзякуючы якой мы былі збаўлены з палону граху і сталі выбранымі Божымі дзецьмі.

Чытанні, якія Касцёл прапануе нашай увазе на Вялікую сераду, уводзяць нас непасрэдна ў Пасхальную таямніцу нашага адкуплення. Адным з пратаганістаў сённяшняга Евангелля з‘яўляецца адзін з вучняў Езуса – апостал Юда. Бог адарыў яго шматлікімі здольнасцямі. Ён быў разумны і таленавіты. Цешыўся аўтарытэтам сярод іншых апосталаў да такой ступені, што яны абралі яго сваім скарбнікам.

Аднак яго гісторыя паказвае, што «не кажы “гоп”, пакуль не пераскочыш», і «не хвалі дня без вечара». Калі прыйшоў момант выпрабавання, то Юда аказаўся ненадзейным і нават стаў здраднікам.

Д’ябал ніколі не адпачывае і заўсёды спакушае. Калі ён адважыўся спакушаць Езуса ў пустыні, то што казаць пра простага чалавека. Яго выбар упаў на апостала Юду, які згадзіўся за 30 сярэбранікаў здрадзіць Езусу, якога габрэі імкнуліся арыштаваць і забіць.

2. Напэўна, можна шукаць матываў здрады Юды і абвінавачваць яго. Аднак замест гэтага лепш зрабіць свой асабісты рахунак сумлення, бо хто з нас без граху? Тым больш, што Езус кажа: «Не судзіце, і самі не будзеце асуджаныя». Папа Францішак задаецца пытаннем: «Хто ж я такі, каб судзіць іншага?»

Так, права судзіць іншага чалавека належыць толькі Богу. Таму, маючы перад вачыма гісторыю падзення апостала Юды, неабходна спытаць саміх сябе: ці заўсёды мы застаёмся вернымі Богу і нашаму хрысціянскаму пакліканню? Ці не маем патрэбу ў ласцы навяртання? Гісторыя Юды – гэта выцверажальная лекцыя кожнаму з нас не адракацца Бога, бо без Яго не да парога. Інакш можам скончыць так, як скончыў Юда, які адабраў у сябе жыццё.

3. Сённяшняе набажэнства – гэта таксама добрая нагода памаліцца за тых, хто скончыў сваё жыццё суіцыдам. Іх колькасць расце, асабліва сярод моладзі і нават дзяцей, якія несвядома праз інтэрнэт уваходзяць у так званыя «групы смерці».

Неабходна маліцца ў іх інтэнцыі, бо не ведаем, якім быў іх апошні момант жыцця: можа, яны шчыра шкадавалі і прасілі ў Бога прабачэння. Неабходна маліцца і ў інтэнцыі тых, хто змагаецца з падобнымі спакусамі. Нам неабходна стаць добрымі самаранамі, якія схіляюцца над тымі, хто патрабуе не толькі матэрыяльнай, але і духоўнай дапамогі.

Асаблівым чынам падчас гэтай святой Імшы молімся ў інтэнцыі ахвяр у расійскім горадзе Кемерава, дзе ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў выніку пажару загінула больш за 60 чалавек, з якіх больш за 40 – гэта дзеці. Іх цярпенні дапаўняюць цярпенні Хрыста, аб якіх мы разважаем падчас Вялікага тыдня.

Ні ў чым не вінаватыя людзі згарэлі зажыва. Хто вінаваты? Чаму так здарылася? Чалавечы фактар ці няспраўная тэхніка? Чаму так магло здарыцца ў XXI стагоддзі?

Гэтыя і падобныя пытанні ўзнікаюць сёння. Мы не маем на іх адказу. Але і нават самы падрабязны адказ не верне жыцця загінулым. Але ён патрэбны, бо неабходна рабіць высновы, каб падобнае не паўтарылася. Усё, што мы можам зрабіць у гэтым выпадку, – гэта маліцца аб вечным супакоі для загінулых, выздараўленні для пацярпелых і Божым суцяшэнні для ўсіх, каго балюча закранула гэтая трагедыя.

4. Праўда аб здрадзе Юды, як і праўда аб трагедыі ў Кемераве, не з’яўляецца выгоднай, бо Езусу здрадзіў адзін з Яго вучняў. Аднак Касцёл ужо з першых часоў свайго існавання не занядбоўваў яе. Аб гэтым вельмі вымоўна сведчыць сённяшняе Евангелле. Езус са смуткам кажа, што Яму здрадзіць той, хто разам з Ім спажывае ежу. Не трэба доўга тлумачыць, што за адным сталом сядзяць аднадумцы і самыя блізкія асобы.

Не выключана, што і мы перажылі ці, можа, перажываем нешта падобнае. Мы даверылі нейкую таямніцу блізкаму чалавеку, а ён усё распавёў іншым. Такі ўчынак мы называем здрадай.

5. Аднак падзеі, якія наступілі пасля здрады Езуса – крыж і ўваскрасенне, – сведчаць аб тым, што здрада не мае апошняга слова. Яно належыць Богу. Уваскрашаючы свайго Сына з памерлых, Бог сказаў апошняе слова.

Прыказка кажа, што няма таго зла, якое не выйшла б на дабро. Вельмі добра аб гэтым сведчыць Пасхальная таямніца Езуса Хрыста. Езус сказаў пра апостала Юду, што лепей было б яму не нарадзіцца. Але адначасова дадаў, што Сын Чалавечы ідзе шляхам, вызначаным Яму Богам. Здрада Юды была ўпісана ў гісторыю збаўлення, таксама як і грэх Адама, аб якім Касцёл успамінае падчас Пасхальнай вігіліі як аб шчаслівай віне.

Мы ніколі не ведаем, у якое дабро Бог можа перамяніць зло. Акрамя таго, неабходна вучыцца на памылках, бо памылка можа стаць благаслаўленнем, калі з яе зробім адпаведныя высновы.

Таму сёння, разважаючы аб таямніцы нашага збаўлення, у якую ўпісалася здрада блізкага чалавека і бязмежная любоў Бога, даверымся Яму, а Ён зло нашага жыцця пераменіць у дабро. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця