Пошук

10.03.2018 12:13   Тэкст: Кацярына Дурко / Фота: Святлана Лабковіч / Catholic.by

У ноч з 9 на 10 сакавіка ў Мінску прайшло велікапоснае чуванне моладзі. Яно было прысвечана тэме «Навяртайцеся і верце ў Евангелле».

Удзельнікі, якія ў гэтую ноч сабраліся ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, адгукнуліся на ініцыятыву папы Францішка і далучыліся да акцыі «24 гадзіны для Пана».

Літургію, якой распачалася праграма чування, у свой дзень нараджэння ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр. Канцэлебравалі святую Імшу Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.


У сваёй гаміліі арцыбіскуп Пінтэр закрануў тэму плённага перажывання Вялікага посту: «Запытайся ў сябе: што значыць пост у гэтым годзе? Навошта я гэта раблю? Чаго я жадаю дасягнуць? Як пост уплывае на мае адносіны з Богам, з самім сабой, з іншымі людзьмі сёння? Зрабі тое самае адносна малітвы і міласціны».

Апостальскі Нунцый працытаваў адну з прамоў папы Францішка да моладзі: «Колькім маладым хлопцам і дзяўчатам навязваюцца зманлівыя "лекі" наркотыкаў, аднаразовых адносін "пакарыстайся і выкінь", лёгкіх, але несумленных заробкаў!

(...) Мы павінны навучыцца не затрымлівацца на павярхоўным, але ўмець адрозніваць тое, што пакідае ў нас добры след, што паходзіць ад Бога і што сапраўды важна для нашага дабра».

«Народная мудрасць кажа, што дрэва пазнаецца па пладах. Зазірнуўшы ва ўласнае сэрца, асветленае Словам Божым і разважаннямі папы Францішка, запытайся ў самога сябе: якія плады майго жыцця? Гэта плады, у якіх можна ўбачыць любоў і братэрства ці эгаізм і самадастатковасць?» — дадаў Апостальскі Нунцый.

«Папа прапануе канкрэтныя крокі, дзякуючы якім кожны можа ўзрасці ў любові, а менавіта — пост, малітва і міласціна, — нагадаў іерарх. — Са свайго боку хачу звярнуць вашу ўвагу на свядомасць, з якой мы карыстаемся гэтымі інструментамі — гэтымі традыцыйнымі парадамі, якія кожны год прапануе нам Касцёл.

Пачуўшы гэтыя словы, хтосьці можа падумаць: "Зноў пра тое, што я і так добра ведаю". Менавіта тут і ёсць памылка. Табе здаецца, што ты іх добра ведаеш. Аднак адзін аспект часта застаецца без увагі. Ты добра ведаеш іх назву, але не значэнне гэтых інструментаў для цябе сёння».

Арцыбіскуп Габар Пінтэр распавёў моладзі пра «формулу святасці», якую прапанаваў Дамініку Савіо святы Ян Боско.

Паводле гэтай формулы, «першае — гэта весялосць»: гаворка ідзе «не пра весялосць неразважлівую, а пра сапраўдную радасць». Другое — «выкананне абавязкаў у вучобе і ў набожнасці». І трэцяе — «рабіць дабро іншым».

Пасля Імшы мы папрасілі моладзь падзяліцца сваімі думкамі наконт плёнаў чування і адказаць на пытанне: «Чым для вас з’яўляецца традыцыйнае моладзевае чуванне?»

Анастасія Вайцяховіч, парафія Св. Мікалая, г.п. Свір

Гэта маё 10-е начное чуванне. Для мяне яно найперш час ціхай малітвы. Тут я адчуваю еднасць з Богам і еднасць з сабранай разам моладдзю.

У такія моманты складваецца адчуванне, што ты не адзін і што нехта мае ў табе патрэбу, такую ж, як і ты.

А пасля чування застаецца «ежа» для разважання, чыстае сэрца і новыя знаёмствы.


Вікторыя Кезік, парафія Узвышэння Святога Крыжа, г. Вілейка

На начным чуванні я чацвёрты ці пяты раз. Еду сюды, каб умацавацца. Кожнага з нас можна параўнаць з вогнішчам, у якое час ад часу трэба падкідваць дровы, каб не згасла. Чуванне — гэта добрая крыніца, якая дае «дровы» мудрасці, каб разгарэцца яшчэ мацней.

Цудоўна, што такія чуванні праводзяцца перад найбольшымі хрысціянскімі святамі і дапамагаюць углыбіцца ў іх таямніцу. Дзіўна, што кожны год гэта перажываецца па-рознаму, але заўсёды плённа і карысна. Адчуваю сябе пасля чування адноўленай.

На гэтым чуванні мяне ўразіла, што на працягу дня і ночы святары спавядалі. Па сабе ведаю, што часам цяжка зрабіць крок да канфесіянала, таму цудоўна, што святары сядзелі і чакалі.


Ксенія Русава, парафія Маці Божай Каралевы Сусвету, г. Жлобін

Раней я ўдзельнічала ў моладзевых чуваннях, але ніколі раней не заставалася да самага канца. Гэта першы раз, калі я засталася чуваць да раніцы з мэтай плённай малітвы.

Для мяне чуванне, па-першае, — гэта магчымасць глыбокай і доўгай па працягласці і перажыванні сустрэчы з Богам.

Па-другое, гэта цудоўная магчымасць сустрэцца з добрымі знаёмымі з іншых парафій і гарадоў. Па-трэцяе, гэта праверка сябе на трываласць і вернасць. Вельмі добра, што чуванні аб’ядноўваюць разам моладзь, таму ў малітвах і разважаннях можна пачуць менавіта тое, што турбуе і датычыць маладых людзей.


Уладзіслава Маскаленка, найменшая ўдзельніца з групы парафіі Св. Мікалая, г.п. Свір

Я ўпершыню ўдзельнічаю ў начным чуванні.

Мне вельмі спадабаліся тыя разважанні і малітвы, якія я пачула.

Цяжка сказаць цяпер, чым яно мне дапаможа ў будучыні, але я ўпэўнена, што кожны наступны раз, будучы на такіх мерапрыемствах, я буду больш паглыбляць веру і любоў да Бога.


Вікторыя Радзюкевіч, парафія Св. Яна Хрысціцеля, г. Мінск

Такая форма малітвы чуваннем для мяне не новая. Кожную першую пятніцу месяца ў нашай парафіі ў Серабранцы арганізоўваюць начное чуванне. Такая малітва для мяне — гэта крыніца сіл, каб «зарадзіцца» на ўвесь месяц.

У штодзённым жыцці не заўсёды лёгка знайсці час на малітву, а чуванне — гэта магчымасць, каб адарвацца ад штодзённасці і паразважаць над сваім жыццём. З кожнага чування я выходжу не пустая, імкнуся заўсёды ўзяць штосьці для свайго духоўнага ўзрастання.


Мар’ян Васілеўскі, парафія Св. Мікалая, г.п. Свір

Я ўжо чацвёрты раз прыязджаю на моладзевае чуванне ў Мінск. Начное чуванне для мяне — гэта не проста час, калі збіраецца ўся моладзь.

Для мяне гэта гадзіны, калі можна паразмаўляць з Богам, папрасіць дапамогі, шчыра памаліцца.

Гэта малітва неабходна для таго, каб пакінуць усе свае турботы за дзвярыма катэдры.


Чуванне працягнулася малітвай Крыжовага шляху, адарацыяй і тэматычнымі разважаннямі.

Завяршылася чуванне на світанні спевам Песняў жальбы і благаслаўленнем.

Абноўлена 10.03.2018 17:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.