Сустрэча біскупаў Беларусі са Святым Айцом, якая адбылася 1 лютага ў межах візіту ad limina Apostolorum, была прасякнутая клопатам папы Францішка пра Касцёл у Беларусі.
У каментарыі Grodnensis.by дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі распавёў пра свае ўражанні ад сустрэчы.
«Кожны мог выказацца. Мы размаўлялі адной мовай — мовай клопату пра Касцёл у нашай краіне, — адзначыў біскуп Юзаф Станеўскі. — Было яскрава бачна, што для Папы важны найперш чалавек, каб той знайшоў праз наша служэнне шлях да Пана Бога; каб мог стаць бліжэй да Яго — бліжэй да дабрыні; каб дзяліўся гэтай дабрынёй з іншымі так, каб сённяшні збунтаваны свет быў больш чалавечым».
- Ad limina: Папа здзіўлены сітуацыяй з замежнымі святарамі ў Беларусі
- Ад апостала Пятра — да Пятра нашага часу. Другі дзень візіту Ad limina Apostolorum біскупаў з Беларусі
Паводле слоў іерарха, Святы Айцец цікавіўся сучасным пакаленнем маладых людзей, а таксама тым, якім чынам вядзецца для іх душпастырства.
«Я адзначыў, што мы стараемся выходзіць да маладых людзей, шукаць іх, а таксама ўскладаем вялікую надзею на тую моладзь, якая ёсць у Касцёле. Нам вельмі важна, каб яны былі як апосталы для сваіх аднагодкаў. Мы ўсведамляем, што, калі малады звяртаецца да маладога, гэтае слова хутчэй і лягчэй дасягае яго, тады няма ніякага бар’еру», — расказаў біскуп Станеўскі.
Сустрэча доўжылася дзве з паловай гадзіны. Біскупы разам з Папам прамовілі малітву, а на заканчэнне атрымалі апостальскае благаслаўленне, якое было ўдзелена ім і ўсім вернікам Касцёла ў Беларусі.
«Мы вельмі шчаслівыя, што маглі сустрэцца з Папам. У гэты час мы адчувалі сябе так, як апосталы побач з Хрыстом, калі маглі пытацца Святога Айца і дзяліцца з ім тым, чым жыве наш Касцёл у Беларусі», — падсумаваў іерарх.