Пошук

01.02.2018 14:06   Паводле: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч / Фота: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё / Catholic.by

Другі дзень візіту ad limina Apostolorum беларускага епіскапату распачаўся святой Імшой на магіле апостала Пятра ў пячорах старажытнага рымскага некропаля пад Ватыканскай базылікай — у самым сэрцы заходняга хрысціянства.

Эўхарыстыю, у якой прынялі ўдзел таксама члены супольнасці «Каштоўная пярліна», узначаліў старшыня ККББ арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваёй гаміліі іерарх падкрэсліў глыбокую духоўную сімвалічнасць гэтай падзеі, бо менавіта пасля Імшы на месцы пахавання князя апосталаў св. Пятра — першага Папы Рымскага — адбылася сустрэча наступнікаў апосталаў з Беларусі з папам Францішкам — Пятром нашага часу. Затым арцыбіскуп Кандрусевіч запрасіў сваіх сабратоў засяродзіцца на асобе св. Пятра ў кантэксце сучаснасці.

«Пётр быў простым рыбаком, які ведаў толькі тое, як і дзе лепш лавіць рыбу. Ці такі просты і малаадукаваны чалавек мог стаць апосталам? Па-чалавечы гэта немагчыма. Аднак яго гісторыя паказвае, што ў Бога — усё магчыма».

Пасля таго, як Андрэй, які першы сустрэў Езуса, прывёў да Яго свайго малодшага брата Пятра, Езус сказаў яму, што з гэтага часу ён стане «рыбаком людзей». Так і сталася, хоць на гэтым шляху Пятру давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні. Першым з іх было вызнанне ягонай веры ў Езуса як у Божага Сына і Месію, пасля чаго Хрыстус устанавіў Пятра каменем, на якім Ён будуе свой Касцёл.

«Гэты камень такі моцны, што сілы пекла яго не перамаглі і не перамогуць, хоць ганенні на Касцёл былі заўсёды і працягваюцца таксама цяпер».

Пётр, якому Езус паабяцаў даць ключы Нябеснага Валадарства, не пакінуў Настаўніка нават тады, калі многія адыходзілі ад Яго: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця» (пар. Ян 6, 68), — сказаў тады ён ад імя ўсіх апосталаў. Але калі Езус быў арыштаваны, Пётр ажно тройчы адрокся ад Яго.

Толькі пасля слёзнага раскаяння і патройнага прызнання ў любові да ўваскрослага Хрыста Пётр атрымаў ад Яго заданне пасці Ягоных авечак, гэта значыць — кіраваць Яго Касцёлам. Езус падтрымліваў Пятра, а той умацоўваў сваіх братоў у веры. І калі пазней тут, у Вечным горадзе, Пётр спрабаваў уцячы ад ганенняў, паводле старажытнага падання ён зноў сустрэў на сваім шляху Езуса.

«Quo vadis, Domine? — „Куды ідзеш, Пане?“ — запытаўся Пётр у Збаўцы.  „У Рым, — адказаў Езус, — каб тут быць яшчэ раз укрыжаваным“. І Пётр вярнуўся. Сваю вернасць Хрысту ён канчаткова пацвердзіў мучаніцкай смерцю на крыжы».

Звяртаючыся да сваіх братоў у біскупстве, старшыня ККББ заўважыў пэўнае падабенства сучасных наступнікаў апосталаў да Пятра і заклікаў задумацца над тым, ці «сваім служэннем, вучэннем і прыкладам мы вызнаем веру ў Езуса як Божага Сына» і ці ва ўласных жыццёвых цяжкасцях «бачым Хрыста, які ідзе ў наш беларускі Рым, каб зноў быць укрыжаваным».

«Нават калі нам цяжка і здаецца, што нічога не атрымліваецца, неабходна разам з Пятром сказаць: „На Тваё слова, Пане, закіну сеткі“ (пар. Лк 5, 5) — і ўлоў будзе цудоўны. Кожнаму з нас неабходна быць на сваім месцы: там, дзе нас паставіў Божы Провід; быць падмуркам мясцовага Касцёла, каб ён умацоўваўся і сапраўды быў сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, каб быў Gaudium et spes — радасцю і надзеяй Беларусі».

На заканчэнне Імшы біскупы ўдзялілі благаслаўленне Беларусі і памаліліся ў цішыні перад грабніцамі св. Пятра, св. Яна Паўла II і св. Язафата Кунцэвіча. Пасля малітвы прадстаўнікі беларускага епіскапату скіраваліся на аўдыенцыю да папы Францішка.

Абноўлена 09.02.2018 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа