Пошук

01.02.2018 17:38   Фота: Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё / Catholic.by

1 лютага ў Ватыкане прайшла сустрэча папы Францішка з каталіцкімі біскупамі Беларусі, якія знаходзяцца ў Апостальскай сталіцы з візітам Ad limina.

Паводле слоў старшыні ККББ арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, сустрэча насіла нефармальны характар і праходзіла даўжэй у параўнанні з візітамі да папярэдніх Пантыфікаў.

Як прайшла сустрэча?

Напачатку старшыня епіскапату прадставіў Папу агульную сітуацыю Касцёла ў Беларусі — дасягненні і праблемы.

Папа Францішак задаваў пытанні паасобным біскупам, адказным за розныя сектары душпастырства: моладзі, сям’і, пакліканняў, фармацыі і жыцця святароў, адносін з дзяржавай і іншымі веравызнаннямі, асабліва з Праваслаўнай Царквой.

 

Занепакоенасць выклікалі ў Пантыфіка цяжкасці з падрыхтоўкай і падпісаннем канкардату паміж Беларуссю і Апостальскім Пасадам.

Разам з тым Святы Айцец паказаў вялікую зацікаўленасць рэлігійным жыццём беларускіх вернікаў і высока ацаніў мясцовыя ініцыятывы ў душпастырстве (дыяцэзіяльныя і агульнабеларускія сустрэчы моладзі, адвэнтавыя і велікапосныя чуванні, пілігрымкі, падрытоўку да сакрамэнту сужэнства, падрыхтоўку сямейных кансультантаў і інш.).

Асобна было абмеркавана магчымасць стварэння ў Касцёле Беларусі новых дыяцэзій.

Напрыканцы сустрэчы біскупы запрасілі Папу ў Беларусь. Пантыфік з энтузіязмам прыняў запрашэнне і сказаў, што яго вельмі цікавіць візіт у нашу краіну.

Як адзначыў Святы Айцец, 2018 год, на жаль, цалкам распісаны, аднак у будучыні такі візіт магчымы.

Беларускія іерархі падарылі Пантыфіку экземпляр перакладу Новага Запавету на беларускую мову і фота біскупаў з Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы на фоне мінскай катэдры.

Паводле слоў Мітрапаліта Кандрусевіча, сустрэча прайшла ў вельмі добрай духоўнай атмасферы, «быццам бацька сям’і сустрэўся са сваімі дзецьмі», і падбадзёрыла беларускіх біскупаў на далейшае служэнне.

Абноўлена 02.02.2018 15:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця