Пошук
08.08.2018 00:00   Ілья Лапато / Catholic.by

З 2018 года музычны фестываль Laudato Si’ у Беразінскім будзе праходзіць у новым фармаце. Ён пашырыць свае межы і стане міжканфесійным фестывалем хрысціянскай культуры: музыкі, танцу, тэатру, кіно і нават кулінарыі.

Пра гэта ў размове з Catholic.by расказаў кс. канонік Сяргей Бараўнёў — пробашч парафіі Божага Цела ў Беразінскім, адзін са стваральнікаў фестывалю, у якім цяпер змогуць прыняць удзел прадстаўнікі ўсіх хрысціянскіх канфесій, якія афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі.

фота Аксаны Ючкавіч

«У 2016 годзе, калі фестываль толькі пачынаўся, мы канцэнтраваліся толькі на музыцы. Сёлета фестываль прадставіць і іншыя сферы — выяўленчае мастацтва, мастацтва спеву, кіно, танец, тэатр, кулінарыю», — дадаў святар.

Што зменіцца?

У гэтым годзе фестываль пройдзе 11 жніўня. Адным з яго цэнтральных пунктаў стане набажэнства за адзінства хрысціянаў. Непасрэдна выступленні ўдзельнікаў і гасцей фестывалю будуць праходзіць на працягу шасці гадзін.

Таксама ў праграме — сустрэча з рэжысёрам Юрыем Гарулёвым, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімірам Бруем; канцэрт арганнай музыкі Віктара Кісценя (Мінск) і Дзмітрыя Лотава (Масква).

На працягу дня ў межах фестывалю будуць экспанавацца кнігі Бібліі з прыватнай калекцыі, а таксама мастацкая выстава Лявона Грышука «Дабраслаўленне».

Арганізатары прапісваюць умовы ўдзелу ў фестывалі і нават склалі яго дэкларацыю.

«Ствараючы гэты фестываль, мы хочам будаваць мост павагі і талерантнасці, мост дыялогу і салідарнасці паміж хрысціянамі розных канфесій праз духоўна-культурныя традыцыі», — гаворыцца ў дакуменце.

Стаўка на прафесійнасць

Дырэктарам фестывалю стаў кампазітар і музыкант Аляксандр Віслаўскі, былы ўдзельнік «Песняроў».

Паводле яго слоў, над фестывалем працуе прафесійная каманда тэхнічных супрацоўнікаў, гукарэжысёраў і аператараў. Сваю зацікаўленасць да фестывалю выказалі некалькі тэлекампаній, а ў рэжыме рэальнага часу Laudato Si’ пакажуць у юцюбе.

У фестываля з’явіцца свой сайт, на якім можна будзе азнаёміцца з палажэннем аб удзеле. Кандыдаты пройдуць адмысловае праслухоўванне.

Падаць сваю заяўку на ўдзел могуць прафесійныя хрысціяскія музыканты (гурты), харавыя і танцавальныя калектывы, мастакі, кулінары і г.д.

«Важна, каб гэта былі не проста хрысціяне, а практыкуючыя вернікі, — адзначыў кс. Сяргей Бараўнёў. — Таму ўдзельнікі фестывалю павінны будуць мець рэкамендацыю святара або пастара».

Арганізатары Laudato Si’ рыхтуюць гімн фестывалю, у якім будзе закладзена ідэя адзінства хрысціянаў, і збіраюцца стварыць міжканфесійны камерны хор.

Праграма ТУТ>>>

Абноўлена 08.08.2018 00:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.