Пошук

11.08.2018 02:07   Тэкст і фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by
Дырэктар фестывалю Аляксандр Віслаўскі

10 жніўня ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне адбылася першая частка міжканфесійнага фестываля хрысціянскай культуры Laudato Si’.

У гэты дзень былі прадстаўлены кінастужкі хрысціянскіх рэжысёраў Юрыя Гарулёва і Сяргея Гараеўскага, а таксама прайшло адкрыццё мастацкай выставы «Дабраслаўленне» Лявона Грышука. Завяршыўся першы дзень фестываля невялікай канцэртнай праграмай.

На адкрыцці міжканфесійнага творчага форуму прысутнічалі пробашч парафіі св. Юзафа ў Маладзечне кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, канонік і дэкан Маладзечанскі, а таксама пробашч парафій у Беразінскім і Палачанах кс. канонік Сяргей Бараўнёў.

      

«У гэтым веліч і прастата хрысціянскай душы»

Юрый Гарулёў, вядомы каталіцкі рэжысёр, паказаў прысутным два дакументальныя фільмы пра людзей з вёскі.

«Гэтыя кінастужкі былі знятыя даўно, але я думаю, што менавіта яны вельмі дарэчы будуць цяпер, на гэтым фестывалі», — адзначыў рэжысёр. «Яны пра простых людзей, што жылі ў вёсках, і, на мой погляд, паказваюць усю прыгажосць простай хрысціянскай душы чалавека», — дадаў Юрый Гарулёў.

Рэжысёр Юрый Гарулёў

Сапраўды, першая кінастужка распавядала пра бабулю з Піншчыны, якая ў пасляваенны час стала вядомай на ўсю ваколіцу фатографам.

«Тады ж не было яшчэ фатографаў, а патрэбныя былі ўсім здымкі на ваенны білет ці на іншыя дакументы. Брат падараваў мне фотаапарат, і я пачала здымаць».

З цягам часу былі ўжо не толькі фотакарткі на ваенныя білеты, але ні адно свята ў вёсцы не абыходзілася без фотаздымкаў. Усім гэта прыносіла вялікую радасць.

«Яна была вельмі паслухмяная і заўсёды рабіла тое, што прасілі», — узгадвалі аднавяскоўцы. А бабуля ў адказ заўважыла з усмешкай: «Усе былі заўсёды вельмі задаволеныя маімі фотаздымкамі, і не было ніводнага чалавека, якому б не спадабалася тое, што я рабіла».

    

Другая кінастужка распавядае пра старога, які ў пасляваенны час моцна захварэў і ўжо падрыхтаваў сабе помнік (тады так было прынята, каб пасля смерці не абцяжарваць гэтымі клопатамі родных), але з цягам часу ён ачуняў і вырашыў паставіць гэты помнік загінулым салдатам.

«Трэба памятаць сваю гісторыю», — казаў галоўны герой і ўсміхнуўся.

Хрысціянскія стужкі на сацыяльную тэматыку

Наступны рэжысёр Сяргей Гараеўскі прыехаў здалёк, ажно з Мазыра. Ягоныя стужкі закраналі сур’ёзную тэматыку: першая была пра аборты, а другая — пра выхад з наркатычнай залежнасці. Абедзве стужкі заснаваныя на рэальных падзеях і таксама нясуць у сабе надзею на светлую будучыню для людзей, якія апынуліся ў цяжкіх абставінах.

      

«Я толькі малілася, каб Бог неяк дапамог», — распавядала маці галоўнага героя кінастужкі ў той час, калі яе сын знаходзіўся ў цяжкой наркатычнай залежнасці і меў намер скончыць жыццё самагубствам. «І сапраўды, Ён пачуў», — усміхаецца старая жанчына з пасівелымі валасамі, а вочы яе зіхацяць ад радасці.

Яе сын сапраўды цудоўным чынам перастаў прымаць наркотыкі і цяпер апякуецца некалькімі рэабілітацыйнымі цэнтрамі ў Беларусі, якія маюць назву «Права на жыццё». Яго імя Аляксандр Авяр’янаў.

Бог мяне сапраўды аздаравіў! 

                

Сапраўды здзівіла прысутных гісторыя і сведчанне мастака Лявона Грышука, які прэзентаваў сваю выставу твораў жывапісу «Дабраслаўленне». Лявон — адзін з ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС. Падчас адкрыцця выставы мастак распавёў пра сябе: «Нас скіравалі ў Чарнобыль пасля выбуху. Мы павінны былі скідваць абломкі з даху рэактара: кожнаму давалася па дзве хвіліны.

Мы спачатку не адчувалі радыяцыі, бо навокал усё было нібы звычайна: такое ж паветра, толькі жудасна пуста. Пустыя кватэры, а ў іх — некранутыя, пакрытыя пылам рэчы…

І вось, калі прыйшла мая чарга, мае дзве хвіліны, я ў звычайных будаўнічых пальчатках хапаў тое, што мог, і кідаў у тую чорную дзірку. Казалі нам у яе не глядзець, але я не стрымаўся, і ўбачыў там унізе такую чорную пустэчу. І хоць было вельмі спякотна, можа, градусаў 30, адтуль павеяла холадам. Не ведаю, можа гэты холад я адчуў толькі душою ці сваім уяўленнем. Тады яшчэ я не быў веруючым чалавекам, але мне здалося, што я ўбачыў пекла.

Мастак Лявон Грышук

Потым усім нам стала кепска: ніякіх лекаў жа ніхто адразу не даваў. Тады адразу неяк ачунялі, а з цягам часу пачалі ўсе моцна хварэць, пастаянна былі ў шпіталях. І вось аднойчы да мяне ў палату прыйшла група маладых людзей, распавялі пра Бога і падаравалі мне Евангелле.

Які ж я рады, што я гэтае Евангелле ўзяў! — распавядаў мастак сваю гісторыю навяртання, а ягоныя вочы ззялі непадробнай радасцю. — Пасля гэтага Бог мяне сапраўды ацаліў і ад маіх хваробаў.

Я казаў маім сябрам, каб яны пачыталі Евангелле, навярнуліся да Бога, бо Ён сапраўды Адзіны, хто можа нам дапамагчы і збавіць. Але, на жаль, яны не згаджаліся. І сёння я адзін з нас усіх застаўся жывым і вельмі шчаслівы! Я вельмі люблю маляваць прыроду, хоць і не стае мне майстэрства. Люблю нашую Беларусь».

«Беларусь уратуецца вераю»

Завяршыўся першы дзень фестываля невялікай канцэртнай праграмай. Удзельнікі з захапленнем слухалі спевы розных выканаўцаў і радаваліся той цёплай і шчырай атмасферы. Было нешта незвычайнае ў гэтых спевах, а менавіта шчырая і жывая любоў да Бога кожнага з выступоўцаў, што вельмі адчувалася.

«Вось што значыць хрысціянскае адзінства: гэта калі мы шчыра праслаўляем Бога разам», — аднадушна адзначалі ўдзельнікі, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Напрыканцы дырэктар фестываля Аляксандр Віслаўскі выканаў песню на словы Рыгора Барадуліна «Беларусь уратуецца вераю», а кс. канонік Сяргей Бараўнёў запрасіў усіх прысутных на наступны дзень - на працяг фестываля ў Беразінскае.

Абноўлена 21.08.2018 21:09
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця