Да 100-гадовага юбілею прысутнасці салезіянаў у Беларусі ідуць здымкі дакументальнага фільма, у якім распавядаецца пра гісторыю служэння паслядоўнікаў святога Яна Боско на нашых землях.
2021 год — юбілейны для Таварыства cв. Францішка Сальскага ў Беларусі. Цэлае стагоддзе салезіяне працуюць на нашых землях. Сёння паслядоўнікі св. Яна Боско нясуць служэнне ў Мінску, Бараўлянах, Смаргоні і Дзятлаве. Іх дзейнасць у Беларусі распачалася не без дапамогі славутага роду Радзівілаў.
У 1921 годзе ў невялікае мястэчка Дварэц, што на Дзятлаўшчыне (Гродзенская вобласць), прыбыў першы салезіянін — кс. Людвіг Гастыла SDB. У падараваным Радзівіламі палацы духоўны сын св. Яна Боско заснаваў сталярную і кравецкую школу для хлопцаў з бедных сем’яў. Тут жа, у Дварцы, быў адкрыты першы ў Беларусі салезіянскі араторый, які стаў для мясцовай моладзі домам, Касцёлам і месцам сустрэч.
Да юбілею прысутнасці салезіянаў у Беларусі ідуць здымкі дакументальнага фільма, у якім распавядаецца пра гісторыю служэння паслядоўнікаў святога Яна Боско на нашых землях.
На сайце sdb.by з'явіўся трэйлер фільма, які пасля заканчэння здымак з’явіцца ў інтэрнэце і будзе паказаны на беларускім тэлебачанні.