Пошук

17.01.2024 10:38   Vatican News / Catholic.by
Фота: famillechretienne.fr

У Ватыкане адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма «Sacerdoce» — «Святарства», які напрыканцы мінулага года пакарыў кінатэатры Францыі. 

Паўтарагадзінная стужка апавядае пра тое, як выглядае жыццё пяці святароў вачыма рэжысёра Дам’ена Буае, які не з’яўляецца католікам, зазначае Польская рэдакцыя парталу Vatican News.

«Я хацеў зразумець, як магчыма, што ў сучасным свеце добра адукаваны чалавек наважваецца на цэлібат і ідзе не ў Google або Apple, а ў Каталіцкі Касцёл, які здаецца чаўном, які тоне»,

— падзяліўся Дам’ен Буае.

41-гадовы рэжысёр любіць складаныя тэмы. Раней ён зняў фільм пра бацькоў, якія аплакваюць смерць дзіцяці. Стужку пра святароў ён успрыняў як чарговы выклік. Яму было проста цікава, што адбываецца ў жыцці гэтых людзей, якія прысутнічаюць сярод нас, але застаюцца невядомымі, як амазонскае племя. Аказалася, што гэтую цікавасць падзялілі і гледачы.

«Думаю, што французаў, ці наогул еўрапейцаў, цікавіць духоўнасць. Яны таксама хацелі б ведаць асобу Хрыста. Самая вялікая праблема, аднак, — гэта стэрэатыпы. Галоўная праблема не ў Богу, а ў Касцёле. Таму я сказаў сабе: а што, калі я раскажу пра жыццё гэтых вернікаў, якія аддалі так шмат сябе? Паглядзіце, які плён гэта прынесла, як змянілася іх жыццё. Мы паглядзелі на жыццё пяці святароў, якія пагадзіліся на формулу «адваротнага канфесіяналу», гэта значыць пагадзіліся адказаць на ўсе пытанні. І гэта больш за ўсё прыцягвае гледачоў, іх шчырасць. Як вернікі яны кажуць праўду, гавораць пра сваю барацьбу, праблемы, радасці і цуды, сведкамі якіх яны з’яўляюцца. Мы ведалі, што зрабілі добры фільм, але яго прыём быў для нас нечаканасцю. Нам здавалася, што гэта вельмі французскі фільм, але сёння ў Ватыкане нам сказалі, што гэта ўніверсальны фільм, бо ён распавядае пра дар сябе; пра тое, што чалавек гатовы страціць, каб даць іншым. Гэта таксама дапамагае людзям прызвычаіцца да святароў, вакол якіх шмат стэрэатыпаў, якіх мы часта проста не ведаем. І менавіта гэта цікава», — патлумачыў рэжысёр.

Дам’ен Буае прызнаецца, што быў здзіўлены тым, што адкрыў падчас стварэння гэтага фільма. «Я не чакаў, што святарства нясе ў сабе такое багацце, — прызнаўся французскі рэжысёр. —

Яны мяне здзівілі узроўнем адказаў і сваёй сумленнасцю. Цэлібат і паслухмянасць найбольш інтрыгуюць, асабліва ў такой краіне свабоды, як Францыя. Усе мы імкнемся да свабоды і не разумеем, чаму малады чалавек з добрай адукацыяй ідзе не ў буйныя карпарацыі, а ў Каталіцкі Касцёл. Гэта здаецца абсурдным. Гэта ставіць пытанне пра свабоду. Хіба свабода не больш, чым нам здаецца?Хрыстус прыйшоў у свет, калі Ізраэль быў у палоне, і амаль ніколі не казаў пра Рым. Сёння нам здаецца, што нашыя галоўныя выклікі — гэта палітыка, экалогія, якія, несумненна, важныя, але ці гэта сапраўдныя абмежаванні, ці з-за гэтага мы не можам знайсці праўдзівае і аўтэнтычнае?» — кажа Дам’ен Буае.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця