Пошук

14.08.2018 02:47   Тэкст і фота: Аляксандра Шчыглінская / Catholic.by

11 жніўня ў Беразінскім прайшоў другі дзень фестывалю Laudato Si’, які завяршыўся вялікім супольным канцэртам. Адметнасцю фестываля сёлета было тое, што прайшоў ён на якасна новым узроўні, сабраў вядомых хрысціянскіх аўтараў і музыкантаў з усёй Беларусі. 

Пра першы дзень творчага форуму можна пачытаць тут.

«Як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам» (пар. Пс 133 (132), 1).

«Узровень фестывалю пераўзышоў усе мае чаканні, — падзяліўся сваімі ўражаннямі ад падзеі кс. канонік Сяргей Бараўнёў, пробашч парафіі ў Беразінскім, з карэспандэнтам Catholic.by. — У параўнанні з мінулымі гадамі ён значна вышэйшы,

фестываль якасна змяніўся са з’яўленнем новага дырэктара Аляксандра Віслаўскага. Але атмасфера засталася тая самая: гэта атмасфера міру, любові і цеплыні, павагі адзін да аднаго».

Сапраўды, шмат усмешак і радасных натхнёных вачэй можна было сустрэць на гэтым фестывалі. Шмат цікавых гісторый і сведчанняў можна было пачуць у гэты дзень, і ўзгадваліся словы Псальма: «Як добра і як прыемна, калі браты жывуць разам» (пар. Пс 133 (132), 1). 

На фестывалі сёлета прысутнічалі кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч, кс. прэлат Эдмунд Даўгіловіч-Навіцкі, канонік капітула Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, іншыя каталіцкія святары.

Далучыўся таксама епіскап аб’яднання хрысціянаў поўнага Евангелля Леанід Вараненка, а пастар Евангелічна-Лютэранскай супольнасці з Масквы Дзмітрый Лотаў нават выканаў канцэрт арганнай музыкі падчас фестывалю. Наогул жа ў форуме брала ўдзел нямала пастараў пратэстанцкіх супольнасцяў.

Сярод удзельнікаў фестывалю былі такія знакамітыя выканаўцы, як Алесь Камоцкі, Ігар Ляўчук (вірутоз флейты), Вадзім Кулік (труба і саксафон), гурты «Spasenie», «Селах» і іншыя. Вялі імпрэзу спявак і кампазітар Юрый Навіцкі і Аліна Страшкевіч, рэдактар аддзела музычных праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё. Каталіцкі Касцёл на форуме сёлета прадстаўлялі тры музычныя гурты: «Пілігрымы», «Рыбы» і дуэт «Laudans».

Хто яны — удзельнікі фестывалю Laudato Si’? Некалькі гісторый

Пастар Дзмітрый Лотаў падчас малітвы аб адзінстве хрысціянаў расказаў прысутным пра сваю паездку ў манастыр экуменічнай супольнасці Тэзэ:

«Падчас майго прабывання там я зразумеў, што нам, прадстаўнікам розных хрысціянскіх канфесій, сапраўды няма чаго дзяліць. Тады я рэальна адчуў, што мы з’яўляемся адзіным цэлым, адзіным народам Божым, у якога ёсць адна найважнейшая каштоўнасць — Езус Хрыстус».

Генадзь Буракоўскі належыць да баптысцкай царквы з пасёлка Беразінскае і разам са сваім бацькам, мясцовым пастарам, спявае ўжо даўно.

«Калі мой тата прыйшоў да Бога, то ў яго адкрыўся талент пісаць песні, — распавядае Гена, — а наогул у нас была мара, каб тут, у Беразінскім, адбывалася нешта такое і каб мы маглі падзяліцца сваёй верай і талентамі з іншымі. І вось тут пабудавалі касцёл, мы пазнаёміліся з кс. Сяргеем, і ён распавёў пра сваю ідэю фестывалю. Мы ж марылі аб гэтым столькі гадоў!»

Лізавета Вішняк, якая належыць да баптысцкай царквы ў г. Слуцку і спявае хрысціянскі джаз, таксама падзялілася свамі сведчаннем.

«У мінулым годзе я прыняла хрост, і для мяне гэта была вельмі важная падзея. У сваім жыцці я вельмі хачу праслаўляць Бога: без гэтага не бачу сэнсу. І праслаўляць Яго, несці святло ў гэты свет я магу менавіта праз музыку», — кажа Лізавета.

«Дзяліцца сваёй вераю праз творчасць — для нас гэта проста дзяліцца радасцю, — распавёў карэспандэнту Catholic.by Андрэй Лугін, саліст каталіцкага гурта «Laudans». — Усе сапраўды веруючыя людзі выглядаюць шчаслівымі, бо яны знайшлі самае каштоўнае, што ёсць у гэтым свеце. Таму, калі мы спяваем нашыя песні, мы нясём гэтую радасць, якая прабывае ў нас саміх».

Ігар Ляўчук, вядомы ў Беларусі і за яе межамі віртуоз флейты, з’яўляецца праваслаўным вернікам.

«Без Божага благаслаўлення немагчымае ніводнае пачынанне. Калі Бог не паблагаславіў, калі няма ўнутры любові, то немагчыма нічога зрабіць ні ў творчасці, ні ў сям’і, ні ў жыцці. Таму вера — гэта ўсё. З гэтым адчуваннем я і жыву», — дзеліцца сваім сведчаннем музыкант.

«Бог сапраўды мае моц перамяніць жыццё»

Напэўна, самымі незвычайнымі ўдзельнікамі фестывалю сёлета былі прадстаўнікі сацыяльна-дабрачыннай установы «Рэфармацыя Асобы» з Мінска. Гэта людзі, якія калісьці знаходзіліся ў цяжкай наркатычнай, алкагольнай або іншай залежнасці і, прайшоўшы хрысціянскую праграму рэабілітацыі, змаглі цалкам перамяніць сваё жыццё. Яны прыехалі на фестываль, каб сведчыць, што Бог сапраўды мае моц збавіць кожнага чалавека, у якіх бы абставінах той ні знаходзіўся.

Цікава было назіраць, з якой радасцю спяваюць і танчаць дарослыя мужчыны і якою моцаю напоўненыя іх песні праслаўлення. І было зразумела, адкуль у іх такая незвычайная радасць: Бог уратаваў кожнаму з іх жыццё!

Антон з Мінска падзяліўся сваім сведчаннем:

«Мне 36 гадоў. Я знаходзіўся ў наркатычнай і алкагольнай залежнасці каля 16 гадоў свайго жыцця. За гэты час я перажыў розныя жудасныя рэчы: ляжаў у наркалагічных дыспансерах, сядзеў у турмах і некалькі разоў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Да 32 гадоў я ўжо амаль загінуў фізічна.

Але аднойчы да мяне прыйшлі веруючыя людзі і расказалі мне пра Хрыста. Дзякуючы таму, што Бог адкрыўся ў маім жыцці, я спазнаў Ягоную ісціну, прайшоў праграму рэабілітацыі і сёння маю свабоду. Я працую, і ў мяне ёсць каханая жонка. Я зразумеў, што ў жыцці ёсць шмат рэчаў, якія сапраўды прыносяць радасць. І гэта зусім не тое, што было ў залежнасці: там быў толькі падман злога духа, ад якога кожнаму чалавеку трэба вызваліцца.

У нашай супольнасці «Бацькоўскі Дом» сёння я з’яўляюся служыцелем і ўжо сам дапамагаю тым людзям, якія прыходзяць да нас першы раз і хочуць мець свабоду. Мы дапамагаем ім абсалютна бескарысліва».

«Шчаслівы народ, які ведае гук трубы»

Напрыканцы фестывалю ўдзельнікаў і гасцей чакаў яшчэ адзін сюрпрыз. Дырэктар Аляксандр Віслаўскі прадэманстраваў прысутным незвычайны старажытны габрэйскі інструмент — шафар.

«Я вельмі хацеў, каб тут былі прадстаўленыя ўсе канфесіі, аднак не ўсе змаглі быць, — сказаў пры гэтым Аляксандр. — Ёсць такі цікавы кірунак — габрэі, якія прызналі Езуса Месіяй (супольнасць месіянскіх габрэеў), і сёння я хачу выканаць некалькі іх песень. Але спачатку паслухайце гук шафара. Памятаеце, ў Бібліі напісаныя такія словы: „Шчаслівы народ, які ведае гук трубы“? Дык гэта і ёсць той самы шафар!»

Аляксандр паказаў прысутным вялікі закручаны рог, а потым, адышоўшы ад мікрафонаў, падзьмуў у яго. Моцны працяглы гук старажытнай габрэйскай трубы, ад якога калісьці ўпалі муры Ерыхона, разліўся па ваколіцах Беразінскага…

Сапраўды, гэты вечар быў цёплым. Толькі не сонячным цяплом, а цеплынёю сэрцаў, злучаных у малітве ў адно.

«Мы любім адзін аднаго, — сказаў на заканчэнне фестывалю Аляксандр Віслаўскі, — а Бог любіць усіх нас!» 

 

Абноўлена 15.08.2018 00:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.