Пошук


Экуменічнае набажэнства прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла, Праваслаўнай Царквы, Пратэстанцкай Царквы і Біблейскага Таварыства ў Беларусі прайшло 20 студзеня ў мінскай архікатэдры.

Супольная малітва адбылася ў межах Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў, тэксты да якой сёлета рыхтавалі вернікі з Карыбскіх астравоў.

Біблія і ланцугі

У якасці сімвалаў, якія паслужылі б інтэгральнай часткай экуменічнага набажэнства па ўсім свеце, хрысціяне з Карыбаў прапанавалі выкарыстоўваць Біблію і жалезныя ланцугі.

У руках прыгнечаных народаў Біблія заўжды была крыніцай суцяшэння і вызвалення. Кайданы — сімвал улады граху, які аддзяляе ад Бога і адно ад аднаго.

Падчас набажэнства жалезныя ланцугі былі адкінутыя і замененыя чалавечым «ланцугом рук» — сімвалам еднасці і супольнай дзейнасці супраць сучаснага нявольніцтва і дэгуманізацыі.

Тэмай сёлетняга Тыдня малітваў сталі словы «Правіца Твая праслаўлена моцаю» (Зых 15,6).

Каб усе былі адно

Падчас набажэнства кожны з прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій выступаў з прамовай.

Са словам прывітання ад Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла выступіў кіраўнік Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы протаіерэй Мікалай Коржыч.

Протаіерэй адзначыў важнасць таго, што ініцыятыва сабрацца належыць Каталіцкаму Касцёлу і арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу.

«Гэта нагадвае нам словы Хрыста, каб „усе былі адно“. На жаль, свет не захоўвае гэтага. Сёння такі час, калі хрысціяне, каб захаваць хрысціянскую веру, павінны аб’яднаць свае намаганні».

Святар прыгадаў гістарычную сустрэчу папы Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла ў Гаване, адзначыўшы, што плён той сустрэчы адчуваецца ўжо цяпер.

«Будзем жа працаваць у імя Хрыста, прабываючы ў любові, згодзе і ўзаемаразуменні. І тады нас благаславіць Пан Бог».

   

Протаіерэй Аляксандр Шымбалёў, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, нагадаў, што кожны вернік пад уздзеяннем Святога Духа пакліканы «нішчыць грэх, які ёсць у гэтым свеце».

«Мы маем магчымасць ніколі не ісці за спакусай, як Хрыстус, які пражыў зямное жыццё без граху. Кожны з нас павінен імкнуцца да Божых ласкаў, памятаючы аб тым, што чалавек, асвячаны Богам, пакліканы быць святым», — адзначыў протаіерэй.

Пастар Евангельска-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў нагадаў словы апостала Яна, што хрысціянаў у свеце пазнаюць не па знешніх атрыбутах ці абрадах, а па «любові паміж намі».

«Мы сабраліся тут як браты і сёстры ў Хрысце. Братэрская любоў — вышэй за злосць і варожасць. Хрысціяне пакліканыя абвяшчаць Евангелле ўсім людзям словам і справай. Мы павінны адмовіцца ад дрэнных учынкаў, бо пакліканыя ісці за Хрыстом».

Пра духоўны крызіс у сучасным свеце гаварыў выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў. Паводле яго слоў, дапамагчы пераадолець яго можа сумесная праца канфесій.

Ігар Міхайлаў адзначыў, што пры Біблейным Таварыстве ў Беларусі створана міжканфесійная камісія, якая будзе працаваць над сумесным перакладам Бібліі, спрыяючы дыялогу хрысціянскіх канфесій.

«Трэба маліцца за поспех у гэтай справе, каб у Беларусі з’явіўся агульны для ўсіх канфесій пераклад Бібліі», — сказаў прадстаўнік Таварыства.

Намеснік старшыні Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў епіскап Аляксандр Лотараў нагадаў, наколькі важна шукаць Хрыста ў сваім жыцці.

Епіскап згадаў, што калісьці быў сакратаром Камуністычнай партыі, а пасля працаваў ваенным лётчыкам:

«У мяне было насычанае жыццё, але я ніколі не сустракаўся з Богам. Але прыйшоў момант, калі я сустрэў Хрыста. Ён вызваліў мяне ад згубных звычак і пачаў рабіць цуды ў маім жыцці», — дадаў прадстаўнік Саюза ЕХБ.

Епіскап Лотараў падкрэсліў, што вельмі важна «зрабіць рэвізію духоўнага жыцця» і «акрэсліць планы на 2018 год».

«Пан Бог — наша сіла. Таму не будзем саромецца падымаць духоўную планку ў нашым жыцці», — заклікаў ён.

Пра сведчанне хрысціян і ланцугі «канфесійнай адасобленасці»

Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек нагадаў пра важнасць даверу дзеяння Святога Духа ў жыцці: «Ад нашага сведчання залежыць, ці прыйдуць людзі да Хрыста. Хай гэта малітва будзе важным сведчаннем таго, што мы ў Хрысце ўжо адзіныя».

«Каб усе былі адно — гэта просьба Хрыста, якую мы павінны выканаць», — адзначыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Паводле слоў іерарха, падзелы — гэты крывавыя раны на целе Хрыста, якія паходзяць ад злога духа.

Прамова іерарха цалкам>>

«Ужо шмат зроблена ў справе адзінства хрысціянаў, але гэта хвароба на целе Збаўцы стала хранічнай», — сказаў арцыбіскуп, дадаўшы, што сустрэча ў Гаване Папы Рымскага і Патрыярха «зламала шмат бар’ераў».

Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў прысутных «да развыву ланцугоў канфесійнай адасобленасці».

«Сімволіка сённяшняй малітвы заклікае нас да духоўнай свабоды, каб мы былі братамі і сёстрамі адной хрысціянскай сям’і», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Напрыканцы прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій, сімвалічна ўзяўшыся за рукі, прачыталі малітву «Ойча наш».

Абноўлена 22.01.2018 13:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.