Пошук

21.01.2018 02:13   Catholic.by

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

1. У сваёй Першасвятарскай малітве Езус Хрыстус падчас Апошняй Вячэры маліўся, каб усе былі адно. Гэтым самым Ён, прадбачачы падзелы ў боска-чалавечай супольнасці Касцёла, заклікаў да малітвы ў інтэнцыі адзінства хрысціянаў.

Падзелы хрысціянства на Заходняе і Усходняе ў XI стагоддзі, а потым — у Заходнім у XVI, з’яўляюцца крывавай ранай на Містычным Целе Езуса Хрыста. Гэту рану неабходна лячыць як мага хутчэй, бо нягледзячы на многія дасягненні ў галіне экуменізму, хвароба падзелу прыняла хранічны характар.

Вядома, лягчэй ламаць, чым будаваць. Але трэба будаваць адзінства, бо гэта запавет Езуса. У імя Яго сёння мы і сабраліся.

2. Сёлетняя праграма Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў падрыхтавана рознымі хрысціянскімі супольнасцямі Карыбскіх выспаў. Гісторыя хрысціянства ў гэтым рэгіёне прадстаўляе сабой парадокс. З аднаго боку абывалася каланізацыя мясцовага насельніцтва еўрапейцамі, якія перасяліліся ў гэты раён пяць стагоддзяў таму, а з іншага прынесеная імі Біблія стала крыніцай іх духоўнага вызвалення і радасці.

Менавіта таму тры ланцугі і Біблія выкарыстоўваюцца ў цэлебрацыі сённяшняга набажэнства. Калі ланцугі з’яўляюцца сімвалам зняволення, то Біблія з’яўляецца сімвалам свабоды, якую падараваў нам Бог.

3. Сімвалічна, што падчас малітвы паяднання на сённяшнім набажэнстве жалезныя ланцугі былі скінуты і замест іх з’явіўся ланцуг з чалавечых рук, які сімвалізуе адзінства і сумеснае дзеянне супраць розных праяваў сучаснага рабства і дэгуманізацыі.

Ланцуг з чалавечых рук сімвалізуе таксама еднасць людзей розных нацыянальнасцяў, моваў і веравызнанняў. Гэта — адказ на заўсёды актуальны запавет Хрыста, каб мы ўсе былі адзіныя.

Гэты запавет узяты са Святога Пісання, якое заклікае да змены нашага чыста чалавечага мыслення на боскае — менавіта да разрыву ланцугоў канфесійнай адасобленасці, каб нарадзілася новая сувязь любові і адзінства, аб якой мы сёння молімся.

4. Святы апостал Павел у першым Пасланні да Карынцянаў вучыць, што мы ўсе належым да Містычнага Цела Езуса. Гэтае вучэнне апостала народаў вельмі важнае, бо яно закладае падмурак імкнення да адзінства хрысціянаў. Католікі, праваслаўныя, пратэстанты — мы ўсе належым Хрысту. Мы верым у таго ж самага Езуса, нашага Збаўцу. Праз той самы хрост мы былі далучаныя да Цела Хрыста, карыстаемся Бібліяй як адной з крыніц нашай веры. Акрамя гэтага нас аб’ядновае доўгая супольная гісторыя і сведчанне, асабліва ў часы ганенняў на веру, калі мы разам цярпелі і дапамагалі адно аднаму.

Падзелы, якія існуюць у хрысціянстве, гэта не што іншае, як справа злога духа. Дэфармаваная першародным грахом чалавечая прырода схільная да граху, і гэтым карыстаецца злы дух. Паддаючыся яго ўплывам, мы дабравольна становімся нявольнікамі, закоўваем сябе ў кайданы граху. Але мы створаны для свабоды. Таму сімволіка сённяшняй малітвы за адзінства хрысціянаў заклікае нас найперш да духоўнай свабоды, каб мы адчувалі сябе братамі і сёстрамі адной хрысціянскай сям’і.

5. Сучасны свет, які перажывае шмат крызісаў, чакае ад нас гэтага. Мінулі часы, калі мы раскідваліся ўмоўнымі камянямі. Прыйшоў час іх збіраць, каб бараніць хрысціянства і сумесна супрацьстаяць антыхрысціянскім уплывам.

Гэта праўда, што нас адрознівае шмат і ніхто не хоча хаваць гэта ці лагодзіць існуючыя дактрынальныя ці літургічныя розніцы. Аднак праўдай ёсць і тое, што ў дыскусіях нараджаецца ісціна. Тэалагічныя дыскусіі вядуцца паміж нашымі канфесіямі, дзякуючы чаму шматлікія праблемы былі паспяхова вырашаны, хоць перад намі яшчэ шмат працы на шляху да адзінства.

Супрацоўнічаючы паміж сабой, мы імкнёмся змяняць свет, які цярпіць з-за несправядлівасці і таптання чалавечай годнасці.

Таму мы павінны супольна супрацьстаяць знішчэнню традыцыйных хрысціянскіх каштоўнасцей і спробам усталявання прынцыпаў ваяўнічага секулярызму, які пагражае нашай хрысціянскай тоеснасці. Гэта наша супольнае заданне, якое стаіць перад намі і вырашэння якога чакае свет.

6. Як мы можам гэта зрабіць? Адказ даюць хрысціяне Карыбаў. У цэнтры нашага жыцця неабходна паставіць Біблію, як адну з супольных крыніц нашай веры. Да гэтага нас таксама заклікае і Юбілей 500-годдзя выдання Бібліі Францішка Скарыны, якая нас аб’ядноўвае. Гэта вельмі добра паказаў мінулы год, калі розныя хрысціянскія канфесіі Беларусі сумесна адзначалі Юбілей нашага славутага земляка.

Сімвалічным з’яўляецца і той факт, што Праваслаўная Царква і Каталіцкі Касцёл, не дамаўляючыся паміж сабой, практычна адначасова выдалі Новы Запавет на беларускай мове.

Хрысціяне Карыбаў таксама заклікаюць нас скінуць з сябе ланцугі нашага канфесійнага абмежавання, выйсці з нашага «канфесійнага гета», каб паглядзець на свет і яго праблемы шырэй, а не толькі праз прызму сваёй канфесіі.

7. Гэта нялёгка, але неабходна. Прыклад нам паказалі папа Францішак і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл, якія зламалі не мала бар’ераў па дарозе да гістарычнай сустрэчы ў Гаване два гады таму. Гэтая сустрэча рыхтавалася доўга і не адным пантыфікам і яна адбылася па Божай волі.

Сёння мы з’яўляемся сведкамі таго, як у імя спорту ламаюцца бар’еры паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэямі. Падзеленыя краіны адзінага народа будуць разам прымаць удзел у Зімовых Алімпійскіх гульнях, якія адбудуцца ў Паўднёвай Карэі.

Калі спорт мае ў сабе такі магутны патэнцыял яднання, то што казаць пра малітву! Езус кажа — маліцеся і вам будзе дадзена.

З Божай дапамогай, не будзем жа баяцца і мы, хрысціяне розных канфесій, ламаць бар’еры, якія нас раздзяляюць. Дзякуй Богу, яны не даходзяць да неба і з Божай дапамогай іх можна разбурыць. Усе мы дзеці аднаго Бога і адной Бацькаўшчыны Беларусі, усіх нас збавіў адзін Збаўца — Езус Хрыстус і над усімі намі адно неба.

Няхай яно будзе мірным у нашых узаемаадносінах, каб мы, чэрпаючы духоўныя сілы з адной Бібліі і скідваючы з сябе кайданы міжканфесійнай адасобленасці, у свабодзе дзяцей Божых імкнуліся да так жаданага адзінства як умовы таго, што свет паверыць і, жывучы праўдай Евангелля, дасягне збаўлення. Амэн.

Мінская катэдра, 20 студзеня 2018 г.

(Падчас набажэнства выкарыстоўваецца Біблія і тры ланцугі, якімі скаваныя тры групы вернікаў; ланцугі спадаюць падчас малітвы паяднання)

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця