Міжканфесійная перакладчыцкая камісія створана пры Біблійным таварыстве ў Беларусі. Пра гэта распавёў выканаўчы дырэктар Біблейскага Таварыства ў Беларусі Ігар Міхайлаў, выступаючы з прамовай падчас экуменічнай малітвы за адзінства хрысціянаў.
Экуменічная малітва прайшла 20 студзеня ў мінскай архікатэдры.
Паводле слоў Ігара Міхайлава, у склад камісіі ўвойдуць прадстаўнікі пяці хрысціянскіх канфесій — Каталіцкага Касцёла (рыма- і грэка-католікі), Праваслаўнай Царквы і Пратэстанцкай Царквы (адвентысты, баптысты і пяцідзясятнікі).
У працы структуры будуць дапамагаць лінгвісты, філолагі, гісторыкі і біблісты.
«Ідэя стварэння такой камісіі саспявала даўно, — расказаў Catholic.by Ігар Міхайлаў. — На апошнім пасяджэнні праўлення Біблейскага таварыства яна была сфармавана. На сёння згоду на ўдзел у працы камісіі ўжо далі прадстаўнікі католікаў і баптыстаў».
Як адзначыў Ігар Міхайлаў, камісія яшчэ не пачала працаваць, але ўжо паставіла перад сабой мэту — арганізаваць дыялог розных канфесій і зрабіць сумесны пераклад Бібліі.
«Біблейскае Таварыства гатовае выступіць базай для такога дыялогу. Ён ужо ёсць, яго трэба толькі захоўваць і развіваць», — сказаў дырэктар Таварыства.
Як дадаў суразмоўца, міжканфесійны пераклад Бібліі мае шансы на поспех.
«У кожнай з канфесій ужо ёсць „свае“ пераклады Новага Запавету, але тэрміналогія часта адрозніваецца. Міжканфесійная камісія будзе рабіць пераклад са старажытнаяўрэйскай мовы і параўноўваць яго з септуагінтай.
Я спадзяюся, што праз дыялог мы здолеем перакласці ўсю Біблію разам. Калі ж не, то мы створым хаця б каркас, які кожная канфесія зможа выкарыстаць, „уставіўшы“ ў яго сваю тэрміналогію», — заключыў Ігар Міхайлаў.
Даведка:
«Біблейскае Таварыства ў Рэспубліцы Беларусь» (БТРБ) — міжканфесійнае хрысціянскае рэлігійнае брацтва, створанае ў студзені 1992 года і зарэгістраванае ў Камітэце па справах рэлігій і нацыянальнасцяў пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Заснавальнікамі Таварыства з'яўляюцца хрысціяне розных канфесій: Праваслаўнай, Рыма-Каталіцкай, Грэка-Каталіцкай, Евангельскіх хрысціян-баптыстаў, Хрысціян Веры Евангельскай, Адвентыстаў Сёмага Дня.