
17 чэрвеня споўнілася 30 гадоў з дня, калі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі атрымаў святарскае пасвячэнне. З гэтай нагоды ў архікатэдральным касцёле ў Мінску ён цэлебраваў святую Імшу падзякі ў супольнасцях парафіі святых Сымона і Алены і парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гадзіну Божай Міласэрнасці іерарх узначаліў святую Імшу, на якую прыбылі святары з Мінска, а таксама з аддаленых парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з Гродзенскай дыяцэзіі. Усіх прысутных прывітаў душпастыр парафіі святых Сымона і Алены айцец Станіслаў Станеўскі CSsR. Дзякуючы за прывітанне, арцыпастыр адзначыў, што для айца Станіслава гэта таксама адметны дзень, таму што 17 чэрвеня 1995 года, знаходзячыся з будучым арцыбіскупам ў гродзенскай катэдральнай базыліцы святога Францішка Ксавэрыя, падчас святой Імшы атрымаў дыяканскае пасвячэнне.
У прамоўленай гаміліі іерарх нагадаў пра падзею, якая адбылася ў папярэднюю нядзелю ў Мінску — працэсію Божага Цела вуліцамі горада. Ён прыпомніў, што па горадзе ў той дзень у прыгожай манстранцыі прайшоў сам Езус Хрыстус, «які жыве і хоча, каб і ты жыў». Менавіта Ён, які ўстанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і Пасвячэння, дазваляе адзначаць гадавіну святарскага пасвячэння, калі, паводле слоў іерарха, святары і законныя айцы выходзяць «на бераг возера» свайго жыцця, каб успомніць іх момант паклікання і адказ на яго і як потым гэтая «прыгода» з Езусам Хрыстом развівалася праз семінарыйнае жыццё да моманту святарскага пасвячэння.
Іерарх прывёў словы Папы Льва XIV падчас удзялення ім святарскага пасвячэння 11 дыяканам Рымскай дыяцэзіі: «Сёння дзень вялікай радасці для Касцёла і для кожнага з вас, хто прымае прэзбітэрскае пасвячэнне, разам з вашымі сем’ямі, сябрамі і паплечнікамі ў гады фармацыі». Святары належаць Касцёлу як «распарадчыкі Божых таямніцаў», таму, паводле слоў арцыпастыра, яны «павінны быць гатовыя да таго, каб, калі Хрыстус загадае ісці там, дзе Ён хоча быць сам», без прамаруджвання адправіцца ў шлях да людзей, «дзе Яго чакаюць і дзе заклікаюць Яго прысутнасці».
Арцыбіскуп Станеўскі далей прывёў іншыя словы Папы да дыяканаў перад пасвячэннем: “Быццё слугамі Бога злучае ўсіх з зямлёй». Гэты нялёгкія для зразумення выраз іерарх патлумачыў у кантэксце слоў з Паслання да Габрэяў, што кожны святар, «якога выбіраюць з людзей, прызначаны для людзей у справах Божых» (пар. Гбр 5, 1). Свет, да якога выходзяць святары, не ідэальны. Больш за тое, святары самі з’яўляюцца грэшнымі людзьмі. Тым не менш, Папа Францішак, які аб’явіў юбілейны год пад дэвізам «Пілігрымы надзеі», праз сваё вучэнне і сёння заахвочвае святароў быць «людзьмі надзеі», гэта значыць, не баяцца выконваць сваю місію, таму што Хрыстус іх падтрымлівае.
За Папам Львом XIV арцыпастыр нагадаў, што святар у першую чаргу павінен быць годным даверу:
«Бо любоў Хрыста ахапіла нас» (пар. 2 Кар 5, 14) — пісаў святы апостал Павел. Гэтыя Божыя абдымкі, паводле слоў Папы, скіраваных да будучых святароў, «вызваляюць нас і дазваляюць нам нікім не валодаць». Арцыбіскуп падкрэсліў, што калі святар адчувае сябе Божым чалавекам, то гэта для яго найбольшае багацце.
Гамілію арцыбіскуп Станеўскі завяршыў заклікам аб малітве аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, каб знайшліся «суразмоўцы Хрыста», якія пачуюць Яго голас і пойдуць за ім.
Напрыканцы святой Імшы Мітрапаліта павіншавалі прадстаўнікі парафіяльнай супольнасці святых Сымона і Алены ў Мінску.
Увечары падчас святой Імшы, якую таксама ўзначаліў арцыпастыр, гамілію прамовіў ксёндз доктар Андрэй Лысы SCh, душпастыр службы аховы здароўя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Узрастанні ў такой любові ксёндз Андрэй пажадаў усім.
Пасля пастырскага благаслаўлення, якое ўдзяліў святарам і вернікам арцыбіскуп Станеўскі, усе прысутныя перад фігурай Езуса Хрыста з Сэрцам праспявалі літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.



