Пошук

25.12.2017 11:21   Фота: Вячаслава Радзіміча / Catholic.by

У вігілію Божага Нараджэння Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў касцёле св. Міхала Арханёла ў Івянцы.

З івянецкага касцёла адбывалася трансляцыя вігілійнай Імшы на беларускім тэлебачанні.

Гаворачы ў гаміліі пра прыйсце ў свет Божага Сына ў сціплых бэтлеемскіх яслях, Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў: «Калі мы разважаем пра Нараджэнне Езуса ў бэтлеемскіх яслях з перспектывы Божага плану, то трэба падкрэсліць, што ў ім праявілася Яго бязмежная любоў да чалавека. Чынячы свайго адзінароднага Сына ўразлівым, Бог праявіў салідарнасць з усім чалавецтвам. Яго любоў не абмяжоўваецца тымі, хто нарадзіўся ў багатай і знатнай сям’і. Яна не залежыць ад легальнага і сацыяльнага статусу чалавека. У вачах Бога кожны з нас з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, створанай па Яго вобразу і падабенству асобай».

«У Бэтлееме Бог паказаў сваю любоў, як дар самога сябе. Усемагутны Бог, прымаючы постаць бездапаможнага дзіцяці, схіліўся над грэшным чалавекам, каб яго збавіць. Нездарма паэты кажуць, што ўцелаўленне Сына Божага — гэта пацалунак неба з зямлёй», — звярнуў увагу іерарх.

Па словах арцыбіскупа, «Божая любоў — гэта не сентыментальная любоў, а любоў, якая выяўляецца ў ахвяры сябе чалавецтву»; «уцелаўленне Сына Божага — гэта першы крок такой любові, якая потым праявілася ў абвяшчэнні Божага слова, справах міласэрнасці, адпушчэнні грахоў і дасягнула свайго апагею ў пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і ўваскрасення».

«Падобна Хрысту, праз сведчанне іншым людзям любові, міласэрнасці і спагады нябеснага Айца мы пакліканы даваць надзею свету. Мы можам учыніць гэта, наследуючы Яго прыклад самаадданай любові ў служэнні бліжнім», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Таксама, як адзначыў арцыпастыр, урачыстасць Нараджэння Пана «вучыць нас таму, што кожнае жыццё — гэта Божы дар». «Годнасць чалавечага жыцця ўкаранёна ў Божай любові да яго і пакліканні да вечнага шчасця», — заўважыў іерарх.

«З кожнага дзіцяці, таксама і ненароджанага, выходзіць промень святла таямніцы Уцелаўлення Сына Божага, які нагадвае аб блізкасці Бога, якога неабходна любіць і якому трэба падпарадкавацца, — звярнуў увагу Мітрапаліт. — У той жа час мы з’яўляемся сведкамі ўкаранення культуры смерці. Гэта найперш практыка забойства ва ўлонні маці ненароджанага жыцця. (…) Да яе далучаецца ўсё яшчэ не вырашаная праблема смяротнага пакарання. Усё гэта заклікае ўсіх нас, найперш бацькоў, урачоў і заканадаўцаў, дазволіць быць перамененымі бязмежнай Божай любоўю, якую мы сёння святкуем і якая вядзе да таямніцы жыцця, як самага каштоўнага Божага дару».

Па словах іерарха, сёння, «калі нашы гарады ззяюць ілюмінацыямі і адначасова пануе духоўная цемра, мы як быццам пераносімся ў часы прарока Ісаі», які «прадстаўляе парадокс чалавечага існавання». Разам з тым «нават у самай складанай сітуацыі застаецца надзея, і яна ў Езусе Хрысце».

«Мы, як хрысціяне, пакліканы перадаваць святло Хрыста ў сучасны свет, каб ён жыў не ў духоўнай цемры, але ў святле Евангелля, і каб дзякуючы нашаму хрысціянскаму сведчанню яно дайшло да самых цёмных яго завулкаў», — нагадаў арцыпастыр.

«Сваім нараджэннем Езус паказвае нам дабрыню і міласэрнасць Бога. Таму мы не можам абмежавацца толькі вонкавым святкаваннем Калядаў і адмовіцца ад духоўнага значэння гэтага свята», — звярнуў увагу арцыбіскуп.

Віншуючы ўсіх вернікаў з Нараджэннем Хрыстовым, Мітрапаліт пажадаў, каб гэтае свята стала «часам разважання над таямніцай уцелаўлення Бога, як таямніцай Яго бязмежнай любові да чалавека, таямніцай Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы як зрэнку вока, і таямніцай Божага святла, якое прасвятляе цемру граху, каб адарыць нас новай надзеяй».

Іерарх павіншаваў таксама хрысціян, якія разам з католікамі святкуюць гэтае свята, і праваслаўных вернікаў, якія зараз рыхтуюцца да яго. «Сустрэча папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў мінулым годзе, сёлетняе пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Мінску, шматлікія кантакты і сумесныя мерапрыемствы заклікаюць нас да сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў перад небяспечнымі выклікамі сучаснасці», — сказаў пры гэтым арцыпастыр.

Мітрапаліт пажадаў усім, каб «Езус сваёй ласкай штодзённа нараджаўся” ў сэрцах, каб Каляды і Новы 2018 год былі «напоўненыя духоўнай радасцю і Хрыстовым супакоем». «Ты ж, наша Радзіма Беларусь, беражы Божы дар жыцця, умацоўвай узаемную любоў, не гасі святла Бэтлеемскай зоркі, каб быць шчаслівай і магутнай», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне Імшы Мітрапаліт павіншаваў вернікаў са святамі на розных мовах і потым падзяліўся з вернікамі аплаткай.

Абноўлена 25.12.2017 11:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця