Пошук

18.12.2017 10:36   Catholic.by

«Падобна Мудрацам з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу і потым вярнуліся дадому іншай дарогай, таксама і мы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу, што знаходзіцца ў яслях, павінны вярнуцца да нашых дамоў, месцаў працы, вучобы і адпачынку дарогай, поўнай Божай ласкі і любові», — адзначае арцыбіскуп.

Po polsku >>>

Нараджэнне Хрыстова — Божы дар любові, жыцця і святла

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, людзі добрай волі!

1. «Дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; і ўлада спачыла на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Цудоўны Дарадчык, Бог Моцны, Спрадвечны Айцец, Князь Спакою» (Іс 9, 6). Гэтымі словамі прарок Ісая абвяшчае нараджэнне доўга чаканага Збаўцы, як караля сусвету.

Гэтыя словы таксама могуць асацыявацца з нараджэннем пераемніка трону ў адной з каралеўскіх сем’яў. Прароцтва Ісаі знаходзіць сваё завяршэнне не ў нараджэнні наступніка каралеўскага трону, але ва ўцелаўленні Божага Сына, які быў пакладзены ў яслях, бо Яму не было месца ў заездзе (пар. Лк 2, 7).

Напэўна, нараджэнне дзіцяці ў такіх абставінах не было найлепшым варыянтам прыйсця чалавека ў свет. Але калі Сын Божы нарадзіўся ў такім сціплым месцы, то мы маем права спытаць сябе: што аб гэтым думаў сам Бог? Ці дастаткова паклапаціўся аб прыйсці ў свет свайго адзінароднага Сына? Ці не мог знайсці больш годнае месца для Яго нараджэння?

Больш за тое, праз некалькі дзён, у свята святых Немаўлят, мучанікаў, Евангелле прыгадае нам аб тым, што Езус стаў бежанцам, бо трэба было ўцякаць у Егіпет ад забойчай рукі Ірада. Потым, будучы маладым чалавекам, перад якім яшчэ ўсё жыццё, Ён памрэ на крыжы, як злачынца.

2. Калі мы разважаем пра Нараджэнне Езуса ў бэтлеемскіх яслях з перспектывы Божага плану, то трэба падкрэсліць, што ў ім праявілася Яго бязмежная любоў да чалавека.

Чынячы свайго адзінароднага Сына ўразлівым, Бог праявіў салідарнасць з усім чалавецтвам. Яго любоў не абмяжоўваецца тымі, хто нарадзіўся ў багатай і знатнай сям’і. Яна не залежыць ад легальнага і сацыяльнага статусу чалавека. У вачах Бога кожны з нас з’яўляецца найбольшай каштоўнасцю, створанай па Яго вобразу і падабенству асобай (пар. Быц 1, 27).

Таму зусім слушна Святы Айцец Францішак кажа, што Еўропа не з’яўляецца зборам лічбаў і інстытуцый, да чаго імкнуцца сучасныя свецкія прагматычныя тэндэнцыі, але складаецца з асобаў (пар. http://papiez.wiara.pl/doc/4278972.Co-chrzescijanstwo-moze-wniesc-w-przyszlosc-Europy/4).

3. Як створаныя па Божаму вобразу і падабенству асобы (пар. Быц 1, 27), сёння мы павінны засяродзіцца на праўдзе Бэтлеема, якая праявілася ў бязмежнай любові Бога да чалавека, Божым дары жыцця і значэнні боскага святла.

У Бэтлееме Бог паказаў сваю любоў, як дар самога сябе. Усемагутны Бог, прымаючы постаць бездапаможнага дзіцяці, схіліўся над грэшным чалавекам, каб яго збавіць. Нездарма паэты кажуць, што ўцелаўленне Сына Божага — гэта пацалунак неба з зямлёй.

Божая любоў — гэта не сентыментальная любоў, а любоў, якая выяўляецца ў ахвяры сябе чалавецтву. Уцелаўленне Сына Божага — гэта першы крок такой любові, якая потым праявілася ў абвяшчэнні Божага слова, справах міласэрнасці, адпушчэнні грахоў і дасягнула свайго апагею ў пасхальнай таямніцы крыжовай смерці і ўваскрасення.

Падобна Хрысту, праз сведчанне іншым людзям любові, міласэрнасці і спагады нябеснага Айца мы пакліканы даваць надзею свету. Мы можам учыніць гэта, наследуючы Яго прыклад самаадданай любові ў служэнні бліжнім.

4. Сённяшняя ўрачыстасць вучыць нас таму, што кожнае жыццё — гэта Божы дар. Годнасць чалавечага жыцця ўкаранёна ў Божай любові да яго і пакліканні да вечнага шчасця.

«Ты — Сын Мой, Я сёння нарадзіў Цябе» (пар. Пс 2, 7). Гэтыя словы псальміста становяцца рэальнасцю ў ноч Божага Нараджэння. Вечны Бог прымае постаць чалавека, які часова жыве на зямлі. Такім чынам у таямніцы Божага Нараджэння вечнасць сутыкаецца з часовасцю, каб яе ўчыніць вечнасцю.

Бог стаў адным з нас, каб мы маглі стаць падобнымі да Яго. Для гэтага сваім вобразам Ён выбраў народжанае ў яслях Немаўлятка. З кожнага дзіцяці, таксама і ненароджанага, выходзіць промень святла таямніцы Уцелаўлення Сына Божага, які нагадвае аб блізкасці Бога, якога неабходна любіць і якому трэба падпарадкавацца, вучыць папа Бэнэдыкт XVI (пар. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2005/documents/hf_ben-xvi_hom_20051224_christmas.html).

Таму свята Божага Нараджэння — гэта свята жыцця. У той жа час мы з’яўляемся сведкамі ўкаранення культуры смерці. Гэта найперш практыка забойства ва ўлонні маці ненароджанага жыцця, якая ўзаконена і распаўсюджваецца і вядзе да пагаршэння дэмаграфічнай сітуацыі, з усімі вынікаючымі з гэтага негатыўнымі наступствамі. Да яе далучаецца ўсё яшчэ не вырашаная праблема смяротнага пакарання.

Усё гэта заклікае ўсіх нас, найперш бацькоў, урачоў і заканадаўцаў, дазволіць быць перамененымі бязмежнай Божай любоўю, якую мы сёння святкуем і якая вядзе да таямніцы жыцця, як самага каштоўнага Божага дару. Яго даў Бог, і толькі Ён адзін мае права ім распараджацца.

5. Касцёл цвёрда стаіць на пазіцыях абароны жыцця ад яго зачацця аж да натуральнай смерці. Таму аборт з’яўляецца злачынствам супраць Божага дару жыцця, а смяротнае пакаранне непрымальным. Папа Францішак вучыць, што смяротнае пакаранне з’яўляецца знявагай супраць недатыкальнасці жыцця і чалавечай годнасці. Яно супярэчыць Божым планам адносна людзей і грамадства і яго міласэрнай справядлівасці. Яно таксама не сумяшчальна з законнымі мэтамі пакарання, не з’яўляецца актам справядлівасці адносна ахвяр злачынства і на самой справе спрыяе помсце. Божы закон «Не забівай» з’яўляецца абсалютным у адносінах як да нявінных, так і да вінаватых (пар. https://www.deon.pl/religia/serwis-papieski/aktualnosci-papieskie/art,4469,mocne-slowa-papieza-franciszka-ws-karysmierci.html).

Паводле Пантыфіка, смяротнае пакаранне з’яўляецца пройгрышам прававой дзяржавы, бо ў імя справядлівасці абавязвае да забойства. Акрамя гэтага, чалавечая сістэма правасуддзя не з’яўляецца дасканалай і можа памыляцца (пар. http://www.polskieradio.pl/5/3/Artykul/1403609,Papiez-Franciszek-o-karze-smierci-jest-porazka-panstwa-prawa).

6. Надзея, якую абвяшчалі прарокі ў Старым Запавеце, ажыццявілася ў нараджэнні Езуса Хрыста. У Ім мы атрымліваем новую надзею ў сучасным свеце, небасхіл якога не з’яўляецца бясхмарным, бо ўплыў секулярызму, маральнага рэлятывізму, матэрыялізму і этычнай абыякавасці чыніць яго не ўпэўненым у сваёй будучыні.

У такой сітуацыі, калі нашы гарады ззяюць ілюмінацыямі і адначасова пануе духоўная цемра, мы як быццам пераносімся ў часы прарока Ісаі. Засяроджваючыся на святле і цемры, ён прадстаўляе парадокс чалавечага існавання. Знаходзячыся ў цемры, мы больш свядома ацэньваем святло.

Езус ёсць святло свету, якое свеціць у цемры, і цемра Яго не можа агарнуць (пар. Ян 1, 5), кажа св. апостал Ян. Гэта азначае, што нават у самай складанай сітуацыі застаецца надзея, і яна ў Езусе Хрысце.

Мы ведаем, што святло з’яўляецца крыніцай жыцця. Калі б сонца перастала свяціць, то на зямлі перастала б існаваць жыццё. Таксама без Бога няма духоўнага жыцця.

Традыцыйна ў яслях мы размяшчаем ліхтар, бо ў памяшканні, дзе жывуць людзі, павінна быць святло. Але калі мы ўсведамляем, што Езус з‘яўляецца святлом свету, то гэты маленькі ліхтар з’яўляецца сімвалам святла, якое асвятляе свет, а не толькі ўнутраную частку ясляў. Мы павінны ўчыніць усё магчымае, каб гэтае святло заўсёды свяціла, нас асвятляла і сагравала. Нельга дазволіць, каб яго згасілі ветры бязвер’я сучаснага свету і духоўнай абыякавасці.

7. Мы, як хрысціяне, пакліканы перадаваць святло Хрыста ў сучасны свет, каб ён жыў не ў духоўнай цемры, але ў святле Евангелля, і каб дзякуючы нашаму хрысціянскаму сведчанню яно дайшло да самых цёмных яго завулкаў.

Як люстэрка, не будучы крыніцай сонечнага святла, можа яго пераслаць туды, куды яно не дасягае, таксама і мы павінны быць такімі духоўнымі люстэркамі. Гэта наша місія ў сучасным свеце – свяціць спачуваннем, праўдай і справядлівасцю ў кожнай сітуацыі нашага жыцця, куды нас паставіць Божы Провід.

8. Гэтага патрабуе сучасны свет, у якім у імя роўнасці, талерантнасці і правоў чалавека забываецца пра тое, што і Бог, як наш Створца і Збаўца, таксама мае свае правы – гэта Ягоны закон, які з’яўляецца першасным і пераўзыходзіць усе зямные законы. Непрыняцце гэтай праўды вядзе да маргіналізацыі хрысціянства з мэтай стварэння новага сусветнага парадку без Бога.

Сёлета гісторыя ўзгадвае 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая дала пачатак нябачнаму ў існаванні чалавецтва пераследу веры, адмовы ад маральных каштоўнасцяў і будаванню новай бязбожнай цывілізацыі. Што з гэтага выйшла, мы добра ведаем.

Ганенні на хрысціянства працягваюцца як у традыцыйных, так і ў новых, нават узаконеных, формах. У выніку чаго прынцыпы жыцця сучаснага секулярызаванага свету інфіцыраваны вірусам духоўнай хворобы. Еўропа літары закона і бюракратыі, у якой чалавек становіцца вінцікам накіраванай на матэрыяльны прыбытак сістэмы, адмаўляецца ад духоўных прынцыпаў, забываючыся пра тое, што чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны. Падобныя тэндэнцыі пагражаюць таксама і нам.

Такім чынам свет імкнецца мінімізаваць уплыў рэлігіі на грамадскае жыццё. Аднак гісторыя ганенняў на Касцёл у Савецкім Саюзе сведчыць аб тым, што, хаця можна абмежаваць людзей у практыцы іх веры, аднак яе нельга выключыць з жыцця і раней ці пазней яна адраджаецца, аб чым сведчыць ажыццяўленне фацімскіх аб’яўленняў, 100-годдзе якіх мы таксама ўспамінаем сёлета.

Маргіналізацыя рэлігіі ў публічнай сферы жыцця — гэта не прыкмета прагрэсу, але знак духоўнай дэградацыі.

З мэтай пазбегнуць такіх і падобных праблем мы павінны імкнуцца да стварэння моцнай хрысціянскай культуры ў нашых сем’ях, асяроддзі і ўсёй беларускай нацыі. Маральная сіла народа павінна стаць дамінуючым азімутам нашай дзейнасці. Пры гэтым трэба памятаць аб тым, што захаванне этычных прынцыпаў служыць дабру грамадства, а еўрапейскую цывілізацыю і яе гуманізм стварае Евангелле, а не парламенцкая большасць.

9. Гэта азначае, што Евангелле павінна ўвасабляцца ў жыцці людзей і закранаць усе сферы чалавечага жыцця, культуры, эканомікі, палітыкі, сацыяльнай сферы, сям’і, адукацыі, сродкаў масавай інфармацыі, навукі, тэхнікі, медыцыны і да т.п. Для гэтага мы павінны аднавіць нашу тоеснасць Божых дзяцей, каб словы св. апостала Яна аб тым, што Збаўца прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11), не сталі нашым асуджэннем.

Сваім нараджэннем Езус паказвае нам дабрыню і міласэрнасць Бога. Таму мы не можам абмежавацца толькі вонкавым святкаваннем Калядаў і адмовіцца ад духоўнага значэння гэтага свята.

Падобна Мудрацам з Усходу, якія прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцу і потым вярнуліся дадому іншай дарогай, таксама і мы, якія прыйшлі пакланіцца Езусу, што знаходзіцца ў яслях, павінны вярнуцца да нашых дамоў, месцаў працы, вучобы і адпачынку дарогай, поўнай Божай ласкі і любові. Мы гэта можам учыніць дзякуючы перамяняючай нас любові, міласэрнасці, прабачэнню і спагадзе, якія прыходзяць да нас праз радасць сустрэчы з Хрыстом, каб свята Божага Нараджэння дапамагло нам духоўна адрадзіцца і напоўніла радасцю і любоўю.

10. Дарагія браты і сёстры, людзі добрай волі!

Сардэчна віншую вас з радасным і збаўчым святам Нараджэння Хрыстова! Святам любові, жыцця, святла і надзеі!

Няхай яно стане часам разважання над таямніцай уцелаўлення Бога, як таямніцай Яго бязмежнай любові да чалавека, таямніцай Божага дару жыцця, які мы павінны сцерагчы як зрэнку вока, і таямніцай Божага святла, якое прасвятляе цемру граху, каб адарыць нас новай надзеяй.

Віншую хрысціян, якія разам з намі святкуюць гэтае свята!

Віншую братоў і сясцёр праваслаўных, якія перажываюць Адвэнт і рыхтуюцца да падобнага свята! Сустрэча папы Францішка і Патрыярха Кірыла ў мінулым годзе, сёлетняе пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы ў Мінску, шматлікія кантакты і сумесныя мерапрыемствы заклікаюць нас да сумеснага хрысціянскага сведчання і абароны духоўных каштоўнасцяў перад небяспечнымі выклікамі сучаснасці.

Прыгожым доказам гэтага з’яўляюцца таксама выданні на беларускай мове «Новага Запавету», якія былі здзейснены ў гэтым юбілейным скарынаўскім годзе як Праваслаўнай Царквой, так і Каталіцкім Касцёлам дзеля духоўнага дабра вернікаў і ўсяго нашага народа.

Віншую ўсіх людзей добрай волі!

Жадаю вам, каб Езус сваёй ласкай штодзённа нараджаўся ў вашых сэрцах!

Няхай Каляды і наступаючы Новы 2018 год будуць напоўненыя духоўнай радасцю і Хрыстовым супакоем! Ты ж, наша Радзіма Беларусь, беражы Божы дар жыцця, умацоўвай узаемную любоў, не гасі святла Бэтлеемскай зоркі, каб быць шчаслівай і магутнай.

Як знак духоўнага адзінства дзялюся з вамі традыцыйнай аплаткай і свае пажаданні ўмацоўваю благаслаўленнем у імя Айца, +і Сына, +і Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 17 снежня 2017 г.
Трэцяя нядзеля Адвэнту


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. http://w2.vatican.va/content/benedict-xvi/it/homilies/2005/ documents/hf_ben-xvi_hom_20051224_christmas.html
  2. https://www.deon.pl/religia/serwis-papieski/aktualnosci-papieskie/art,4469,mocne-slowa-papieza-franciszka-ws-kary-smierci.html
  3. http://www.polskieradio.pl/5/3/Artykul/1403609,Papiez-Franciszek-o-karze-smierci-jest-porazka-panstwa-prawa
  4. http://papiez.wiara.pl/doc/4278972.Co-chrzescijanstwo-moze-wniesc-w-przyszlosc-Europy/

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, 25 снежня 2017 г.

Абноўлена 20.12.2017 11:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.