Пошук

20.12.2017 23:07   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

20 снежня ў Мінск прыбыў Бэтлеемскі агонь. Перад святой Імшой на 18.30 адбылося яго ўрачыстае ўнясенне ў архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, дзе агонь сустрэў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.

Прысутныя ў святыні вернікі змаглі запаліць ад Бэтлеемскага агню знічы, каб занесці агонь у свае дамы.

Перад гэтым, 19 снежня, агонь, перададзены ў Беларусь польскімі скаўтамі, сустрэлі ў Гродне. У сустрэчы агню ў гродзенскім катэдральным касцёле ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, святары і шматлікія католікі Гродна і іншых мясцін нашай краіны, якія прыбылі, каб занесці агонь у свае дамы і парафіі.

Зараз агонь прабывае ў мінскай архікатэдры. На працягу наступных трох дзён ён трапіць у іншыя святыні Мінска.

Расклад «падарожжа» Бэтлеемскага агню па парафіях Беларусі (абноўлена)

Бэтлеемскі агонь аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных веравызнанняў: ён трапіць як у каталіцкія, так і ў праваслаўныя святыні Беларусі.

Цудоўную перадкалядную традыцыю — распаўсюджванне Бэтлеемскага агню — распачалі ў 1986 г. у аўстрыйскім горадзе Лінц. Першапачаткова яна планавалася як акцыя ў перыяд калядных святаў з мэтай падтрымкі дзяцей-інвалідаў і ўсіх, хто патрабуе дапамогі і ўвагі. Гэтую высакародную справу адразу ўзялі ў свае рукі еўрапейскія скаўты.

Кожны год аўстрыйскія скаўты бяруць агонь у месцы нараджэння Езуса Хрыста ад нязгаснай лампады ў базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме і дастаўляюць яго самалётам у Аўстрыю. Пасля ўрачыстасцяў у катэдральным касцёле ў Вене агонь перадаецца ў іншыя краіны.

 

 

Абноўлена 16.07.2018 22:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа