Пошук

20.12.2017 08:56   grodnensis.by

19 снежня ў катэдральны касцёл св. Францішка Ксаверыя ў Гродне быў унесены Бэтлеемскі агонь міру, які даставілі харцэры з польска-беларускай мяжы. Менавіта з Гродна Бэтлеемскі агонь распачынае сваю вандроўку па Беларусі.

У найбліжэйшыя гадзіны і дні ён дасягне іншых гарадоў нашай краіны. Агонь разносяць беларускія скаўты. Ён будзе занесены таксама ў шпіталі, хоспісы, а найперш — да састарэлых, самотных і пакінутых людзей.

Таксама па тэме:

Расклад «падарожжа» Бэтлеемскага агню па парафіях Беларусі

У Беларусь Бэтлеемскі агонь прыбыў ужо ў 18-ы раз. Бэтлеемскі агонь прыняў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На набажэнстве cабраліся вернікі Гродна i ваколіц, каб узяць агонь у свае дамы на вігілійны стол, дзе ён будзе нагадваць аб Уцелаўленні Божага Сына.

Падчас набажэнства перадачы Бэтлеемскага агню міру біскуп Кашкевіч нагадаў, што сёлетняя акцыя адбываецца пад дэвізам: «У Табе ёсць святло».

Як адзначыў іерарх, гэтыя словы нагадваюць праўду аб тым, што гэтае асаблівае святло заўсёды паходзіць ад Бога i ўказвае на глыбокае пранікненне ў чалавечае жыццё святла Езуса, якое «асвятляе цемру». «Кожны з нас, незалежна ад свайго ўзросту, можа стаць чалавекам, які нясе святло — значыць нясе Езуса ў свет», — патлумачыў біскуп.

Іерарх дадаў, што гэтая прыгожая акцыя мае між іншым евангелізацыйны характар, яе мэта — дайсці да людзей, месцаў вучобы і працы з Добрай Навіной, і трэба мець у сабе як найбольш Божага святла.

«Чым больш мы самі маем святла Езуса, чым больш гэтага святла ў нашых сем’ях, тым больш наша супольнасць жывая, а місія — праўдзівая», — сказаў біскуп.

Гродзенскі ардынарый заклікаў прысутных перадаваць агонь, каб запальваць нябачнае святло ў сэрцах іншых людзей. Святло, «якое ёсць у нас, каб людзі, якія арыентаваны на святло, верылі не ў цемру, а ў яснасць дня; каб не паддаваліся ночы, але мелі надзею на ранак; каб не пакарыліся злу і заўсёды верылі ў бясконцыя магчымасці дабра».

Іерарх падкрэсліў, што святы Божага Нараджэння з’яўляюцца асаблівым часам, каб радаснае пасланне з Бэтлеема дасягнула ўсіх з новай моцай, бо cучасны чалавек і свет маюць патрэбу ў гэтым святле.

Абноўлена 16.07.2018 22:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця