Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр 28 лістапада наведаў Бараўляны і прамовіў гамілію на Імшы для прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі.
У Бараўлянах у гэты дзень праходзіла пленарнае пасяджэнне каардынацыйнай групы Вышэйшых Настаяцеляў, Дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых Манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.
У сваёй прамове Апостальскі Нунцый закрануў аспекты планавання і рэалізацыі пастырства моладзі ў Беларусі.
«Варта памятаць, што ўсё, што мы робім, як і ўсё, чаго не робім, з’яўляецца фармаваннем маладога чалавека і яго светапогляду. Добра арганізаваная катэхеза, асабісты кантакт, прыклад сталай у веры супольнасці выхоўвае да пэўных рэчаў; іх адсутнасць — выхоўвае да іншых», — падкрэсліў іерарх.
Адказваючы на пытанне, як арганізаваць душпастырства моладзі на высокім узроўні, арцыбіскуп Пінтэр прывёў словы папы Францішка: «распачаць працэс распазнання і адкрыць Божы план адносна іхняга жыцця».
«Калі група адданых і кваліфікаваных людзей вывучае сітуацыю, плануе, прапануе, стымулюе, рэалізуе, правярае працэс фармавання даручаных іх апецы вернікаў, такая супольнасць на працягу кароткага часу можа прайсці вялікі шлях развіцця», — адзначыў іерарх.
Істотнымі ўмовамі эфектыўнай выхаваўчай працы, паводле нунцыя, з’яўляюцца ментальнасць папярэдняга планавання, супрацоўніцтва і каардынацыя, супольнае бачанне сітуацый і рашэнняў.
«Распачаць нешта новае вельмі цяжка, асабліва калі няма папярэдняга вопыту. Гэта рызыка і выклікі, але з іншага боку — магчымасці і перспектывы росту. Першы крок — гэта засяродзіцца на ясным бачанні справы.
Неабходна дакладнае бачанне: чаго мы гэтым жадаем дасягнуць? Ці гэта тое, чаго жадае ад нас Бог?
Другая парада: паглядзець, як падобныя пытанні вырашаюць іншыя. Будзе мудра паглядзець на ўжо існуючы досвед іншых людзей. Трэці крок заключаецца ў будаванні на фундаменце таго, што вы ўжо ведаеце. Папярэднія праекты, удалыя ці не зусім, заўсёды з'яўляюцца крыніцай ведаў і каштоўнасцяў для любой групы. Чацвёрты крок — прызнаць, што рызыка непазбежная.
Мы павінны стварыць надзейны план кіравання рызыкамі, які ўключае ў сябе, сярод іншага, дакладную стратэгію камунікацыі. Калі ўсе ведаюць матывацыю, мэту, выбраныя сродкі, то, нават калі штосьці пойдзе не так, вялікіх непаразуменняў быць не павінна.
Яшчэ адна парада — выпрацаваць у сабе ментальнасць папярэдняга планавання. Куды я жадаю прыйсці, чаго хачу дасягнуць за гэтыя тры-пяць гадоў. Ментальнасць папярэдняга планавання заўсёды накіравана на развіццё: калі мы думаем толькі пра тое, як захаваць ужо існуючае, то ў такога праекта няма будучыні».
Арцыбіскуп Габар Пінтэр заклікаў кансэкраваных асобаў не баяцца свайго задання і магчымасцяў.
«Падыйшоўшы да справы з адпаведным метадам і з камандай аднадумцаў, напэўна, убачым багаты плён. Няхай Дух Святы дапаможа вам распазнаць Божую волю адносна вашых супольнасцяў», — дадаў іерарх.
Паводле Апостальскага Нунцыя, добры праект манаскай супольнасці стане мадэллю і запрашэннем для кожнага маладога чалавека стварыць добры Асабісты Праект, які дапаможа яму стаць рэалізаваным, шчаслівым дзіцём Божым.
«Зрабіўшы ўсё, што залежыць ад нас, памятаем, што ўсё ў руках Божых, — адзначыў іерарх. — Таму на завяршэнне я хацеў бы падзяліцца з вамі думкай святога Яна Боско, айца і настаўніка моладзі: “Выхаванне — справа сэрца, і толькі Бог з’яўляецца яго гаспадаром, таму мы не зможам нічога дасягнуць, калі Бог не навучыць нас гэтаму мастацтву і не ўкладзе ў нашыя рукі ключы”».