Пошук

29.11.2017 10:51   Фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC / Catholic.by

28 лістапада ў Доме ксяндзоў салезіянаў у Бараўлянах прайшло пленарнае пасяджэнне каардынацыйнай рады прадстаўнікоў Вышэйшых Настаяцеляў, Дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых Манаскіх Інстытутаў і Таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі.

Гасцямі сустрэчы сталі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч і дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

«Цешуся з таго, што ўжо некалькі гадоў існуе прадстаўніцтва розных манаскіх супольнасцяў у Беларусі. Гэта знак развіцця кансэкраванага жыцця і адначасова знак таго, што яно імкнецца дзейнічаць як арганізаваная структура», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Звяртаючыся да чытанняў Евангелля гэтага дня, іерарх падкрэсліў, што «яны нагадваюць нам пра міласэрнага і добрага Бога, які з'яўляецца любячым нас бязмежнай любоўю Айцом».

«Гэты факт з’яўляецца вельмі важным як для кожнага хрысціяніна, так і для манаскіх супольнасцяў, бо з яго выплывае святло, радасць, суцяшэнне і аптымізм. Нам усім неабходна жыць гэтай праўдай у нашых змаганнях са слабасцямі, у смутках і радасцях. Ніхто і нішто не можа зацямніць гэтай праўды», — падкрэсліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Арцыбіскуп адзначыў, што «кансэкраванае жыццё праз абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці становіцца пасланнем сучаснаму свету».

Аналізуючы Евангелле, Мітрапаліт заўважыў, што гэтыя абяцанні — не што іншае, як шлях супраць цячэння сучаснага свету і яго тэндэнцый, якія разбураюць духоўнае жыццё.

«Яны таксама з’яўляюцца праграмай будавання асабістага шчасця. Усё гэта дазваляе кансэкраванай асобе напоўніць сэрца любоўю да Бога і бліжняга, што дапамагае ў будаванні дабра на зямлі і асабістага шчасця», — сказаў арцыбіскуп.

Іерарх задаўся пытаннем: наколькі ў сапраўдным жыцці манаскіх супольнасцяў сапраўды ажыццяўляецца гэтае пасланне? У гэтай важнай справе, паводле слоў Мітрапаліта, злы дух стараецца перашкодзіць у ажыццяўленні манаскіх абяцанняў. Спачатку ён прапаноўвае кансэкраванай асобе малыя адступленні, потым — большыя, «і так паступова зацягвае ў свае сеткі».

«У выніку чаго мы становімся соллю без смаку і лямпай без святла з духоўна пустым пасланнем», — падкрэсліў арцыпастыр, заклікаючы «ўсімі сіламі бараніцца перад марнасцю кансэкраванага жыцця, каб праз абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці быць бачным і прамаўляючым да сучаснага свету пасланнем, што не прыемнасці, не багацце і не ўлада, але зусім іншыя каштоўнасці будуюць дабро і вядуць да шчасця».

«Дзякуйце Богу за дар паклікання, даражыце ім! Людзі хочуць бачыць у вас соль і святло сучаснага свету. Хочуць бачыць тых, якія ў часы новых і небяспечных выклікаў застаюцца вернымі свайму манаскаму пакліканню, перад усім жывучы паводле евангельскіх радаў чыстасці, убоства і паслухмянасці, а таксама згодна з харызмай сваіх заснавальнікаў», — заключыў іерарх.

Абноўлена 01.02.2022 16:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця