18 лістапада ў межах урачыстасцяў у Вострай Браме (Літва) адбылася святая Імша для пілігрымаў з Беларусі. Эўхарыстыю ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
У гаміліі, звяртаючыся да прысутных, іерарх адзначыў: «Нашы дзяды і прадзеды ехалі сюды, каб прасіць Багародзіцу аб заступніцтве. Мы, як іх нашчадкі, працягваем гэту традыцыю, нягледзячы на змену сацыяльна-палітычнай сітуацыі. Маці заўсёды застаецца маці, і мы спяшаемся да яе, бо ведаем, што яна не адкіне, але выслухае, абдыме і суцешыць».
Сёлета, як нагадаў Мітрапаліт, юбілейны год 90-й гадавіны каранацыі папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай. «Таму гэтая дата нас яднае. Літву, асабліва Віленскі край, і Беларусь яднаюць таксама Вастрабрамскі і Будслаўскі санктуарыі. Гэтая еднасць асабліва праяўлялася ў часы Вялікага княства Літоўскага і, дзякуй Богу, працягваецца і цяпер», – сказаў арцыпастыр.
Таксама, звярнуў увагу арцыбіскуп Кандрусевіч, у гэтым годзе «мы ўспамінаем дзве супрацьпастаўленыя паміж сабой падзеі – 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі і 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў».
«Адкінуўшы духоўныя прынцыпы, Кастрычніцкая рэвалюцыя пачала будаваць новы свет без Бога. У выніку чаго ідэалы міра, дабра, справядлівасці, роўнасці, свабоды, якія абвяшчалі рэвалюцыянеры, замяніліся ў тэрор, ганенні на веру і пераслед адных суайчыннікаў іншымі.
Заклапочаная лёсам сваіх духоўных дзяцей, Марыя 100 гадоў таму ў Фаціме заклікала да малітвы і навяртання як сродку пазбегчы надыходзячыя цярпенні і ганенні на веру. Прадказваючы няшчасці, якія нас чакалі, Яна не пакінула нас у палоне безнадзейнасці, бо прадказала, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і нашы землі навярнуцца да Бога», – дадаў іерарх.
Па словах Мітрапаліта, «свабода веравызнання – гэта вялікі Божы дар, але адначасова і заданне»: «Мы ахрышчаны, прыступалі да першай споведзі і Камуніі, можа, нават кожную нядзелю ходзім у касцёл, але ў паўсядзённым жыцці займаемся сваімі праблемамі, становімся інжынерамі, урачамі, бізнесменамі і г.д. і не звяртаем увагі на духоўнае жыццё і неабходнасць яго сведчання. Такое хрысціянства не з’яўляецца сапраўдным».
«Мы, хрысціяне, павінны быць Хрыстафорамі, гэта азначае тымі, хто нясе свету Хрыста і Яго Евангелле, – адзначыў арцыбіскуп. – Каб быць такімі, мы самі павінны прыняць Евангелле, як заўсёды жывое і дзейснае Божае слова, якое здольна змяніць свет. Да гэтага нас заахвочвае Касцёл. Заахвочвае таксама і юбілей 500-годдзя выдання першай друкаванай на ўсходнеславянскіх землях кнігі, якой з’яўляецца Біблія Францішка Скарыны. Сын беларускай зямлі пяць стагоддзяў таму пераклаў і выдаў на старабеларускай мове Біблію, як кнігу жыцця, каб яе чыталі, разумелі, з яе чэрпалі духоўныя лекі з мэтай духоўнага перамянення».
Іерарх дадаў, што Францішак Скарына таксама жыў і працаваў у Вільні, быў сакратаром Віленскага біскупа, заснаваў першую на ўсходніх землях тыпаграфію і выдаў «Малую падарожную кніжку», якая ўключае ў сябе Псалтыр і многія рэлігійныя тэксты, і «Апостала».
«Юбілей скарынаўскай Бібліі заклікае нас у пошуках шчаслівага жыцця і адказу на выклікі часу звяртацца да Божага слова, якое здольна нас змяніць. Заклікае да гэтага і Марыя. Прыняўшы падчас Звеставання Божае слова, Яна стала Маці Збаўцы», – сказаў Мітрапаліт.
«Моцна распаўсюджанай і вельмі небяспечнай хваробай нашага часу з’яўляецца тое, што мы больш давяраем сродкам масавай інфармацыі, чым Богу. Пабачанае ў тэлевізары, пачутае па радыё, прачытанае ў газеце ці ў інтэрнэце мы прымаем за праўду.
У гэтым сэнсе мы вельмі моцна адрозніваемся ад Марыі, якая разважала ў сваім сэрцы над словамі, якія пачула ад Бога. У той жа час менавіта заўсёды дзейснае і актуальнае Божае слова можа змяніць наш лёс і вярнуць страчаную надзею», – падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.