18 лістапада 2017 г.
Маці Міласэрнасці, пад Тваю абарону прыбягаем
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, удзельнікі гэтай святой Імшы ў гонар Маці Божай Вастрабрамскай.
1. Мы вельмі добра ведаем гэтыя словы, напісаныя на франтоне вастрабрамскай капліцы. Нашы дзяды і прадзеды ехалі сюды, каб прасіць Багародзіцу аб заступніцтве. Мы, як іх нашчадкі, працягваем гэту традыцыю, нягледзячы на змену сацыяльна-палітычнай сітуацыі.
Маці заўсёды застаецца маці, і мы спяшаемся да яе, бо ведаем, што яна не адкіне, але выслухае, абдыме і суцешыць.
2. Сёння мы спяшаемся сюды ў юбілейны год 90-й гадавіны каранацыі папскімі каронамі цудатворнага абраза Маці Божай Вастрабрамскай, якая мела месца 2 ліпеня 1927 г., у свята Адведзінаў Марыяй св. Альжбеты, у дзень, калі мы адзначаем урачыстасць Маці Божай Будслаўскай – Апякункі Беларусі. Таму гэтая дата нас яднае. Літву, асабліва Віленскі край, і Беларусь яднаюць таксама Вастрабрамскі і Будслаўскі санктуарыі. Гэтая еднасць асабліва праяўлялася ў часы Вялікага княства Літоўскага і, дзякуй Богу, працягваецца і цяпер.
Божая Маці на вастрабрамскім абразе прадстаўлена без Немаўляткі Езуса. Пра Яе кажуць, што Яна цяжарная, аб чым сведчыць шырокая сукенка і складзеныя на грудзях рукі. Яшчэ адным аргументам з’яўляецца тое, што Марыя мае дзве кароны – адну для сябе, другую для Езуса, які павінен нарадзіцца.
Мы спяшаемся да Божай Маці Вастрабрамскай у год, калі ўспамінаем дзве супрацьпастаўленыя паміж сабой падзеі – 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі і 100-годдзе фацімскіх аб’яўленняў.
Адкінуўшы духоўныя прынцыпы, Кастрычніцкая рэвалюцыя пачала будаваць новы свет без Бога. У выніку чаго ідэалы міра, дабра, справядлівасці, роўнасці, свабоды, якія абвяшчалі рэвалюцыянеры, замяніліся ў тэрор, ганенні на веру і пераслед адных суайчыннікаў іншымі.
Заклапочаная лёсам сваіх духоўных дзяцей, Марыя 100 гадоў таму ў Фаціме заклікала да малітвы і навяртання як сродку пазбегчы надыходзячыя цярпенні і ганенні на веру. Прадказваючы няшчасці, якія нас чакалі, Яна не пакінула нас у палоне безнадзейнасці, бо прадказала, што Яе Беззаганнае Сэрца затрыўмфуе і нашы землі навярнуцца да Бога.
3. Трэба было доўга чакаць, што было нялёгка. Дзе мы тады шукалі суцяшэння і дапамогі? У Марыі, у Будславе і асабліва тут, у Вострай Браме.
Яшчэ не так даўно, у часы ганенняў на Касцёл, вернікі з Беларусі разам са сваімі святарамі ля падножжа Маці Божай Міласэрнасці прасілі аб свабодзе веравызнання і ажыццяўленні фацімскіх аб’яўленняў.
Фрагмент Евангелля аб цудзе ў Кане Галілейскай распавядае, як Езус па просьбе Марыі перамяніў ваду ў віно. У часы ганенняў у Вострай Браме беларускі народ прасіў аб цудзе. Няма свабоды веравызнання, няма святароў, няма касцёлаў, няма семінарый, няма рэлігійнай літаратуры! Марыя, выпрасі ў свайго Сына цуд. Такімі былі асноўныя інтэнцыі, з якімі беларускія вернікі ехалі сюды. І гэты цуд стаўся. “Непарушны і магутны”, як казалі калісьці, Савецкі Саюз аказаўся волатам на гліняных нагах і ўмомант разваліўся.
4. Са зменай сацыяльна-палітычнай сітуацыі змянілася і сітуацыя са свабодай рэлігіі. Падземная рака веры, якая захавалася, нягледзячы на ганенні, вырвалася наверх, каб несці людзям жыццядайную Божую ласку. Як вядома, дарога з Вострай Брамы вядзе проста на Усход, на Мінск і Маскву.
Народы Усходу, якія сем дзесяцігоддзяў былі адрэзаны ад жыццядайнага кіслароду веры, атрымалі доступ да яго. Як кісларод патрэбны для нармальнага функцыянавання арганізма, таксама і вера патрэбна для нармальнага духоўнага жыцця.
Свабода веравызнання – гэта вялікі Божы дар, але адначасова і заданне. Гэта выклік, на які трэба адказваць. Мы ахрышчаны, прыступалі да першай споведзі і Камуніі, можа, нават кожную нядзелю ходзім у касцёл, але ў паўсядзённым жыцці займаемся сваімі праблемамі, становімся інжынерамі, урачамі, бізнесменамі і г.д. і не звяртаем увагі на духоўнае жыццё і неабходнасць яго сведчання. Такое хрысціянства не з’яўляецца сапраўдным. Яго нават можна назваць карыкатурай хрысціянства, бо яно павінна быць жывым.
Прыкладам з’яўляецца Марыя, якая пасля прыняцця Божай волі не засталася ў Назарэце, але пайшла да сваёй сваячкі Альжбеты, каб ёй дапамагчы. Яна пайшла не адна, бо пад Яе сэрцам білася сэрца Збаўцы, ласку якога Яна несла ў дом Альжбеты і Захарыі. Таксама і мы, хрысціяне, павінны быць Хрыстафорамі, гэта азначае тымі, хто нясе свету Хрыста і Яго Евангелле.
5. Каб быць такімі, мы самі павінны прыняць Евангелле, як заўсёды жывое і дзейснае Божае слова, якое здольна змяніць свет. Да гэтага нас заахвочвае Касцёл. Заахвочвае таксама і юбілей 500-годдзя выдання першай друкаванай на ўсходнеславянскіх землях кнігі, якой з’яўляецца Біблія Францішка Скарыны. Сын беларускай зямлі пяць стагоддзяў таму пераклаў і выдаў на старабеларускай мове Біблію, як кнігу жыцця, каб яе чыталі, разумелі, з яе чэрпалі духоўныя лекі з мэтай духоўнага перамянення.
Прыкметна, што Францішак Скарына таксама жыў і працаваў у Вільні. Ён быў сакратаром Віленскага біскупа, заснаваў першую на ўсходніх землях тыпаграфію і выдаў “Малую падарожную кніжку”, якая ўключае ў сябе Псалтыр і многія рэлігійныя тэксты, і “Апостала”.
У апошнія гады ў Вільнюсе адбываюцца Скарынаўскія чытанні. 15-18 лістапада такія чынанні адбыліся ў Літоўскай Акадэміі навук у Вільнюсе. Нядаўна Банк Літвы выпусціў прысвечаную юбілею 500-годдзя выдання Бібліі Францішкам Скарынам сярэбраную манету наміналам 20 €. Гэта сведчанне таго, што наш славуты зямляк добра вядомы ў Літве і да яго тут з павагай ставяцца.
6. Юбілей скарынаўскай Бібліі заклікае нас у пошуках шчаслівага жыцця і адказу на выклікі часу звяртацца да Божага слова, якое здольна нас змяніць. Заклікае да гэтага і Марыя. Прыняўшы падчас Звеставання Божае слова, Яна стала Маці Збаўцы.
Моцна распаўсюджанай і вельмі небяспечнай хваробай нашага часу з’яўляецца тое, што мы больш давяраем сродкам масавай інфармацыі, чым Богу. Пабачанае ў тэлевізары, пачутае па радыё, прачытанае ў газеце ці ў інтэрнэце мы прымаем за праўду.
У гэтым сэнсе мы вельмі моцна адрозніваемся ад Марыі, якая разважала ў сваім сэрцы над словамі, якія пачула ад Бога. У той жа час менавіта заўсёды дзейснае і актуальнае Божае слова можа змяніць наш лёс і вярнуць страчаную надзею.
Гэтае слова ператварыла простых галілейскіх рыбакоў у апосталаў. Ператварыла ганіцеля Хрыста Саўла ў апостала народаў Паўла. З грэшніка Аўгустына ўчыніла святога і найбольш вядомага тэолага і філосафа. Такіх прыкладаў гісторыя хрысціянства ведае шмат.
7. На вяселлі ў Кане Галілейскай Марыя сказала: “Зрабіце тое, што скажа вам Мой Сын”. Слугі зрабілі, і стаўся цуд перамянення вады ў віно. Што нам сёння кажа Езус – Сын Марыі? Навяртайцеся і верце ў Евангелле, каб быць дасканалымі, як дасканалы Мой Нябесны Айцец.
Марыя, Твой заклік да малітвы і навяртання з Фацімы, які актуалізуе словы Твайго Сына Езуса Хрыста, не страціў сваёй актуальнасці, бо ізноў чалавецтва, імкнучыся будаваць новы сусветны парадак без Бога, наступае на тыя ж самыя граблі. Будзь міласэрнай да нас і выпрасі ў свайго Сына ласку, каб мы па Тваім прыкладзе захоўвалі Божае слова, разважалі над ім і імкнуліся да дасканаласці, якая з’яўляецца гарантыяй будавання шчаслівага жыцця на гэтай зямлі і дасягнення шчасця ў вечнасці. Амэн.