![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-001.jpg)
21 кастрычніка ў катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве адбыўся Ружанцовы кангрэс. Галоўнай мэтай кангрэсу было абуджэнне большай любові да малітвы Ружанца.
Арганізатарамі кангрэсу выступілі айцы дамінікане з Магілёва. Да ўдзелу былі запрошаны святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі груп «Жывога Ружанца» з усіх дыяцэзій і ўсе тыя, хто пажадаў «нанова запалаць апостальскай руплівасцю і стаць евангелізатарамі — найперш праз уласнае навяртанне і малітву, а таксама праз заахвочванне іншых да гэтай незвычайнай малітвы».
Кангрэс распачаўся раніцай. З дакладам «Развіццё ружанцовай малітвы і актуальнасць вучэння папы Льва XIII у яго дванаццаці ружанцовых энцыкліках» выступіў а. доктар Анджэй Белят ОР. Пасля прагучаў даклад а. Рамана Шульца ОР пад назвай «Важныя аспекты апостальскага ліста Яна Паўла ІІ Rosarium Virginis Mariae у перспектыве 5 умоваў малітвы на ружанцы».
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-007.jpg)
Прысутныя мелі магчымасць задаць дакладчыкам пытанні.
Потым адбылася малітва Ружанца і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Пасля абеду да сабраных звярнулася з дакладам «Ружанцовая малітва і справы Міласэрнасці ў жыцці благаслаўлёнага Барталамея Лонга, дамініканскага тэрцыярыя» Юлія Шэдзько Ops. Быў прадстаўлены таксама даклад с. Марыі Емяльянчык ОР «Значэнне і неабходнасць ружанцовай малітвы, паказаныя ў фацімскіх аб’яўленнях». Зноў прагучалі пытанні да выступоўцаў.
Пасля невялікага перапынку настаў час для сведчанняў, вершаў, увазе прысутных былі прадстаўлены новыя музычныя творы і песні на ружанцовую тэматыку.
Кангрэс завяршыўся святой Імшой, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Іерарх падзякаваў біскупу Аляксандру Яшэўскаму SDB, біскупскаму вікарыю для Магілёва і Магілёўскай вобласці, і айцам дамініканам за арганізацыю гэтага кангрэса, які, па словах Мітрапаліта, «будзе спрыяць далейшаму развіццю ружанцовай малітвы, якая, праз праслаўленне Марыі, вядзе нас да Езуса».
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-008.jpg)
«Ружанец – гэта кніга хрысціянскай веры, надзеі і любові. Будучы скаротам Евангелля, Ружанец дапамагае нам у разважанні над таямніцай жыцця Езуса і Марыі і выконвання імі Божай волі. У ім Марыя вучыць нас казаць нашае “так” Богу і такім чынам прымаць удзел у Яго збаўчым плане», - адзначыў арцыбіскуп у гаміліі.
«Калі мы паўтараем імя Марыі, то Яна праз разважанні вядзе нас да Езуса і ўсё глыбей тлумачыць, кім на самой справе ёсць Езус і што Ён учыніў нам. Найбольш важна тое, што Марыя хоча, каб мы зразумелі, па якой прычыне Езус жыў на гэтай зямлі, вучыў людзей праўдам веры, памёр і ўваскрос. А менавіта па прычыне бязмежнай Божай міласэрнасці», - патлумачыў арцыпастыр.
«Поўная ласкі Марыя верна следавала за Хрыстом. З хвіліны Звеставання Яна жыла радасцю чакання нараджэння Езуса і Яго прышэсця ў свет. Потым разам з Ім раздзяляла Яго радасці і цярпенні. А калі злучылася з Ім у Нябесным Валадарстве, то Ён зрабіў Яе Каралевай неба і зямлі. На прыкладзе Марыі Езус паказаў нам шлях да вечнага шчасця ў небе. Таму сапраўды Ружанец з’яўляецца той прыладай, якая спрыяе нашаму духоўнаму ўдасканаленню», - дадаў іерарх.
«Але гэта яшчэ не ўсё. Ружанец з’яўляецца нашай духоўнай зброяй. Марыя, як Каралева неба і зямлі, камандуе легіёнамі анёлаў і святых і таксама дапамагае нам, грэшнікам. Яе апека з’яўляецца вельмі моцнай. Таму Ружанец – гэта значна больш, чым толькі рэха біблійных гісторый. Гэта наша сіла», - звярнуў увагу Мітрапаліт.
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-009.jpg)
«Сучасны свет перажывае шмат баталій, якія скіраваны супраць хрысціянства, супраць сям’і, як галоўнай клеткі грамадства, супраць самага вялікага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця, супраць маральнага ладу і г.д. Штодзённае жыццё знаходзіцца пад абстрэлам цяжкай артылерыі амаральнасці і рэлігійнай абыякавасці. Таму мы патрабуем дапамогі, і яна прыходзіць праз Марыю», - сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.
Іерарх нагадаў, што ў мінулую нядзелю завяршылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якая адбывалася з нагоды юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. «100 гадоў таму Марыя прыйшла да нас з дапамогай. Як лекі ад хваробы атэізму Яна прапанавала малітву і навяртанне і дала надзею на тое, што прыйдуць часы свабоды веравызнання. Гэтая надзея суправаджала нас доўгія тры пакаленні, і сёння мы з’яўляемся сведкамі яе ажыццяўлення. Ружанец стаў той малітвай, дзякуючы якой вера ў часы атэістычнага рэжыму была захавана і перададзена маладым пакаленням», - падкрэсліў Мітрапаліт.
«Сёння мы перажываем новыя выклікі, калі ўжо не ідэалагічны, але матэрыялістычны атэізм пагражае свету, - заўважыў таксама іерарх. - Да каго звернемся? Хто дапаможа? Марыя, як заўсёды, не пакіне нас бездапаможнымі. Трэба толькі звярнуцца да Яе».
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-001.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-002.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-003.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-004.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-005.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-006.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-007.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-008.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-009.jpg)
![](/3/images/previews/news/2017/10/6772/s-2017-10-23-magileu-010.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-001.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-002.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-003.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-004.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-005.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-006.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-007.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-008.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-009.jpg)
![](/3/images/news/2017/10/6772/2017-10-23-magileu-010.jpg)
«Падчас гэтага ружанцовага кангрэсу звяртаемся да Цябе, Марыя; ратуй нашу беларускую сям’ю, крыніцу жыцця і першую школу чалавечай і духоўнай фармацыі. Ратуй пачатае і яшчэ не народжанае жыццё, бо аборт – гэта генацыд свайго ж народа, а смяротнае пакаранне не згодна з Божым правам на жыццё кожнага чалавека, у тым ліку і злачынцы. Ратуй веру, каб яна не згасла, а заўсёды гарэла моцным агнём нашага хрысціянскага сведчання», - сказаў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/left.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/right.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)
![](https://catholic.by/3/templates/catholic/img/close.png)