18 кастрычніка, у свята святога Лукі, евангеліста, адбылася малітоўная акцыя «Мільён дзяцей моліцца на Ружанцы».
Як адзначаецца на сайце Місіі Добрага Самараніна Samaranin.by, ружанцовая малітва па традыцыі адбылася ў інтэнцыі міру ва ўсім свеце. Ужо ў пяты раз да яе далучыліся маленькія вернікі з усіх дыяцэзій Беларусі, сабраныя ў розных святынях нашай краіны.
Так, у санктуарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне (Барысаўскі дэканат) сабраліся дзеткі з Барысава, Мінска і Смалявічаў. Праз тэлемост была наладжана сувязь з іх аднагодкамі, якія па чарзе маліліся таямніцы Ружанца ў Бабруйску, Браславе, Баранавічах і Гродне.
«Мільён дзяцей моліцца на ружанцы» — сусветная ініцыятыва, якая ўпершыню адбылася ў 2005 годзе ў Венесуэле як адказ на заклік Маці Божай Фацімскай у 1917 годзе маліцца на ружанцы ў інтэнцыі міру.
Багародзіца таксама падкрэсліла, што вялікую моц мае шчырая малітва дзяцей. Арганізатарам акцыі з’яўляецца Папскі фонд «Дапамога Касцёлу ў патрэбе». Каардынатарам правядзення акцыі ў Беларусі з’яўляецца дабрачынная мiсiя Добрага Самаранiна пад апекай святой Уршулi Ледухоўскай. Яе галоўная мэта — паказаць, што даверлівая малітва дзяцей можа ўзносіцца проста да Бога і такім чынам змяняць свет.