Магілёў, 21 кастрычніка 2017 г.
Ваша Эксцэленцыя біскуп Аляксандр Яшэўскі, дарагія браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры, прыхільнікі святога Ружанца!
1. Найперш дазвольце падзякаваць біскупу Аляксандру і айцам дамініканам за арганізацыю гэтага кангрэсу, які будзе спрыяць далейшаму развіццю ружанцовай малітвы, якая, праз праслаўленне Марыі, вядзе нас да Езуса.
Вялікі прыхільнік ружанцовай малітвы, св. Ян Павел II, кажа, што, хаця Ружанец з’яўляецца марыйнай малітвай, тым не менш гэта хрысталагічная малітва, якая вядзе нас да Езуса і з’яўляецца адным з традыцыйных шляхоў сузірання Яго аблічча.
2. Галоўным пунктам малітвы Ружанца з’яўляюцца словы анёльскага прывітання: “Вітай, Марыя, поўная ласкі”. Гэтыя словы арханёла Габрыэля аб абранні Марыі Богам быць Маці Збаўцы і Яе згода далі пачатак ажыццяўленню Божага плану збаўлення чалавецтва.
“Вітай, Марыя!” Чалавецтва не перастае паўтараць гэты заклік боскага пасланніка арханёла Габрыэля. У рытме малітвы святога Ружанца гэтымі словамі мы праслаўляем Марыю – Маці Бога. У міласэрным плане нябеснага Айца, нарадзіўшы Збаўцу, Марыя хоча, каб праз гэту малітву мы лепей пазналі Езуса і Яго любілі. Таямніцы жыцця Езуса, Марыі і кожнага з нас цесна пераплецены. Сын Божы праз сваё ўцелаўленне аб’яднаўся з кожным чалавекам і аб’явіў нам, кім мы ёсць і да чаго мы пакліканы, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор.
3. Ружанец – гэта кніга хрысціянскай веры, надзеі і любові. Будучы скаротам Евангелля, Ружанец дапамагае нам у разважанні над таямніцай жыцця Езуса і Марыі і выконвання імі Божай волі. У ім Марыя вучыць нас казаць нашае “так” Богу і такім чынам прымаць удзел у Яго збаўчым плане.
Калі мы паўтараем імя Марыі, то Яна праз разважанні вядзе нас да Езуса і ўсё глыбей тлумачыць, кім на самой справе ёсць Езус і што Ён учыніў нам. Найбольш важна тое, што Марыя хоча, каб мы зразумелі, па якой прычыне Езус жыў на гэтай зямлі, вучыў людзей праўдам веры, памёр і ўваскрос. А менавіта па прычыне бязмежнай Божай міласэрнасці. Бог так палюбіў свет, што аддаў свайго адзінароднага Сына, як вучыць св. апостал Ян. Дзеля нас і нашага збаўлення Сын Божы стаўся чалавекам, быў укрыжаваны і ўваскрос, каб нам адчыніць замкнёныя з часоў Адама і Евы брамы неба.
Поўная ласкі Марыя верна следавала за Хрыстом. З хвіліны Звеставання Яна жыла радасцю чакання нараджэння Езуса і Яго прышэсця ў свет. Потым разам з Ім раздзяляла Яго радасці і цярпенні. А калі злучылася з Ім у Нябесным Валадарстве, то Ён зрабіў Яе Каралевай неба і зямлі. На прыкладзе Марыі Езус паказаў нам шлях да вечнага шчасця ў небе. Таму сапраўды Ружанец з’яўляецца той прыладай, якая спрыяе нашаму духоўнаму ўдасканаленню.
4. Але гэта яшчэ не ўсё. Ружанец з’яўляецца нашай духоўнай зброяй. Марыя, як Каралева неба і зямлі, камандуе легіёнамі анёлаў і святых і таксама дапамагае нам, грэшнікам. Яе апека з’яўляецца вельмі моцнай. Таму Ружанец – гэта значна больш, чым толькі рэха біблійных гісторый. Гэта наша сіла.
Марыя першай пачула словы анёльскага прывітання. Яе згода прынесла свету Збаўцу, і Яна не можа не выслухаць нашых просьбаў, калі мы звяртаемся да Яе.
5. Гісторыя хрысціянства добра ведае змаганне пад Лепата, калі ў 1571 г. хрысціянская флатылія, молячыся малітвай Ружанца, перамагла ў бітве за хрысціянскую Еўропу.
Сучасны свет перажывае шмат баталій, якія скіраваны супраць хрысціянства, супраць сям’і, як галоўнай клеткі грамадства, супраць самага вялікага Божага дару, якім з’яўляецца дар жыцця, супраць маральнага ладу і г.д. Штодзённае жыццё знаходзіцца пад абстрэлам цяжкай артылерыі амаральнасці і рэлігійнай абыякавасці. Таму мы патрабуем дапамогі, і яна прыходзіць праз Марыю.
6. У мінулую нядзелю завяршылася перэгрынацыя фігуры Маці Божай Фацімскай па парафіях нашай архідыяцэзіі, якая адбывалася з нагоды юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.
100 гадоў таму Марыя прыйшла да нас з дапамогай. Як лекі ад хваробы атэізму Яна прапанавала малітву і навяртанне і дала надзею на тое, што прыйдуць часы свабоды веравызнання. Гэтая надзея суправаджала нас доўгія тры пакаленні, і сёння мы з’яўляемся сведкамі яе ажыццяўлення. Ружанец стаў той малітвай, дзякуючы якой вера ў часы атэістычнага рэжыму была захавана і перададзена маладым пакаленням, што сведчыць аб яго евангелізацыйнай ролі.
Сёння мы перажываем новыя выклікі, калі ўжо не ідэалагічны, але матэрыялістычны атэізм пагражае свету. Да каго звернемся? Хто дапаможа? Марыя, як заўсёды, не пакіне нас бездапаможнымі. Трэба толькі звярнуцца да Яе.
Сярод розных форм марыйнай малітвы асаблівае месца займае Ружанец. Падчас фацімскіх аб’яўленняў Марыя заахвочвала дзяцей-візіянераў маліцца на ружанцы. Маці Божую Фацімскую мы называем Каралевай Ружанца.
7. Падчас гэтага ружанцовага кангрэсу звяртаемся да Цябе, Марыя; ратуй нашу беларускую сям’ю, крыніцу жыцця і першую школу чалавечай і духоўнай фармацыі. Ратуй пачатае і яшчэ не народжанае жыццё, бо аборт – гэта генацыд свайго ж народа, а смяротнае пакаранне не згодна з Божым правам на жыццё кожнага чалавека, у тым ліку і злачынцы. Ратуй веру, каб яна не згасла, а заўсёды гарэла моцным агнём нашага хрысціянскага сведчання.
Мы ведаем, што Ты ніколі не пакінеш сваіх дзяцей без апекі і дапамогі, але таксама ведаем, што прыхільнікі бедаў не здадуцца без барацьбы. Таму, Марыя, каралева святога Ружанца, перамажы ў той барацьбе, у якой мы не можам гэтага ўчыніць. Аддалі ад нас культуру смерці на карысць культуры жыцця. Дапамажы зло перамагчы дабром.
Падобна таму, як нябесны Айцец выкарыстаў Цябе, каб даць свету Збаўцу, таксама і сёння Ён выкарыстоўвае Цябе, каб весці нас шляхам збаўлення. Разважаючы над таямніцамі Твайго жыцця і праблемамі сучаснасці, мы звяртаемся да Цябе: Багародзіца, наша Маці, не пакінь нас адных, умацуй нашу веру, надзею і любоў, маліся за нас, грэшных, цяпер і ў гадзіну смерці нашай. Амэн.