У Вялікі чацвер, 29 сакавіка, біскупскі вікарый для Магілёўскага рэгіёна біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў Імшу Вячэры Пана ў бабруйскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, у якой прынялі ўдзел і вернікі парафіі Св. Ганны з Глуска.
У гаміліі біскуп адзначыў, што для хрысціян «Вячэрнік — гэта адзін з самых святых месцаў. Месца першай святой Імшы і Камуніі, першага табэрнакулюма і першых прэзбітэрскіх пасвячэнняў.
Хрыстус у Вячэрніку вучыць нас любові не толькі праз абмыццё ног апосталам і словы заахвочвання, але і праз свае дзеянні, які зрабіў, кажучы: „Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдадзена. Гэта чыніце на Маю памяць“ (Лк 22, 19), бо Хрыстус, „палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты іх палюбіў“» (Ян 13, 1).
Біскуп дадаў, што, перажываючы Вялікі чацвер з пачуццём удзячнасці Богу за першы дар Эўхарыстыі, кожны павінен спытаць: чым з’яўляецца Эўхарыстыя для мяне? Ці ведаю, прыходзячы на яе, што спаткаю тут Збаўцу?
«Менавіта падчас Эўхарыстыі мы кормімся Яго Словам і Целам і вучымся сапраўднай любові да бліжняга, нават гатовай аддаць за яго жыццё», — адзначыў іерарх.
Разважаючы пра сэнс Эўхарыстыі, іерарх падкрэсліў:
«Колькі моцы, сілы і любові крыецца ў гэтым кавалку хлеба! Колькі дабрыні і клопату, каб быць з намі! Гэтая любоў прымусіла Бога стаць безабаронным, як дзіця, каб сваёй усемагутнасцю не палохаць нас, слабых людзей. Гэтая любоў наказала Езусу ўвайсці ў хлеб, каб мы, прымаючы Яго, сілкаваліся Ім і сталіся, як Ён, хлебам, кавалак якога кожны можа ўзяць і з'есці».
«І, нарэшце, моцная любоў да нас, людзей, наказала Езусу закрыцца ў табэрнакулюме дзеля таго, каб працягваць слухаць, слухаць і слухаць... Слухаць нашыя просьбы, скаргі і смуткі; слухаць, што прыносіць нам боль і непрыемнасці; слухаць, што нас цешыць і радуе, — і ціха, амаль нябачна змяніць нас, дапамагаць нам стаць лепшымі, іншымі.
А мы? Як жа часта не памятаем пра тое, хто на самой справе скрыты ў гэтым Хлебе. І прымаем Езуса, як таблетку.
Некаторыя людзі ўвогуле не памятаюць, што да Езуса Эўхарыстычнага можна прыйсці. А калі прыходзяць, то думаюць, што зрабілі Богу ласку праз удзел у святой Імшы. Дарагія, Эўхарыстыя ніколі не з’яўляецца ласкай, якую мы здзяйсняем для Бога. Гэта Бог робіць для нас ласку, бо хоча да нас, грэшнікаў, бедных духоўна, прыходзіць са сваёй любоўю. Хоча да нас дакранацца і накарміць сваім Целам.
Нашыя сэрцы можа змяніць і перамяніць толькі Бог. Таму пастараемся як мага часцей прыходзіць да Эўхарыстычнага стала самога Бога, каб быць проста чалавекам, каб любіць, як чалавек», — заключыў біскуп.
Падчас Імшы Вячэры Пана адбыўся абрад абмыцця ног 12 мужчынам як напамін пра падзеі, якія адбываліся дзве тысяч гадоў таму.
Гэты жэст сімвалічны: раней яго рабілі нявольнікі, і той жа жэст здзяйсняе Езус, пакідаючы яго ў запавет усім наступным пакаленням і даючы зразумець, што яны павінны служыць адзін аднаму.
Пасля малітвы post comunio дзеці, моладзь і прадстаўнікі ўсіх вернікаў павіншавалі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, а таксама святароў, якія служаць у парафіі — пробашча кс. каноніка Андрэя Яркаўца, кс. Канстанціна Караку, дыякана Паўла Сідарэнку, — з нагоды ўстанаўлення ў гэты дзень Езусам Хрыстом сакрамэнтаў пасвячэння і Эўхарыстыі.
Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB ад імя святароў падзякаваў усім за віншаванні і заклікаў да нястомнай малітвы за святароў, асабліва аб новых пакліканнях на Магілёўшчыне да Божай службы ў якасці прэзбітэраў.
Пасля Камуніі іерарх у працэсіі перанёс кансэкраваныя Гостыі ў цямніцу, што сімвалізуе арышт Езуса, пасля чаго разам са святарамі адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт.