Пошук


15 кастрычніка ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі завяршылася перэгрынацыя фігура Маці Божай Фацімскай. Фігура вярнулася ў мінскі архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, адкуль год таму 16 кастрычніка распачыналася яе перэгрынацыя.

У апошні дзень перэгрынацыі спачатку адбылася святая Імша ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Адтуль у працэсіі фігура была перанесена ў архікатэдру. Там прайшла святая Імша на заканчэнне юбілейнага года фацімскіх аб’яўленняў.

У архікатэдры фігуру змясцілі ў бочным алтары, спецыяльна падрыхтаваным да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў.

У сваёй гаміліі падчас Імшы ў архікатэдральным касцёле Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч назваў вялікую перэгрынацыю фацімскай фігуры па парафіях архідыяцэзіі своеасаблівымі “дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі”.

      

“Статуя-пілігрым, пасля таго, як пераадолела шлях даўжынёй каля 5 тысяч км, сёння вяртаецца ў мінскую катэдру, каб тут застацца назаўсёды, - сказаў іерарх. - Дзякуем Табе, Марыя, што ў сваёй фацімскай фігуры Ты захацела наведаць нас у гэты асаблівы час гісторыі нашай краіны і свету, каб абудзіць у нас, людзях ужо XXI стагоддзя, якія часта жывуць так, як быццам Бог не існуе, дух малітвы і навяртання і ўдыхнуць новую надзею”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

“100 гадоў таму людзі, якія былі самазадаволеныя і імкнуліся да ўлады над усім светам, забыліся пра Бога. У той час, калі яны зачынілі перад Ім дзверы сваіх сэрцаў, над Фацімай адкрылася неба, як кажа папа Бэнэдыкт XVI. Згодна з Божым планам, Марыя зышла на зямлю, каб папярэдзіць чалавецтва аб надыходзячых пагрозах, якія нёс атэістычны рэжым, і паказаць шлях, як іх пазбегнуць, вучыць св. Ян Павел II. А паводле папы Францішка, тады, у надыходзячай духоўнай цемры, Марыя запаліла промень надзеі. Ён свяціў нам на працягу трох пакаленняў ганенняў на Касцёл і веру”, - адзначыў арцыпастыр.

 

“Дадзеная Божай Маці надзея ажыццяўляецца, так што можна гаварыць аб цудзе, бо яшчэ зусім нядаўна непарушны, як здавалася, Савецкі Саюз распаўся і мы атрымалі свабоду веравызнання, - дадаў Мітрапаліт. - Аднак злы дух не спіць, ён заўсёды дзейнічае, і сёння, па прашэсці 100 гадоў з часу фацімскіх аб’яўленняў, сітуацыя стала яшчэ больш небяспечнай. Як шмат бедаў і няшчасцяў вакол нас. Колькі насілля, войнаў, тэрарыстычных актаў, несправядлівасці. Колькі разбітых сем’яў. Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца жыццё, не шануецца і становіцца таварам, які можна купіць і прадаць, ім можна маніпуляваць. Сучасная культура, замест таго, каб абвяшчаць праўду Евангелля і цывілізацыю жыцця, прапагандуе антыевангелле і цывілізацыю смерці”.

“Таму фацімскае пасланне Марыі не вычарпала сябе і надалей застаецца актуальным. У ім Божая Маці вучыць нас чытаць знакі часу і адказваць на іх. Яе пасланне – гэта не што іншае, як праяўленне матчынага клопату аб лёсах чалавецтва, якое патрабуе малітвы і навяртання”, - падкрэсліў іерарх.

    

“Нягледзячы на тое, што тэндэнцыі сучаснага свету нагадваюць аб адсутнасці надзеі, тым не менш рэальнасць іншая. Калі ўважліва прыгледзімся да жыцця, то ўбачым, што Бог не памёр і не пайшоў у адпачынак, а дзейнічае. Першаснай мэтай закліку Марыі да малітвы і навяртання з’яўляецца не толькі і не столькі адлюстраваць цёмную карціну сучаснага свету, але паказаць любоў Бога да чалавека. Таму нам неабходна жыць атрыманай ад Марыі ў Фаціме надзеяй”, - звярнуў увагу Мітрапаліт.

“Мы павінны мець пачуццё адказнасці за наш лёс і нашу будучыню. Аднак пры гэтым неабходна памятаць, што не зможам вырашыць гэтага задання і супрацьстаяць згубным тэндэнцыям сучаснасці, калі на хрысціянскіх каштоўнасцях не збудуем адпаведна моцнага духоўнага падмурку. А для гэтага неабходна, каб дух Евангелля прасякнуў нашыя сэрцы і розум”, - патлумачыў арцыбіскуп Кандрусевіч.

“Нам неабходна аднова, якую можа даць толькі Бог. Да такой адновы праз малітву і навяртанне заклікае Марыя, - адзначыў іерарх. - Фацімскае пасланне перасцерагае людзей, каб не паддаваліся спакусам злога духа, бо мэтай чалавека ёсць неба, дзе бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог чакае нас”.

“Збаўленне і грэх, святло і цемра, малітва і навяртанне, любоў, ахвяра і вечнае збаўленне – ці не ў гэтым сутнасць фацімскага паслання? Ці яно не з’яўляецца шляхам хрысціянскага жыцця? Ці не ў яго святле знаходзіцца сапраўдны мір і радасць?” - працягваў Мітрапаліт.

“Сёння, як зямныя пілігрымы, мы прыходзім да Цябе, Фацімская Пані, Каралева Ружанца, з удзячнасцю, з нашымі праблемамі і надзеямі. Да Твайго падножжа прыносім трывогі і просьбы, якія патрабуюць святла і любові. У Тваім фацімскім пасланні мы бачым шлях да будавання справядлівага жыцця, міру і збаўлення, - сказаў арцыпастыр. - Фацімскія аб’яўленні і сёння, па прашэсці стагоддзя, свецяць зыходзячым з Твайго ўлоння святлом, якім ёсць Езус Хрыстус”.

Фігура Фацімскай Панны, благаслаўлёная Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам у Фаціме 4 кастрычніка 2016 г., прыбыла ў Беларусь 13 кастрычніка з нагоды святкавання 100-годдзя аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. За год сваёй перэгрынацыі фігура наведала больш за 120 парафій толькі ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Перэгрынацыя была арганізавана ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

Абноўлена 15.10.2017 20:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа