
7 мая ў 15.00 у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску, у дзень, калі ў Рыме распачанаецца канклаў, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, узначаліў цэлебрацыю святой Імшы аб выбары папы.
Падчас гаміліі Мітрапаліт узгадаў аб памерлым папе Францішку, аб 9-дзённай жалобе за спачылага Пантыфіка і малітве за яго душу. У дзень распачацця канклава, калі ўвесь свет, стомлены нязгодамі і войнамі, збянтэжана пытае — «Хто?», малітва — па словах арцыпастыра — гэта адзінае правільнае дзеянне, якое набліжае свету Божы спакой.
«Апосталы з Марыяй тады, у Вячэрніку, чакалі спаслання Духа Святога. Сёння, у час, калі Бог выбраў нас, кардыналы ў вячэрніку Рыма, пад нястомнай апекай Панны Марыі, Каралевы Апосталаў, прызываюць Духа Святога, каб паказаў на таго, каго выбірае сам Бог», — адзначыў іерарх.
«Кожны Папа працягвае ўвасабляць апостала Пятра і яго місію і такім чынам прадстаўляе Хрыста на зямлі. Ён — Пантыфік — скала, так як Пётр, першы Папа, на якой Хрыстус пабудаваў і будуе далей, у гэты час, свой Касцёл.
І таму абранне новага папы — гэта не проста замена асоб, гэта вяртанне апостала Пятра»,
— падсумаваў арцыпастыр.

Важна, паводле іерарха, каб мы, так як кардыналы выбаршчыкі, часта вярталіся да слоў Хрыста на Апошняй Вячэры, да Яго запаведзі Любові (пар Ян 15,13). Любоў, адзінства, дбанне пра тое, каб усе былі адно — гэта задача і пакліканне кожнага Пантыфіка. Важна, каб Касцёл быў школай і домам адзінства і любові.
«Таму молімся за новага Пантыфіка, каб ён меў сілы і здольнасць стаць “скалой”, на якой Хрыстус будуе свой Касцёл — супольнасць адзінства ў разнастайнасці дароў Духа Святога»,
— прамовіў арцыпастыр.

На заканчэнне гаміліі Мітрапаліт звярнуўся да Панны Марыі ў адным з Яе тытулаў, просячы, каб Яна выслухала цяперашнюю просьбу Касцёла: «Каралева Апосталаў, маліся за нас».