Пошук

08.05.2025 23:15   Тэкст: Аляксандр Панчанка / Беларуская рэдакцыя Vatican News

Фота: osservatoreromano.va
У 2023 годзе арцыбіскуп Роберт Фрэнсіс Прэвост, цяперашні Папа, а на той час нядаўна прызначаны прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў, даў інтэрв’ю галоўнаму рэдактару Vatican News Андрэа Тарнелі, у якім акрэсліў некаторыя са сваіх прыярытэтаў.

Іерарх амерыканскага паходжання, які прыбыў у Ватыкан з Перу, дзе служыў спачатку місіянерам, а потым біскупам, падкрэсліваў, што дагэтуль адчувае сябе місіянерам, пакліканым абвяшчаць Евангелле.

Гаворачы пра заданне біскупаў, тагачасны прэфект адзначаў, што ў першую чаргу яны павінны быць «каталіцкімі», гэта значыць не засяроджвацца выключна на мясцовых справах, а быць уключанымі ў агульнакасцёльныя працэсы. Біскупу, на яго думку, патрэбна таксама здольнасць слухаць, шукаць парады, мець псіхалагічную і духоўную сталасць.

Цытуючы словы Папы Францішка, ён падкрэсліваў, што біскуп павінен быць блізкім да Бога, іншых біскупаў, святароў і Божага народу, не ізалявацца ў біскупскім палацы, задавальняючыся пэўным сацыяльным статусам і пазіцыяй у Касцёле.

Тагачасны арцыбіскуп заўважаў, што біскупы пакліканы самі сведчыць пра сваю блізкасць з Богам і вучыць людзей пазнаваць Яго.

«Гэта стаіць на першым месцы: перадаваць прыгажосць веры, прыгажосць і радасць знаёмства з Езусам»,

— дадаваў ён.

Прэфект звяртаў увагу таксама на пакліканне пастыраў спрыяць адзінству ў Касцёле і адзінству з Папам, бо падзелы гэта «балючая рана на целе Касцёла, яны ні ў чым не дапамагаюць».

Іерарх прыхільна ставіўся да ўключэння членаў Божага народу ў працэс абрання кандыдатаў на пасаду біскупа. «Гэта важна, бо біскуп пакліканы служыць мясцоваму Касцёлу. Таму выслухаць таксама і Божы народ  важна», казаў ён, удакладняючы: гэта не азначае, што выбіраць пастыра павінен сам мясцовы Касцёл кансультацыі з ім дапамагаюць мець больш шырокі погляд.

Роберт Прэвост падкрэсліваў важнасць блізкасці пастыраў да ахвяр злоўжыванняў з боку духавенства. «Мы павінны быць празрыстымі і шчырымі, суправаджаць ахвяр і дапамагаць ім, бо ў адваротным выпадку раны не загояцца ніколі», казаў іерарх.

Каментуючы сінадальны працэс, прэфект адзначаў, што ёсць іерархі, якія адкрыта дэманструюць сваю занепакоенасць, бо не разумеюць, у якім кірунку ідзе Касцёл, магчыма, спадзеючыся на старую сістэму прыняцця рашэнняў. Гаворка ж ідзе пра тое, каб быць здольнымі слухаць адзін аднаго і слухаць Святога Духа.

«Неабходна перайсці ад досведу, калі ўлады гавораць, а ўсе выконваюць, да досведу Касцёла, які належна цэніць харызматы, дары, служэнні, што існуюць у Касцёле»,

 казаў ён.

Арцыбіскуп Прэвост падкрэсліваў, што ў сферы эканамічных пытанняў біскупы павінны быць добрымі адміністратарамі або мець здольнасць знаходзіць добрых адміністратараў. «Я асабіста не прытрымліваюся меркавання, што Касцёл павінен прадаць усё і выключна абвяшчаць Евангелле на вуліцах» прызнаваўся іерарх. Ён лічыць, што неабходна большая братэрская дапамога паміж мясцовымі Касцёламі: структуры ці інфраструктура, састарэлая ў багатых краінах, можа прыносіць карысць людзям у бедных. Біскупы павінны быць практычнымі, але і не забываць пра духоўнае вымярэнне свайго паклікання, каб не ператварыцца ў менеджэраў.

Прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў адзначаў таксама каштоўнасць перадачы евангельскага паслання праз сацыяльныя СМІ і важнасць належнай фармацыі пастыраў у гэтай сферы. «Мы павінны шмат разоў падумаць, перш чым сказаць ці напісаць нешта ў Twitter, каб адказаць ці проста задаць пытанне ў публічнай форме, на вачах усіх. Часам мы рызыкуем умацаваць падзелы і палеміку.

Належнае выкарыстанне сацыяльных сетак, камунікацыя, прадугледжваюць вялікую адказнасць, але таксама і рызыкі – яны могуць нашкодзіць адзінству Касцёла. Таму патрэбна вялікая разважлівасць пры выкарыстанні гэтых сродкаў»,

раіў тагачасны арцыбіскуп Фрэнсіс Прэвост.

Абноўлена 08.05.2025 23:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа