Мінская архікатэдра, 15 кастрычніка 2017 г.
Фацімскае пасланне – святло надзеі
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Здаецца, яшчэ не так даўно, 4 кастрычніка мінулага года, у капліцы фацімскіх аб’яўленняў была асвечана фігура Божай Маці Фацімскай, якая потым прыбыла ў Мінск, каб распачаць вялікую перэгрынацыю па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, што на самой справе стала дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі.
Статуя-пілігрым, пасля таго, як пераадолела шлях даўжынёй каля 5 тысяч км, сёння вяртаецца ў мінскую катэдру, каб тут застацца назаўсёды.
Дзякуем Табе, Марыя, што ў сваёй фацімскай фігуры Ты захацела наведаць нас у гэты асаблівы час гісторыі нашай краіны і свету, каб абудзіць у нас, людзях ужо XXI стагоддзя, якія часта жывуць так, як быццам Бог не існуе, дух малітвы і навяртання і ўдыхнуць новую надзею.
2. 100 гадоў таму людзі, якія былі самазадаволеныя і імкнуліся да ўлады над усім светам, забыліся пра Бога. У той час, калі яны зачынілі перад Ім дзверы сваіх сэрцаў, над Фацімай адкрылася неба, як кажа папа Бэнэдыкт XVI.
Згодна з Божым планам, Марыя зышла на зямлю, каб папярэдзіць чалавецтва аб надыходзячых пагрозах, якія нёс атэістычны рэжым, і паказаць шлях, як іх пазбегнуць, вучыць св. Ян Павел II. А паводле папы Францішка, тады, у надыходзячай духоўнай цемры, Марыя запаліла промень надзеі. Ён свяціў нам на працягу трох пакаленняў ганенняў на Касцёл і веру.
Дадзеная Божай Маці надзея ажыццяўляецца, так што можна гаварыць аб цудзе, бо яшчэ зусім нядаўна непарушны, як здавалася, Савецкі Саюз распаўся і мы атрымалі свабоду веравызнання.
3. Аднак злы дух не спіць, ён заўсёды дзейнічае, і сёння, па прашэсці 100 гадоў з часу фацімскіх аб’яўленняў, сітуацыя стала яшчэ больш небяспечнай. Як шмат бедаў і няшчасцяў вакол нас. Колькі насілля, войнаў, тэрарыстычных актаў, несправядлівасці. Колькі разбітых сем’яў. Самы вялікі Божы дар, якім з’яўляецца жыццё, не шануецца і становіцца таварам, які можна купіць і прадаць, ім можна маніпуляваць.
Сучасная культура, замест таго, каб абвяшчаць праўду Евангелля і цывілізацыю жыцця, прапагандуе антыевангелле і цывілізацыю смерці. Замест таго, каб даверыцца Богу, чалавек давярае сябе ў рукі злога духа. Гэта праяўляецца ў модным у наш час нашэнні розных амулетаў і талісманаў і нават даручэнні ім свайго лёсу. Алкагольная, наркатычная, сексуальная, парнаграфічная і камп’ютарная залежнасць, праца, па-за якой чалавек не бачыць нічога і становіцца працаголікам, практыкі магіі, спірытызму, акультызму, Хэлоўіна і да т.п., таксама з’яўляюцца праявамі такога даверу.
Калі чалавек лічыць рэч або іншую амаральную залежнасць найвышэйшым дабром, то замест таго, каб быць свабодным, становіцца нявольнікам.
Небасхіл сучаснай цывілізацыі закрыты густымі хмарамі бездухоўнасці. Свет, шукаючы ілюзорнага шчасця, якое мінае, як туман, страчвае сваю чалавечую тоеснасць. Чалавецтва абвяшчае жыццё і ў той жа час сее смерць. Яно прапагандуе салідарнасць і адначасова замыкаецца ў сабе. Заклікае да любові, а выбірае індывідуалізм і эгаізм. У выніку чаго людзі ўсё часцей з трывогай глядзяць у будучыню.
Таму фацімскае пасланне Марыі не вычарпала сябе і надалей застаецца актуальным. У ім Божая Маці вучыць нас чытаць знакі часу і адказваць на іх. Яе пасланне – гэта не што іншае, як праяўленне матчынага клопату аб лёсах чалавецтва, якое патрабуе малітвы і навяртання.
4. Нягледзячы на тое, што тэндэнцыі сучаснага свету нагадваюць аб адсутнасці надзеі, тым не менш рэальнасць іншая. Калі ўважліва прыгледзімся да жыцця, то ўбачым, што Бог не памёр і не пайшоў у адпачынак, а дзейнічае. Першаснай мэтай закліку Марыі да малітвы і навяртання з’яўляецца не толькі і не столькі адлюстраваць цёмную карціну сучаснага свету, але паказаць любоў Бога да чалавека. Таму нам неабходна жыць атрыманай ад Марыі ў Фаціме надзеяй.
Як 100 гадоў таму ў Фаціме чалавецтва ўбачыла святло надзеі, так і сёння ў сэрцах людзей нараджаюцца фундаментальныя пытанні аб праўдзе, любові і дабрыні. Гаворка ідзе пра неабходнасць прабуджэння з духоўнага сну. Таму важным і актуальным з’яўляецца адказ Фацімы ў сучасным кантэксце турботаў і надзей.
Мы павінны мець пачуццё адказнасці за наш лёс і нашу будучыню. Аднак пры гэтым неабходна памятаць аб тым, што не зможам вырашыць гэтага задання і супрацьстаяць згубным тэндэнцыям сучаснасці, калі на хрысціянскіх каштоўнасцях не збудуем адпаведна моцнага духоўнага падмурку. А для гэтага неабходна, каб дух Евангелля прасякнуў нашыя сэрцы і розум.
Мы павінны пазбягаць небяспекі дэфармацыі нашай веры, якая праяўляецца ў імкненні пазбавіць Евангелле хрыбта Божай праўды і ласкі і звесці яго да падручніка чыста чалавечай мудрасці. У той жа час фацімскія аб’яўленні вядуць да сэрцавіны веры, без якой жыццё будзе адбывацца не згодна з Божай воляй, але паводле прынцыпаў чалавечай логікі.
Аб гэтым мы павінны памятаць сёння, калі сучасная секулярная культура з усіх сіл імкнецца абмежаваць веру ў Бога да прыватнай сферы жыцця чалавека.
Да чаго можа прывесці такая тэндэнцыя? Да таго, што ў імя паліткарэктнасці мы будзем саромецца прызнацца ў сваёй веры. А спіхваючы Бога на перыферыю свайго жыцця, чалавек не зможа дасягнуць шчасця і будзе ісці шляхам самазнішчэння.
Менавіта таму Марыя заклікае нас адарваць наш позірк ад згубных тэндэнцый сучаснасці і ўзняць галовы ўверх, да Бога і Божай праўды. У такой сітуацыі неабходна праявіць адвагу сэрца і імкнуцца да перамены, сутнасць якой не толькі і не столькі ў імкненні да паляпшэння матэрыяльнага становішча, але перад усім да духоўнага ўдасканалення. Таму нам неабходна аднова, якую можа даць толькі Бог. Да такой адновы праз малітву і навяртанне заклікае Марыя.
Фацімскае пасланне перасцерагае людзей, каб не паддаваліся спакусам злога духа, бо мэтай чалавека ёсць неба, дзе бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог чакае нас.
Збаўленне і грэх, святло і цемра, малітва і навяртанне, любоў, ахвяра і вечнае збаўленне – ці не ў гэтым сутнасць фацімскага паслання? Ці яно не з’яўляецца шляхам хрысціянскага жыцця? Ці не ў яго святле знаходзіцца сапраўдны мір і радасць?
5. Марыя ў Фаціме заклікала да малітвы Ружанца, і мы Яе называем Каралевай святога Ружанца, разважаючы таямніцы якога, мы набліжаемся да Хрыста. У гісторыі Касцёла нашай краіны Ружанец заўсёды займаў асаблівае месца. У часы ганенняў ён стаў адной з тых пабожных практык, дзякуючы якім вера не толькі захавалася, але і была перададзена маладым пакаленням.
Божы Провід распарадзіўся так, што мы завяршаем перэгрынацыю фацімскай фігуры ў кастрычніку – месяцы, які прысвечаны малітве Ружанца.
Сёння, як зямныя пілігрымы, мы прыходзім да Цябе, Фацімская Пані, Каралева Ружанца, з удзячнасцю, з нашымі праблемамі і надзеямі. Да Твайго падножжа прыносім трывогі і просьбы, якія патрабуюць святла і любові. У Тваім фацімскім пасланні мы бачым шлях да будавання справядлівага жыцця, міру і збаўлення.
Мы звяртаемся да Цябе, бо патрабуем слова вечнага жыцця, якое абвяшчае Твой Сын, да якога Ты нас вядзеш. Мы патрабуем Цябе, як нашай Маці, якая нас падбадзёрвае і суправаджае па жыцці.
Фацімскія аб’яўленні і сёння, па прашэсці стагоддзя, свецяць зыходзячым з Твайго ўлоння святлом, якім ёсць Езус Хрыстус.
Вядзі нас да Яго, Марыя, наша Маці! Вядзі праз заклік да малітвы, у тым ліку ружанцовай, і заклік да навяртання! Вядзі, каб мы не заблудзіліся ў цемры сучаснага свету і заўсёды прабывалі ў святле Евангелля Твайго Сына, у якім наша надзея. Амэн.