13 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Жодзіне адбыліся ўрачыстасці з удзелам арцыбіскупа Кандрусевіча і прадстаўнікоў Святога Пасаду.
Два гады таму касцёл у Жодзіне быў абвешчаны санктуарыем у сотую гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. 13 кастрычніка 1917 года ў гэтым партугальскім мястэчку адбылося апошняе з’яўленне Багародзіцы, што суправаджалася «цудам сонца», які назіралі больш за пяцьдзесят тысяч чалавек.
Разам з Мінска-Магілёўскім Мітрапалітам санктуарый у Жодзіне ў нядзелю наведалі новапрызначаны сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі ксёндз Махэр Шаммас і прадстаўнік Папскай рады па справах хрысціянскага адзінства ксёндз Ярамір Задрапа.
У дзень 102-й гадавіны апошняга Фацімскага аб’яўлення Багародзіцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, звярнуўся з Божым словам да вернікаў.
Іерарх нагадаў пра асноўныя моманты Фацімскага паслання Маці Божай, цэнтрам якога з’яўляецца заклік да навяртання і заахвочванне штодзённа маліцца на ружанцы.
Прапануем відэазапіс гаміліі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з жодзінскага санктуарыя Маці Божай Фацімскай.