Пошук

30.09.2017 00:19   Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

29 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле адбылася святая Імша з удзелам прадстаўнікоў епіскапатаў Еўропы, якія прыбылі ў Мінск на пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У гэты дзень Каталіцкі Касцёл адзначае свята свв. арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў у гаміліі, што арханёл Міхал са словамі «Хто ж як Бог!» узначаліў барацьбу са збунтаванымі анёламі. Арханёл Габрыэль звеставаў Найсвяцейшай Панне Марыі пра Яе выбранне Богам быць Маці Збаўцы, а таксама аб’явіў Захарыі, што яго жонка Альжбета народзіць св. Яна Хрысціцеля. Арханёл Рафал вылечыў хворага Тобію і дапамагаў яму ў падарожжы. Ён праслаўляецца як анёл ахоўнік і з’яўляецца апекуном хворых і падарожнікаў.

“Калі ў 1991 г. святы Ян Павел II адрадзіў нармальныя касцёльныя структуры ў Беларусі і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію, то беларускія католікі яе апекуном абралі св. арханёла Міхала. Гэтым самым яны хацелі ўшанаваць мучанікаў і вызнаўцаў веры, якія падчас пераследу Касцёла на першае месца паставілі Бога і сваім хрысціянскім сведчаннем сказалі: «Хто ж як Бог», - адзначыў арцыбіскуп Кандрусевіч. - Выбіраючы арханёла Міхала сваім заступнікам, яны таксама даручылі яму апеку над Касцёлам, які пачаў адраджацца ў нялёгкія часы адыходу ад веры і нарастаючай хвалі секулярызму, каб у новых абставінах заўсёды ставіць Бога на першае месца”.

Поўны тэкст гаміліі>>>

Кажучы пра пленарнае пасяджэнне РКБЕ, якое адбываецца ў гэтыя дні ў Мінску, прысвечанае моладзі і будучыні Еўропы, іерарх дадаў: “Касцёл і свет будуць такімі, якой будзе моладзь. Таму Касцёл вялікую ўвагу прысвячае пастырству моладзі і яе фармацыі на прынцыпах Евангелля. Гэта вельмі складанае заданне ў наш час, калі секулярныя тэндэцыі і імкненне да абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца, негатыўна ўплываюць на моладзь. Яна расце ў атмасферы адсутнасці духоўных арыенціраў і базісных каштоўнасцяў. У выніку чаго безадказнае імкненне да абсалютнай свабоды становіцца імкненнем да свабоды ад Бога і Яго закону”.

“Хто можа дапамагчы, асабліва моладзі? Сведчанні моладзі, якая заблукала і потым адшукала сэнс свайго жыцця, пра што мы пачулі на Сусветных днях моладзі ў Кракаве ў мінулым годзе, яскрава гавораць аб тым, што Касцёл сапраўды з’яўляецца тым палявым шпіталем, як кажа папа Францішак, - адзначыў Мітрапаліт. - Бог не перастае любіць чалавека і заўсёды працягвае яму руку дапамогі. Таму не трэба баяцца ісці да моладзі і адказваць на складаныя пытанні, якія яна задае. У іх утоена трывога і надзея маладых людзей, і мы не можам іх падвесці”.

“Усё часцей Стары кантынент забывае пра карані, з якіх вырас. Ён забывае пра падмурак, на якім была пабудавана еўрапейская цывілізацыя. Замест гэтага ён усхваляе ідэалогіі, якія не прызнаюць Бога, перастаюць шанаваць чалавека, яго натуральнае сямейнае асяроддзе і свабоду да самавызначэння, - падкрэсліў арцыбіскуп. - Еўропа не зможа перамагчы ахапіўшай яе хваробы крызісаў, пакуль не вернецца да сваіх хрысціянскіх каранёў і не распачне ізноў чэрпаць з крыніцы вечна жывога і дзейснага Божага слова, без якога цяжка зразумець такія еўрапейскія каштоўнасці, як свабода, справядлівасць, годнасць чалавека, пашана супольнага дабра і іншыя”.

“Аднак не ўсё страчана. Моладзь з’яўляецца надзеяй нашага кантынента. Гісторыя паказвае, што для Бога няма нічога немагчымага. Яшчэ зусім нядаўна ў савецкія часы здавалася, што Касцёл на нашай зямлі ўжо ніколі не адродзіцца. Аднак Бог яшчэ раз паказаў, што ўмее пісаць прама па крывых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «і», бо навяртанне гэтых земляў да Бога, прадказанае 100 гадоў таму Марыяй у Фаціме, ажыццяўляецца”, - заўважыў іерарх.

Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў, каб форум еўрапейскіх біскупаў, які праходзіць у Мінску, паспрыяў “пошуку новых спосабаў дайсці да сучаснага свету з евангельскім пасланнем надзеі”.

Абноўлена 30.09.2017 09:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця