Пошук

29.09.2017 18:59   Catholic.by

Мінская архікатэдра, 29 верасня 2017 г.

Вашыя Эмінэнцыі, Эксцэленцыі, святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1.    Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята найбольш вядомых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, якія залатымі літарамі ўпісаліся ў гісторыю збаўлення.

Святы арханёл Міхал са словамі «Хто ж як Бог!» узначаліў барацьбу са збунтаванымі анёламі. Яго імя паходзіць ад яўрэйскага слова «Міхаэль», што на лацінскай мове азначае Quis ut Deus — «Хто ж як Бог». Ён з’яўляецца сімвалам перамогі дабра над злом. Да яго звяртаемся ў справе абароны ад злых духаў.

Арханёл Габрыэль вядомы перадусім як той, які звеставаў Найсвяцейшай Панне Марыі пра Яе выбранне Богам быць Маці Збаўцы. Ён таксама аб’явіў Захарыі, што яго жонка Альжбета народзіць св. Яна Хрысціцеля, заданнем якога было падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Збаўцу. Імя Габрыэль азначае «Божы муж» або «Божы ваяўнік».

Арханёл Рафал праславіўся тым, што вылечыў хворага Тобію і дапамагаў яму ў падарожжы. Ён праслаўляецца як анёл ахоўнік і з’яўляецца апекуном хворых і падарожнікаў. Яўрэйскае імя Рафал азначае «Бог вылечыў», на лацінскай мове вядомае як Medicina Dei.

Да сутнасці анёлаў, якія з’яўляюцца духамі, належыць выконванне адмысловай місіі. З грэчаскай мовы слова «Анёл» азначае «пасланы» са спецыяльнай місіяй. Таму сутнасцю існавання анёлаў з’яўляецца служэнне Богу і выконванне Яго загадаў.

2.    Калі ў 1991 г. святы Ян Павел II адрадзіў нармальныя касцёльныя структуры ў Беларусі і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію, то беларускія католікі яе апекуном абралі св. арханёла Міхала. Гэтым самым яны хацелі ўшанаваць мучанікаў і вызнаўцаў веры, якія падчас пераследу Касцёла на першае месца паставілі Бога і сваім хрысціянскім сведчаннем сказалі: «Хто ж як Бог».

Выбіраючы арханёла Міхала сваім заступнікам, яны таксама даручылі яму апеку над Касцёлам, які пачаў адраджацца ў нялёгкія часы адыходу ад веры і нарастаючай хвалі секулярызму, каб у новых абставінах заўсёды ставіць Бога на першае месца.

3.    У гэтыя дні ў Мінску, які святкуе юбілей 950-годдзя свайго заснавання, і калі наш народ адзначае юбілей 500-годдзя выдання Бібліі Скарыны, адбываецца Пленарнае пасяджэнне Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы. Яно прысвечана моладзі і будучыні Еўропы.

Святы Ян Павел II казаў, што моладзь — гэта будучыня Касцёла і свету. Касцёл і свет будуць такімі, якой будзе моладзь. Таму Касцёл вялікую ўвагу прысвячае пастырству моладзі і яе фармацыі на прынцыпах Евангелля. Гэта вельмі складанае заданне ў наш час, калі секулярныя тэндэцыі і імкненне да абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца, негатыўна ўплываюць на моладзь. Яна расце ў атмасферы адсутнасці духоўных арыенціраў і базісных каштоўнасцяў. У выніку чаго безадказнае імкненне да абсалютнай свабоды становіцца імкненнем да свабоды ад Бога і Яго закону.

Трагедыяй сучаснага свету з’яўляецца страта пачуцця граху. Нездарма св. Ян Павел II казаў, што грахом нашага часу з’яўляецца замоўчванне граху, што дае магчымасць жыцця, свабоднага ад захавання Божага закону.

Аслеплены ганарлівасцю і эгаізмам, чалавек узурпіруе права вырашаць аб жыцці і смерці. Захлынуўшыся ілюзорным шчасцем, якое мінае, як туман, ён трапляе ў стан адчаю і бессэнсоўнасці жыцця і не ведае, як з яго выйсці. Зло ўсё больш умацоўваецца ў свеце, а Касцёл атакуецца за тое, што абвяшчае нязменную праўду Евангелля. Гэта той свет, які мы самі ствараем, у якім мы жывём, свет, у якім жыве моладзь, свет, які ідзе ў тупік.

Хто можа дапамагчы, асабліва моладзі? Сведчанні моладзі, якая заблукала і потым адшукала сэнс свайго жыцця, пра што мы пачулі на Сусветных днях моладзі ў Кракаве ў мінулым годзе, яскрава гавораць аб тым, што Касцёл сапраўды з’яўляецца тым палявым шпіталем, як кажа папа Францішак, які можа вылечыць ад гэтай хваробы. Бог не перастае любіць чалавека і заўсёды працягвае яму руку дапамогі. Таму не трэба баяцца ісці да моладзі і адказваць на складаныя пытанні, якія яна задае. У іх утоена трывога і надзея маладых людзей, і мы не можам іх падвесці.

4.    Еўропа перажывае шматлікія крызісы: фінансавы, эканамічны, дэмаграфічны, міграцыйны і г.д. Палітыкі, эканамісты, фінансісты, вучоныя ліхаманкава шукаюць выйсця з крызісу. Забываюцца пры гэтым, што прычынай усіх крызісаў з’яўляецца духоўны крызіс, які вядзе да адсутнасці пашаны правоў іншага чалавека, да сацыяльнай несправядлівасці і да шматлікіх іншых злоўжыванняў. Вырашэнне праблем, з якімі змагаецца Еўропа без вяртання да хрысціянскіх каштоўнасцяў, падобна да забінтоўвання раны без апрацоўкі яе лекамі, што можа толькі пагоршыць хваробу. Таму лагічна паўстае пытанне: Quo vadis, Europa? — «Куды ідзеш, Еўропа?»

Нягледзячы на тое, што Еўропа старэе, Сусветныя дні моладзі ў Кракаве паказалі маладосць Касцёла, які хоча, каб свет таксама быў маладым. Папа Францішак назваў Еўропу жанчынай у сталым веку, якая не можа нарадзіць новага жыцця. Гэта вельмі сур’ёзны і небяспечны дыягназ хваробы, якая становіцца хранічнай і пагражае стаць новым Чарнобылем для еўрапейскай цывілізацыі. Усё часцей Стары кантынент забывае пра карані, з якіх вырас. Ён забывае пра падмурак, на якім была пабудавана еўрапейская цывілізацыя. Замест гэтага ён усхваляе ідэалогіі, якія не прызнаюць Бога, перастаюць шанаваць чалавека, яго натуральнае сямейнае асяроддзе і свабоду да самавызначэння.

Таму Еўропа не зможа перамагчы ахапіўшай яе хваробы крызісаў, пакуль не вернецца да сваіх хрысціянскіх каранёў і не распачне ізноў чэрпаць з крыніцы вечна жывога і дзейснага Божага слова, без якога цяжка зразумець такія еўрапейскія каштоўнасці, як свабода, справядлівасць, годнасць чалавека, пашана супольнага дабра і іншыя.

5.    Аднак не ўсё страчана. Моладзь з’яўляецца надзеяй нашага кантынента. Гісторыя паказвае, што для Бога няма нічога немагчымага. Яшчэ зусім нядаўна ў савецкія часы здавалася, што Касцёл на нашай зямлі ўжо ніколі не адродзіцца. Аднак Бог яшчэ раз паказаў, што ўмее пісаць прама па крывых лініях гісторыі і ставіць апошнюю кропку над «і», бо навяртанне гэтых земляў да Бога, прадказанае 100 гадоў таму Марыяй у Фаціме, ажыццяўляецца.

Няхай жа форум еўрапейскіх біскупаў, які праходзіць у Мінску, паспрыяе пошуку новых спосабаў дайсці да сучаснага свету з евангельскім пасланнем надзеі.

Давяраючы Еўропу і моладзь апецы св. арханёла Міхала, папросім аб ласцы заўсёды паўтараць разам з ім: «Хто ж як Бог!» — каб перамагчы грэх, зло і нашыя слабасці і такім чынам вярнуцца да хрысціянскіх каранёў і на евангельскіх каштоўнасцях будаваць нашу будучыню. Амэн.

Абноўлена 13.10.2017 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа