Пошук

18.09.2017 15:08   Фота: Юрый Рашатко / Catholic.by

17 верасня ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены і архікатэдральным касцёле адбылося ўрачыстае прадстаўленне грэміяльных канонікаў катэдральнага капітула – адпаведна кс. Уладзіслава Завальнюка і кс. Антонія Клімантовіча. Святыя Імшы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Катэдральны капітул cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай быў заснаваны 13 красавіка 2017 г., цырымонія інаўгурацыі прайшла 12 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле. Галоўнымі функцыямі капітула з’яўляецца ўдзел у найбольш урачыстых цэлебрацыях у катэдральным касцёле ў Мінску і ў іншых месцах архідыяцэзіі, арганізацыя ў катэдральным касцёле канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных дакументам Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, дапамога арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, забеспячэнне вернікам магчымасці прыступаць да сакрамэнту пакаяння праз дзейнасць каноніка пенітэнцыярыя.

        

Канонікамі называюць прэзбітэраў, якія з’яўляюцца членамі капітула. Да іх заданняў належыць здзяйсненне найбольш урачыстых літургічных цэлебрацый у катэдральным касцёле, а таксама выкананне тых абавязкаў, якія на іх ускладзены правам або дыяцэзіяльным біскупам.

Канонікі капітула падзяляюцца на дзве групы: грэміяльныя і ганаровыя. Прызначэнне канонікам носіць характар асаблівай адзнакі і прызнання заслуг перад дыяцэзіяй. Грэміяльныя канонікі ў капітуле выконваюць разнастайныя функцыі: дэкана (старшыні), тэолага, пенітэнцыярыя, цырымоніймайстра, кусташа, сакратара. Усіх канонікаў прызначае дыяцэзіяльны біскуп. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны 8 грэміяльных і 10 ганаровых канонікаў.

У гаміліі падчас святой Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, разважаючы над літургічнымі чытаннямі гэтага дня, адзначыў, што яны канцэнтруюцца вакол прабачэння і паяднання з супернікам, нагадваюць аб шляху прабачэння і міласэрнасці і заклікаюць ісці гэтым адзіным шляхам, які вядзе ў жыццё вечнае.

“Кожны з нас вельмі добра ведае, як цяжка прабачыць таму, хто нас абразіў або зрабіў нешта злое. Аднак Бог у Святым Пісанні дае нам шмат прыкладаў прабачэння. Найлепшым прыкладам могуць быць словы Езуса з дрэва крыжа, калі Ён маліўся: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”.

Святы Ян Павел II кажа, што прабачэнне з’яўляецца знакам моцы, а не слабасці. Таму чалавек, які прабачае, з’яўляецца не тым, хто адступае перад абліччам мацнейшага, але тым, хто, нягледзячы на ўсе супярэчнасці і, можа, нават унутраны бунт, знаходзіць у сабе сілы перамагчы самога сябе і прабачыць. І ў гэтым крыецца яго веліч”, - звярнуў увагу іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

“Усе мы падобныя да крэдытораў ці даўжнікоў з сённяшняга Евангелля. Адны павінны аддаць больш, іншыя менш, але павінны разлічыцца з Богам. Сённяшнія тэксты Святога Пісання сведчаць аб тым, што, як мы паступім з тымі, хто вінаваты перад намі, так і Бог паступіць з намі”, - дадаў арцыбіскуп.

Мітрапаліт падкрэсліў, што, “як Бог ніколі не стамляецца ў прабачэнні, так павінен рабіць і чалавек, як вучыць папа Францішак”.

У той жа час, заўважыў іерарх, “прабачэнне не азначае патурання злу”, “мы павінны быць гатовыя прабачыць грэшніку, але не згаджацца талерантна ставіцца да граху”. Гэта, па словах арцыбіскупа, азначае, “што мы павінны шанаваць кожнага чалавека, нават грэшніка, бо ён можа навярнуцца, але пры гэтым трэба імкнуцца перамагаць грэх любым коштам”.

“У святле таго, што наша жыццё завершыцца, бессэнсоўным з’яўляецца вяртанне да старых крыўдаў, - адзначыў Мітрапаліт. - Магчымасць прабачыць – гэта мера глыбіні нашага хрысціянства”.

Абноўлена 20.09.2017 14:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця