Пошук

03.07.2024 09:31   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У аўторак 2 ліпеня ў Будславе адбыўся традыцыйны парафіяльны фэст у адпустовую ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай.

У апошнія гады галоўныя ўрачыстасці у Нацыянальным санктуарыі адбываюцца ў першую суботу ліпеня і распачынаюцца ўжо напярэдадні. Таксама сёлета Будслаўскі фэст, які ЮНЕСКА занесла ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва, адбудзецца 5 і 6 ліпеня.

Разам з тым, 2 ліпеня ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адзначаецца ўрачыстасць яе Галоўнай Апякункі — Маці Божай Будслаўскай. У сувязі з гэтым у дзень урачыстасці ў будслаўскай базыліцы адбыліся цэлебрацыі з магчымасцю атрымання адпусту, якія ўзначалілі іерархі.

Усяго на працягу дня ў іх узялі ўдзел каля двух дзясяткаў святароў, больш за дзве тысячы вернікаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы, яшчэ некалькі соцень далучыліся з дапамогай прамой трансляцыі. Святары таксама цэлы дзень служылі вернікам у канфесіяналах сакрамэнтам паяднання.

А дзясятай гадзіне раніцы перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай цэлебрацыю Эўхарыстыю ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Іерарх спецыяльна прыбыў у гэты дзень з Магілёва, каб аддаць пашану Маці Божай у Яе Будслаўскай іконе.

Апоўдні ў базыліцы адбылася цэнтральная святая Імша з удзелам канонікаў Мінскага катэдральнага капітула святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.

У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх перадусім падкрэсліў, што «ганенні на веру на працягу трох пакаленняў сталі вялікім выпрабаваннем для нашага народа і Касцёла, які быў пазбаўлены духоўнага кіраўніцтва».

«Чалавеку здавался, што так будзе заўсёду, але Бог распарадзіўся інакш», — падкрэсліў арцыпастыр.

25 ліпеня 1989 года ў Беларусі быў прызначаны першы пасля Другой сусветнай вайны біскуп, якім стаў менавіта Тадэвуш Кандрусевіч. Праз амаль 35 гадоў пасля гэтай гістарычнай падзеі перад алтаром будслаўскай базылікі ён выказаў падзяку Богу і Найсвяцейшай Панне Марыі за дар біскупства, перапрасіў Бога і людзей за недахопы ў пастырскім служэнні і прасіў Божага благаслаўлення на будучыню.

Акрамя таго, 78-гадовы іерарх падзякаваў беларускім і расійскім біскупам, святарам і кансэкраваным асобам, з якімі служыў і адраджаў Касцёл, а таксама вернікам і папрасіў аб малітве ў яго інтэнцыях.

«Праз Марыю Бог учыніў вялікае ўсяму чалавецтву і таксама нашаму народу, які больш за тысячу гадоў таму прыняў хрысціянства і ўвайшоў у сям’ю народаў хрысціянскай Еўропы. Хрысціянства стала стрыжнем жыцця нашага народа. На жаль, сучасная Еўропа адышла ад гэтага ідэалу, секулярызуецца і жыве так, як быццам Бог не існуе. У эпоху паўсюднай глабалізацыі і інтэрнэту гэтая тэндэнцыя таксама негатыўна ўплывае на нас і вядзе да страты хрысціянскай тоеснасці», — заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч. Пералічыўшы катастрафічныя наступствы такога адыходу ад сапраўдных, традыцыйных духоўных і агульначалавечых каштоўнасцяў, заслужаны іерарх нагадаў урокі нядаўняга мінулага.

«У часы ваяўнічага атэізму наш народ даручыў сябе Марыі, Ёй даверыў свой лёс і не памыліўся. Нам неабходна ісці пракладзеным нашымі продкамі шляхам з улікам змен, што адбываюцца ў свеце, і даверыць сябе і лёс Бацькаўшчыны Марыі, якая нам кажа: „Зрабіце тое, што мой Сын вам скажа“. А Ён заклікае да навяртання і веры ў Евангелле, бо наблізілася Божае Валадарства. Гэта праграма жыцця кожнага хрысціяніна, у якой на першым месцы павінен быць Бог», — сцвердзіў арцыпастыр.

«Марыя, наша Маці Будслаўская, міласціва паглядзі на нас і на наш народ. Выпрасі ў свайго Сына ласку, каб мы не адышлі ад веры нашых продкаў, мужна яе вызнавалі і баранілі і такім чынам захавалі ў сабе вобраз Бога, паводле якога створаныя», — завяршыў гамілію малітоўным заклікам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

               

Напярэдадні свята вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў у 80-ю гадавіну гэтай значнай падзеі вернікі ў Будславе дзякавалі Богу і Найсвяцейшай Панны Марыі за дар мірнага жыцця і прасілі захаваць наш народ ад небяспекаў у цяперашні трывожны час.

Увечары цэлебрацыю святой Імшы перад цудадзейным абразом Маці Божай узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Напрыканцы святочнага дня іерарх падзякаваў будслаўскім вернікам і іх пробашчу ксяндзу Дзмітрыю Дубовіку за клопат пра Нацыянальны санктуарый, дзе ўжо праз некалькі на традыцыйны Будслаўскі фэст збяруцца тысячы вернікаў і адбудзецца прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса.

Перад гэтымі ўрачытасцямі ксёндз Дмітрый Дубовік падзякаваў усім дабрачынцам за ахвярнасць, а таксама звярнуўся да ўсіх неабыякавых людзей з просьбай аб далейшай малітоўнай і фінансавай падтрымцы справы аднаўлення касцёла ў Будславе пасля пажару, які здарыўся тут тры гады таму.

Больш здымкаў з урачыстасці можна будзе знайсці на старонках Catholic.by у сацыяльных сетках.

 

Абноўлена 03.07.2024 10:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа