Пошук


12 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле прайшла цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, падчас якой грэміяльныя і ганаровыя канонікі склалі прысягу.

Грэміяльныя канонікі атрымалі падчас інаўгурацыі капітула сімвалічныя пярсцёнкі і крыжы — знакі адрознення грэміяльных канонікаў.

Катэдральны капітул Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі быў заснаваны 13 красавіка 2017 года. Да гэтага  катэдральныя капітулы ў Беларусі ўжо былі заснаваны ў Віцебскай і Гродзенскай дыяцэзіях.

Хто такія канонікі?

Прэзбітэраў, якія з’яўляюцца членамі капітула, называюць канонікамі. Да іх заданняў належыць здзяйсненне найбольш урачыстых літургічных цэлебрацый у катэдральным касцёле, а таксама выкананне тых абавязкаў, якія на іх ускладзены правам або дыяцэзіяльным біскупам. Асноўным дакументам, які рэгулюе дзейнасць капітула, з’яўляецца яго статут.

Канонікі капітула падзяляюцца на дзве групы: грэміяльныя канонікі і ганаровыя канонікі. Прызначэнне канонікам носіць характар асаблівай адзнакі і прызнання заслуг перад дыяцэзіяй.

Грэміяльныя канонікі ў капітуле выконваюць разнастайныя функцыі: дэкана (старшыні), тэолага, пенітэнцыярыя, цырымоніймайстра, кусташа, сакратара. У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначаны 8 грэміяльных і 10 ганаровых канонікаў.

12 верасня прайшла цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай. Урачыстую святую Імшу ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

«Нашы продкі больш за 300 гадоў таму гэты прыгожы Божы дом прысвяцілі Імені Марыі – Маці нашага Збаўцы і нашай духоўнай Маці, — сказаў у гаміліі арцыбіскуп. — Сімвалічна, што ў гербе Мінска таксама знаходзіцца выява Марыі, аб чым добра ўзгадаць асабліва ў гэтым годзе, калі сталіца Беларусі святкуе юбілей 950-годдзя свайго заснавання. Ужо тады жыхары гэтага горада над Свіслаччу абралі Марыю сваёй заступніцай».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Кажучы пра інаўгурацыю Мінскага катэдральнага капітула, іерарх нагадаў, што капітул канонікаў мінскай катэдры існаваў у мінулыя часы перад кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г., аднак з-за пераследу веры перастаў існаваць.

«Ажыццяўленне фацімскага прароцтва аб навяртанні нашых земляў дало магчымасць адраджэння Мінскага катэдральнага капітула, — сказаў Мітрапаліт. — Сённяшняя цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула – гэта яшчэ адзін знак адраджэння Касцёла і яго прызнання Апостальскім Пасадам. Гэта таксама знак прызнання заслуг асобаў, якія ўнеслі і далей уносяць свой уклад у адраджэнне і развіццё Касцёла ў нашай краіне».

Паводле слоў арцыпастыра, «абіраючы Маці Божую Будслаўскую і св. Міхала Арханёла сваімі апекунамі, Мінскі катэдральны капітул хоча падзякаваць ім за апеку і дапамогу падчас цяжкага перыяду ганенняў, а таксама прасіць благаслаўлення на змаганні за чысціню веры і маральныя каштоўнасці, якіх сучасны свет не ўспрымае».

Іерарх пажадаў, каб «святое Імя Марыі падтрымлівала Мінскі катэдральны капітул, каб ён быў радасцю нашага Касцёла», і каб, беручы прыклад са святога Міхала Арханёла, «Касцёл і далей дапамагаў людзям на першае месца ставіць веру ў Бога, без якой няма збаўлення».

Катэдральны капітул у Мінску

Катэдральны капітул у Мінску быў заснаваны 14 студзеня 2017 года Кангрэгацыяй па справах Духавенства.

Галоўнымі функцыямі капітула з’яўляецца дапамога біскупу, удзел у найбольш урачыстых цэлебрацыях у катэдральным касцёле ў Мінску і ў іншых месцах архідыяцэзіі, арганізацыя ў катэдральным касцёле канферэнцый і сімпозіумаў, прысвечаных дакументам Святога Айца і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу святога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай, дапамога Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, забеспячэнне вернікам магчымасці прыступаць да сакрамэнту пакаяння праз дзейнасць каноніка пенітэнцыярыя.

 

Абноўлена 18.09.2017 20:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа