Мінскі архікатэдральны касцёл, 12 верасня 2017 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Сёння парафіяльнае свята мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Нашы продкі больш за 300 гадоў таму гэты прыгожы Божы дом прысвяцілі Імені Марыі – Маці нашага Збаўцы і нашай духоўнай Маці. Сімвалічна, што ў гербе Мінска таксама знаходзіцца выява Марыі, аб чым добра ўзгадаць асабліва ў гэтым годзе, калі сталіца Беларусі святкуе юбілей 950-годдзя свайго заснавання. Ужо тады жыхары гэтага горада над Свіслаччу абралі Марыю сваёй заступніцай.
Імя “Марыя” мае паходзіць ад яўрэйскага слова “марыям”, што азначае “прыносіць радасць”, або ад егіпецкага “мэры-ям” – “Богам умілавана”.
2. Як гісторыя збаўлення, так і яўрэйская і егіпецкая версіі паходжання імені “Марыя” вельмі добра адпавядаюць Яе значэнню ў гісторыі збаўлення. Марыя была абрана Богам быць Маці Збаўцы, гэта азначае, што Яна была ўмілавана Ім. Згаджаючыся з Божай воляй, Яна стала прычынай радасці ўсяго чалавецтва.
Марыя і далей нясе радасць нам. У гэтым годзе мы адзначаем юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, падчас якіх у надыходзячай цемры ваяўнічага атэізму Марыя запаліла святло надзеі.
Доўгія дзесяцігоддзі наша катэдра выкарыстоўвалася не для рэлігійных мэтаў. Тут была спартыўная зала. Ніхто не кажа, што нам не патрэбны спартыўныя залы, фабрыкі, кінатэатры і г.д. Але дом малітвы павінен заставацца домам малітвы і месцам спаткання чалавека з Богам.
Некалькі пакаленняў людзей праходзіла каля зняважанай катэдры і пыталася ў сябе: калі ж ізноў тут можна будзе маліцца? І гэты час прыйшоў, як прадказала Марыя 100 гадоў таму ў Фаціме.
Як у Кане Галілейскай Езус па просьбе Марыі ўчыніў цуд перамянення вады ў віно, таксама і па Яе хадайніцтву Ён учыніў цуд адраджэння Касцёла. Замест прымусовай ідэалогіі атэізму, якой наш народ быў індактрынаваны тры пакаленні, сёння мы маем значна лепшыя абставіны для практыкавання нашай веры. Гэта бачна ў шматвектарным жыцці Касцёла ў Беларусі, якое праяўляецца як у нашай краіне, так і выходзіць на міжнародную арэну. Аб гэтым сведчыць і той факт, што сталіца нашай Бацькаўшчыны – Мінск – абрана месцам правядзення Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое адбудзецца з 28 верасня па 1 кастрычніка гэтага года.
3. Сёння традыцыйна ў нашай катэдры збіраюцца сужэнскія пары, якія ў мінулым годзе заснавалі свае сем’і, каб дзякаваць Богу і прасіць благаслаўленне на будучыню. Сям’я – гэта галоўная клетка грамадства і яго фундамент. Якой яна будзе, такім будзе і грамадства. Менавіта таму Касцёл звяртае такую пільную ўвагу на сям’ю, каб яна была хатнім Касцёлам, месцам узаемнай згоды і любові, крыніцай новага жыцця і школай хрысціянскага выхавання дзяцей.
Мы павінны клапаціцца аб нашых сем’ях. Калі фундамент слабы, то на пачатку трэскаюцца сцены будынка, а потым ён разбураецца. Мы хочам, каб будынак нашага грамадства быў моцны і трывалы, каб у ім мы маглі шчасліва жыць. А так будзе, калі нашы сем’і будуць моцнымі.
4. Яшчэ адна падзея пазначае сённяшняе свята: інаўгурацыя Мінскага катэдральнага капітула св. Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай. Паводле Кананічнага Права Рыма-Каталіцкага Касцёла, у катэдры можа быць заснаваны капітул, які з’яўляецца дапаможным органам біскупа. У яго абавязкі ўваходзяць цэлебрацыя найбольш урачыстых набажэнстваў у катэдры і выкананне ўскладзеных на яго правам ці дыяцэзіяльным біскупам абавязкаў.
Капітул канонікаў мінскай катэдры існаваў у мінулыя часы перад кастрычніцкай рэвалюцыяй 1917 г., аднак у сілу аб’ектыўных прычын, а менавіта пераследу веры, ён перастаў існаваць.
Ажыццяўленне фацімскага прароцтва аб навяртанні нашых земляў дало магчымасць адраджэння Мінскага катэдральнага капітула, статут якога быў зацверджаны ватыканскай Кангрэгацыяй па справах Духавенства 14 студзеня 2017 г. Капітул мінскай катэры складаецца з 8 грэміяльных членаў і 10 ганаровых. Колькасць апошніх можа быць зменена.
5. Сённяшняя цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула – гэта яшчэ адзін знак адраджэння Касцёла і яго прызнання Апостальскім Пасадам. Гэта таксама знак прызнання заслуг асобаў, якія ўнеслі і далей уносяць свой уклад у адраджэнне і развіццё Касцёла ў нашай краіне.
Апекунамі капітула абраны Апякунка Беларусі Маці Божая Будслаўская і апякун Мінска-Магілёўскай касцёльнай правінцыі св. Міхал Арханёл.
Падчас доўгіх дзесяцігоддзяў ганенняў людзі звярталіся да Маці Божай Будслаўскай з просьбамі: мы не маем рэлігійнай свабоды, не маем касцёлаў, не маем святароў; дапамажы нам, Марыя.
Імя “Міхал” паходзіць ад яўрэйскага слова “Міхаэль”, што азначае “Хто ж як Бог!”. Падчас пераследу веры людзі таксама звярталіся да св. Міхала Арханёла, як пераможцы злога духа, з просьбай дапамагчы заўсёды заставацца вернымі Богу і хрысціянскаму пакліканню.
Абіраючы Маці Божую Будслаўскую і св. Міхала Арханёла сваімі апекунамі, мінскі катэдральны капітул хоча падзякаваць ім за апеку і дапамогу падчас цяжкага перыяду ганенняў, а таксама прасіць благаслаўлення на змаганні за чысціню веры і маральныя каштоўнасці, якіх сучасны свет не ўспрымае.
Няхай святое Імя Марыі падтрымлівае Мінскі катэдральны капітул, каб ён быў радасцю нашага Касцёла. Няхай, беручы прыклад са св. Міхала Арханёла, Касцёл і далей дапамагае людзям на першае месца ставіць веру ў Бога, без якой няма збаўлення. Амэн.