Пошук

17.09.2017 22:14   Catholic.by

Мінскі архікатэдральны касцёл, 17 верасня 2017 г.

Будзем міласэрнымі і не забудземся прабачаць

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Усе сённяшнія чытанні канцэнтруюцца вакол прабачэння і паяднання з супернікам. Яны таксама нагадваюць нам аб шляху прабачэння і міласэрнасці і заклікаюць ісці гэтым адзіным шляхам, які вядзе ў жыццё вечнае.

Кожны з нас вельмі добра ведае, як цяжка прабачыць таму, хто нас абразіў або зрабіў нешта злое. Аднак Бог у Святым Пісанні дае нам шмат прыкладаў прабачэння. Найлепшым прыкладам могуць быць словы Езуса з дрэва крыжа, калі Ён маліўся: “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць”.

Святы Ян Павел II кажа, што прабачэнне з’яўляецца знакам моцы, а не слабасці. Таму чалавек, які прабачае, з’яўляецца не тым, хто адступае перад абліччам мацнейшага, але тым, хто, нягледзячы на ўсе супярэчнасці і, можа, нават унутраны бунт, знаходзіць у сабе сілы перамагчы самога сябе і прабачыць. І ў гэтым крыецца яго веліч.

2. У першым чытанні з кнігі Мудрасці Сіраха нагадваецца аб тым, што, калі мы не прабачаем нашым вінаватым і адмаўляем ім у міласэрнасці, то не можам спадзявацца на тое ж ад Бога. Неразумна падтрымліваць нядобразычлівасць і ў той жа час мудра дараваць правіны нашым крыўдзіцелям, таму што працягласць нашага жыцця кароткая. А наш вечны лёс будзе залежаць ад таго, ці ўмеем мы прымірыцца з тымі, хто абражае нас, і ці з пакорай і любоўю служым ім.

Нездарма рэфрэн сённяшняга рэспансарыйнага псальма сцвярджае, што Бог міласэрны і ласкавы.

У другім чытанні св. апостал Павел нагадвае нам, што мы павінны прабачаць іншым, як да гэтага заклікае Езус, да якога праз хрост мы належым. Калі мы належым да адной хрысціянскай сям’і, то паміж намі не можа быць нянавісці, гневу і злосці, а павінна панаваць узаемная любоў.

У Евангеллі праз прыпавесць аб дваіх даўжніках Езус вучыць, што не можа быць ніякага абмежавання, умоваў і гандлю ў справе прабачэння і паяднання. Кожны з нас з’яўляецца даўжніком Бога, бо ўсе мы грэшныя і таму патрабуем Яго прабачэння. Аднак, каб Бог нам прабачыў, мы самі павінны прабачаць нашым вінаватым. Аб гэтым вучыць Езус у малітве “Ойча наш”, у якой мы просім Бога, каб прабачыў нам нашы грахі, як і мы прабачаем нашым вінаватым.

3. Магчыма, што мы ніколі не забудземся аб болю, які нам прычыніў нехта іншы, але, зыходзячы з любові да бліжняго і вучэння Евангелля, мы павінны выбіраць прабачэнне і маліцца за нашых крыўдзіцеляў. Жыццё ідзе наперад, і нават калі доўгі час мы памятаем аб непрыемным інцыдэнце, які выклікаў вялікую злосць, то адначасова мы павінны памятаць, што з Божай дапамогай мы можам і павінны дараваць тым, хто стаў прычынай гэтага зла.

Час – гэта найлепшы лекар, і ён лечыць нас ад гэтай хваробы злапамятнасці. Прабачэнне вызваляе з палону памяці нашага мінулага і вядзе ў свабодную будучыню Божых дзяцей, якія любяць Бога і бліжняга. Трэба памятаць аб тым, што, калі мы не жадаем прабачыць, то самі становімся ахвярай. А калі прабачаем, то робім гэта таксама і для сябе саміх, для нашага дабра, бо заўсёды, як кажа прыказка, лепш нетрывалы мір, чым добрая вайна.

4. 36 гадоў таму турэцкі тэрарыст Алі Агджа на плошчы св. Пятра ў Рыме здзейсніў тэрарыстычны акт супраць папы Яна Паўла II. Пасля выздараўлення Папа здзівіў свет, наведваючы тэрарыста, які хацеў яго забіць. Потым Папа сказаў, што размаўляў з братам, якому прабачыў.

Некаторыя газеты надрукавалі артыкулы з пытаннем: “Чаму дараваў?” Гэта добрае пытанне, якое паўтараецца тысячагоддзямі. Аднак сённяшнія імшальныя чытанні даюць паўнавартасны адказ на гэтае пытанне, бо прабачэнне з’яўляецца шляхам да шчасця і будавання міру.

Нездарма ў штогадовым Пасланні на Дзень міру 1 студзеня 2002 г., па прашэсці трох з паловай месяцаў ад тэрарыстычнага акту ў Нью-Ёрку 11 верасня 2001 г., папа Ян Павел II напісаў, што не можа быць справядлівасці без прабачэння. Аднак, як паказваюць падзеі апошніх часоў, гэтае яго пасланне не было заўважана бакамі сучасных канфліктаў, якіх становіцца ўсё больш і больш. Усё адбылося, як аб гэтым пісаў вядомы англійскі тэолаг і мысляр Чэстэртан. А менавіта, што хрысціянства з’яўляецца патрабуючым і таму застаецца нявыкарыстаным.

Вялікі Дастаеўскі ў рамане “Злачынства і пакаранне” разважае пра непрабачаны грэх. Малады студэнт забівае багатую старую жанчыну, каб забраць яе грошы і працягваць вучобу. Аднак студэнт, якога пераследуюць думкі пра здзейсненае злачынства, прызнае сваю віну і атрымлівае пакаранне. Дастаеўскі паказвае, якім з’яўляецца рэальны свет, у якім грэх прыходзіць, як крэдыт, і павінен быць вернуты.

Усе мы падобныя да крэдытораў ці даўжнікоў з сённяшняга Евангелля. Адны павінны аддаць больш, іншыя менш, але павінны разлічыцца з Богам. Сённяшнія тэксты Святога Пісання сведчаць аб тым, што, як мы паступім з тымі, хто вінаваты перад намі, так і Бог паступіць з намі.

5. Колькі разоў мы павінны прабачаць? Такое пытанне мы задаём сабе часта, кажучы, што ўжо шмат разоў прабачалі нашым вінаватым, а яны не выпраўляюцца. Як Бог ніколі не стамляецца ў прабачэнні, так павінен рабіць і чалавек, як вучыць папа Францішак.

Таму Пятру, які пытаўся, ці трэба прабачыць ажно сем разоў, Езус сказаў “семдзесят сем”, што азначае, што не можа быць абмежавання ў прабачэнні. Тут нельга кіравацца вядомым нам зямным калькулятарам. У справе прабачэння яго трэба папросту выкінуць, бо ў Бога іншы калькулятар, у якім не колькасць, але якаснасць жыцця з’яўляецца ідэяй міласэрнасці і прабачэння.

6. Прабачэнне не азначае патурання злу. Аб гэтым вельмі добра нагадвае сённяшняе Евангелле. Кароль прабачыў свайму слузе, які быў вінаваты яму шмат грошай. Але калі кароль даведаўся, што гэты слуга не прабачыў іншаму чалавеку, які быў яму вінаваты малую колькасць грошай, то што ён зрабіў з ім? Пакараў, бо той быў несправядлівы.

Таксама і мы павінны быць гатовыя прабачыць грэшніку, але не згаджацца талерантна ставіцца да граху. Гэта азначае, што мы павінны шанаваць кожнага чалавека, нават грэшніка, бо ён можа навярнуцца, але пры гэтым трэба імкнуцца перамагаць грэх любым коштам.

7. У аэрапортах знаходзяцца металадэтэктары. На нашым жыццёвым шляху павінны знайсціся дэтэктары злосці, нянавісці і нежадання прабачыць. Металадэтэктар выяўляе метал, якім можа быць небяспечны прадмет. Дэтэктар злосці дапаможа нам выявіць адсутнасць любові да бліжняга і нежаданне яму прабачыць.

Адна гісторыя распавядае пра тое, як два сябры ішлі праз пустыню. Падчас нялёгкага падарожжа яны паспрачаліся, і адзін з іх ударыў другога па твары. Той, якога ўдарылі, пальцам напісаў на пяску: “Сёння мой сябар ударыў мяне па твары”.

Яны пайшлі далей і знайшлі аазіс. Чалавек, які атрымаў удар па твары ад свайго сябра, кінуўся ў ваду і пачаў тануць. Сябар яго выратаваў ад вернай смерці. Тады ён напісаў на камні: “Сёння мой сябар уратаваў маё жыццё”.

Тады сябар яго спытаў: “Чаму адзін раз ты пісаў на пяску, а другі – на камні?” У адказ пачуў, што пра дрэнныя справы трэба пісаць на пяску, каб вецер прабачэння іх раздзьмуў, а пра добрыя – на камні, каб яны засталіся назаўсёды.

Таму сапраўднае прабачэнне вядзе да таго, што зло застаецца ў мінулым і распачынаецца новае жыццё. Мы павінны прабачаць і прымірацца. У святле таго, што наша жыццё завершыцца, бессэнсоўным з’яўляецца вяртанне да старых крыўдаў. Суседзі, якія былі ворагамі ўсё жыццё, на адных і тых жа могілках пахаваны побач. Магчымасць прабачыць – гэта мера глыбіні нашага хрысціянства. Няхай па жыцці нас суправаджаюць словы св. Францішка Асізскага, што, прабачаючы, мы атрымліваем прабачэнне. Амэн.

Абноўлена 18.09.2017 10:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа