Пошук


12 верасня ў мінскім архікатэдральным касцёле адзначалася парафіяльнае свята Найсвяцейшага Імя Марыі, падчас якой вернікі аднавілі сужэнскія абяцанні.

Таксама тут адбылася цырымонія інаўгурацыі катэдральнага капітула cвятога Арханёла Міхала і Маці Божай Будслаўскай.

Святую Імшу цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх адзначыў, што імя «Марыя« мае паходзіць ад яўрэйскага слова «марыям», што азначае «прыносіць радасць», або ад егіпецкага «мэры-ям» – «Богам умілавана».

«Як гісторыя збаўлення, так і яўрэйская і егіпецкая версіі паходжання імені “Марыя” вельмі добра адпавядаюць Яе значэнню ў гісторыі збаўлення. Марыя была абрана Богам быць Маці Збаўцы, гэта азначае, што Яна была ўмілавана Ім. Згаджаючыся з Божай воляй, Яна стала прычынай радасці ўсяго чалавецтва, - дадаў арцыпастыр. - Марыя і далей нясе радасць нам. У гэтым годзе мы адзначаем юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў, падчас якіх у надыходзячай цемры ваяўнічага атэізму Марыя запаліла святло надзеі».

«Доўгія дзесяцігоддзі наша катэдра выкарыстоўвалася не для рэлігійных мэтаў. Тут была спартыўная зала. Ніхто не кажа, што нам не патрэбны спартыўныя залы, фабрыкі, кінатэатры і г.д. Але дом малітвы павінен заставацца домам малітвы і месцам спаткання чалавека з Богам, — працягваў Мітрапаліт. — Некалькі пакаленняў людзей праходзіла каля зняважанай катэдры і пыталася ў сябе: калі ж ізноў тут можна будзе маліцца? І гэты час прыйшоў, як прадказала Марыя 100 гадоў таму ў Фаціме».

«Як у Кане Галілейскай Езус па просьбе Марыі ўчыніў цуд перамены вады ў віно, таксама і па Яе хадайніцтву Ён учыніў цуд адраджэння Касцёла. Замест прымусовай ідэалогіі атэізму, якой наш народ быў індактрынаваны тры пакаленні, сёння мы маем значна лепшыя абставіны для практыкавання нашай веры. Гэта бачна ў шматвектарным жыцці Касцёла ў Беларусі, якое праяўляецца як у нашай краіне, так і выходзіць на міжнародную арэну», - нагадаў іерарх.

Па словах Мітрапаліта, аб гэтым сведчыць і той факт, што Мінск абраны месцам правядзення Пленарнага пасяджэння Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы, якое адбудзецца з 28 верасня па 1 кастрычніка гэтага года.


З нагоды аднаўлення вернікамі, якія ў мінулым годзе заснавалі свае сем’і, сужэнскіх абяцанняў, каб дзякаваць Богу і прасіць благаслаўленне на будучыню, арцыбіскуп адзначыў: «Сям’я – гэта галоўная клетка грамадства і яго фундамент. Якой яна будзе, такім будзе і грамадства. Менавіта таму Касцёл звяртае такую пільную ўвагу на сям’ю, каб яна была хатнім Касцёлам, месцам узаемнай згоды і любові, крыніцай новага жыцця і школай хрысціянскага выхавання дзяцей».

Поўны тэкст гаміліі>>>

Абноўлена 13.09.2017 12:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.