Пошук

08.05.2025 09:22   Catholic.by

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Зварот на Нядзелю Добрага Пастыра.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
ЗВАРОТ ДА ДУХАВЕНСТВА І ВЕРНІКАЎ
МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАЙ АРХІДЫЯЦЭЗІІ
НА НЯДЗЕЛЮ ДОБРАГА ПАСТЫРА
11 мая 2025 г.

Паважаныя браты ў Хрыстовым святарстве, дарагія браты і сёстры!

У IV Велікодную нядзелю, якую Касцёл называе нядзеляй Добрага Пастыра, адзначаецца Сусветны дзень малітваў аб пакліканнях да святарства і манаскага жыцця. У гэты дзень мы асаблівым чынам праз малітву звяртаемся да Бога, каб Ён з любоўю ўзглянуў на маладыя сэрцы і адправіў работнікаў у свой вінаграднік.

Слова «пакліканне» азначае заклік і прадугледжвае, што нехта кліча і некага клічуць. Безумоўна, як католікі мы атаясамліваем таго, хто заклікае, з самім Богам. Мы верым, што Бог мае план для кожнага з нас і што Бог кліча нас, запрашае разгледзець гэты план і прыняць яго. У адрозненне ад простай працы, пакліканне з’яўляецца ўсёабдымным, патрабуе свабоднага і добраахвотнага адказу і поўнай адданасці Таму, хто кліча, і таму, што ад нас патрабуецца ў гэтым пакліканні.

Жыццё ў сужанстве і любоў мужа і жонкі — гэта пакліканне. Пакліканнем з’яўляецца манаскае жыццё ў яго шматлікіх формах. Самотнае жыццё — гэта таксама пакліканне. І святарскае служэнне — гэта пакліканне.

Заклік Пана — гэта не ўварванне Бога ў нашу свабоду; гэта не «клетка» і не цяжар. Наадварот, гэта ініцыятыва любові, праз якую Бог сустракае нас і запрашае прыняць удзел у вялікай справе. Ён адкрывае нашым вачам гарызонт вялікага мора і багатага ўлову. Мы пакліканы быць смелымі і рашучымі ў пошуку Божага плану для нашага жыцця. Гледзячы на велізарны акіян паклікання, мы не можам задаволіцца толькі рамантаваннем сваіх сетак, седзячы ў лодцы, якая дае нам бяспеку. Мы павінны выплываць на глыбіню і давяраць абяцанню Пана.

Нашы дыяцэзіі і ўсе іх парафіі павінны спрыяць, садзейнічаць пакліканням або станам жыцця і маліцца за іх як мага часцей, каб вернікі маглі бачыць сваё жыццё як шчодры і поўны любові адказ добраму і любячаму Богу.

Як біскупы мы нясём асаблівую адказнасць за тое, каб заахвочваць маладых людзей да разважанняў аб пакліканні да святарства, але, безумоўна, заахвочваем іх таксама да малітвы і шчодрага адказу на ўсе вышэй згаданыя пакліканні. Прэзбітэры, як выразна паказвае абрад пасвячэння ў святарскі стан, з’яўляюцца галоўнымі супрацоўнікамі біскупа ў служэнні Божаму народу.

Не сакрэт, што ў наш час колькасць маладых людзей, якія паступаюць у семінарыю, а таксама колькасць святароў, даступных для парафіяльнай або іншай працы, змяншаецца на працягу дзесяцігоддзяў. Набор семінарыстаў на нацыянальным узроўні аказаўся даволі складаным для дыяцэзій. Не сталі выключэннем і манаскія супольнасці.

Святарскае пакліканне з’яўляецца актуальным прыярытэтам для нашага Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Гэта ні ў якім разе не змяншае прыхільнасці да служэння свецкіх жанчын і мужчын, аднак без святароў не было б Эўхарыстыі, а без Эўхарыстыі не было б Касцёла.

Пакліканне сапраўды з’яўляецца Божым дарам, аб якім трэба няспынна маліцца. Ідучы за запрашэннем Езуса, трэба маліцца, каб Гаспадар жніва паслаў работнікаў на сваё жніво (гл. Мц 9, 37). Паразважаем жа разам пра падзею, калі Адкупіцель устанавіў сакрамэнты Эўхарыстыі і пасвячэння падчас Апошняй Вячэры. У тую святую ноч Ён паклікаў па імені кожнага святара ва ўсе часы. Ён глядзеў на кожнага з іх такім жа позіркам любові і надзеі, якім Ён глядзеў на Сымона і Андрэя, на Якуба і Яна, на Натанаэля пад смакоўніцаю і на Мацвея, які сядзеў на мытні. Езус паклікаў нас і рознымі шляхамі працягвае заклікаць многіх іншых быць Яго служыцелямі. Хрыстус нястомна шукае і кліча ўсіх нас да агульнай адказнасці ў справе пакліканняў да святарства.

Езус ва ўсе часы клікаў па імені кожнага святара. Гэта значыць, што і сёння Ён усё яшчэ кліча, кліча па імені. Гэты заклік можа прыходзіць па-рознаму. Не ў апошнюю чаргу гэта прапанова, зробленая святаром, манахам або іншым верным католікам, парафіянінам добраму маладому чалавеку: «Ці думаў ты калі-небудзь пра тое, каб стаць святаром?»

Мы павінны выяўляць і заахвочваць такіх маладых людзей падумаць аб святарстве, а маладых жанчын — аб манаскім жыцці. І калі жаночыя і мужчынскія манаскія ордэны і кангрэгацыі нясуць адказнасць за актыўны пошук сваіх новых членаў, пошук і заахвочванне кандыдатаў да дыяцэзіяльнага святарства з’яўляецца абавязкам усіх нас у дыяцэзіі.

У апошні час маладыя людзі кажуць, што іх бацькі і родныя не заахвочваюць іх станавіцца святарамі, асабліва калі ў сям’і толькі адзін сын. Вядома, гэта можна зразумець. Але адказ на Божы заклік, якім бы ён ні быў, заўсёды патрабаваў ахвяры не толькі ад пакліканага, але і ад яго блізкіх і родных.

Адна рэч застаецца нязменнай: неабходнасць для нас, католікаў, засяродзіццца на Эўхарыстыі як крыніцы і вяршыні хрысціянскага жыцця.

І яшчэ адна рэч, цесна звязаная з Эўхарыстыяй: патрэба ў добрых, святых, адданых святарах. Я веру, што Пан Езус нездарма ўстанавіў абодва гэтыя сакрамэнты адначасова, у ноч перад сваёю смерцю за кожнага з нас.

Пакліканне да святарства — падобна да іншых пакліканняў у жыцці — патрабуе шмат ад пакліканага чалавека. Безумоўна, у «службовай інструкцыі» святара важнай часткай з’яўляецца ахвярнасць. Але там ёсць таксама і малітва, і навучанне, і абвяшчэнне Божага слова, і перадача касцёльнага навучання, і ўдзяленне сакрамэнтаў, і парада, і здольнасць «кругласутачна» служыць Божаму народу ў самых асноўных яго патрэбах. Несумненна, чалавек шмат ад чаго адмаўляецца, каб ісці за гэтым пакліканнем да алтара Пана. Аднак шлях і пункт прызначэння, да якога ён вядзе, даюць ні з чым не параўнальную радасць і адчуванне паўнаты, якія немагчыма перадаць словамі, радасць служэння ў Хрыстовым Касцёле.

Касцёл — гэта перадусім людзі, супольнасць; можна сказаць, што Касцёл — гэта ўсе тыя, хто праз веру і хрост становяцца дзецьмі Божымі, членамі Хрыста і святыняй Духа Святога. «Наш Касцёл» на ўзроўні сям’і — гэта бацькі і дзеці. «Наш Касцёл» на парафіяльным узроўні — душпастыр і вернікі. «Наш Касцёл» на дыяцэзіяльным узроўні — біскупы, духавенства і свецкія вернікі. Мы ўсе адказныя за гэты «наш Касцёл», за тое, якім ён ёсць і якім ён будзе. Мы разам крочым да збаўлення, мы разам пакліканы будаваць тут, на тэрыторыі Мінскай і Магілёўскай абласцей, Містычнае Цела Хрыста.

Здаецца, не з’ўляецца вялікай таямніцай той факт, што рэчаіснасць парафіяльных супольнасцяў нашага мясцовага Касцёла вельмі адрозніваецца: ёсць сапраўды вялікія парафіі і ёсць супольнасці вельмі сціплыя па колькасці — напрыклад, сярэднестатыстычная парафія на Магілёўшчыне налічвае прыблізна каля 15–20 чалавек. На Міншчыне таксама можна сустрэць падобную рэчаіснасць. Таму шчыра запрашаю вас далучацца да супольнай малітвы аб развіцці Каталіцкага Касцёла ў нашай архідыяцэзіі.

Мае дарагія, мы разумеем, што выключна малітвы недастаткова. Патрэбна канкрэтнае дзеянне, учынак, праяўленне салідарнасці і братэрства. Таму ад сённяшняга дня, ад Нядзелі Добрага Пастыра, 11 мая, у нашай архідыяцэзіі распачынаецца абавязковая для ўсіх парафій ініцыятыва «Дар сэрца для парафій у патрэбе», якая будзе трываць да свята Перамянення Пана, 6 жніўня. Яна стане штогадовай рэгулярнай ініцыятывай ў архідыяцэзіі, скіраванай на ўзрастанне братэрства і салідарнасці паміж ўсімі намі.

«Дар сэрца для парафій у патрэбе» — гэта ініцыятыва дыяцэзіяльнага ўзроўня, скіраваная на аптымізацыю некаторых канкрэтных момантаў дзейнасці нашага мясцовага Касцёла ў эканамічнай галіне. Мэтай дадзенай акцыі з’яўляецца арганізацыя дапамогі парафіяльным супольнасцям і святарам, якія маюць патрэбу ў дапамозе ў галіне належнай арганізацыі душпастырскай дзейнасці, рэалізацыі канкрэтных душпастырскіх ініцыятыў, канкрэтных інвестыцыйных праектаў, а таксама аплаты бягучых выдаткаў у парафіях.

У мінулым годзе падчас акцыі «Дар сэрца для Касцёла на Магілёўшчыне» вернікі нашай архідыяцэзіі ахвяравалі 63 700 беларускіх рублёў і 45 капеек. Вялікі дзякуй кожнаму за складзеныя ахвяраванні і малітвы ў інтэнцыі развіцця дадзенай пастырскай. Ужо дзякуючы гэтай дапамозе можна заўважыць канкрэтныя вынікі: працягваюцца рамонтныя працы ў Чавусах і Крычаве, аказана дапамога для душпастырства дзяцей і моладзі ў Магілёве і Касцюковічах, аплачаны камунальныя паслугі ў малаколькасных парафіях, заменена акно ў шклоўскім касцёле, робіцца пандус для інвалідаў у магілёўскай парафіі святога Антонія, усталявана электраабаграванне касцёла ў Горках, арганізавана дапамога даездаў святароў да душпастырскіх пунктаў і многае іншае. Таму шчыра запрашаем і ў гэтым годзе далучыцца да гэтай справы — у крыху іншым, больш шырокім, фармаце.

Як гэта будзе рэалізавана? Гэтая акцыя будзе адбывацца праз распаўсюджванне за добраахвотнае ахвяраванне ва ўсіх парафіях нашай архідыяцэзіі адмысловых картачак — сімвалічных знакаў «дару сэрца».

Запрашаем вас скласці ахвяраванне, якое стане вашым ўкладам, дарам сэрца ў справе арганізацыі належнага функцыянавання нашых малазабяспечаных каталіцкіх парафій.

Далучыцца да акцыі можна будзе праз складанне ахвяраванняў у парафіях нашай архідыяцэзіі. Трэба звярнуцца да свайго душпастыра, і ён ахвотна падкажа, як гэта зрабіць. Таксама ёсць магчымасць скласці ахвяраванне анлайн: на плакатах аб ініцыятыве можна знайсці адмысловы QR-код, а таксама код паслугі ў сістэме АРІП.

Як хрысціяне моцаю сакрамэнту святога хросту мы належым да народа Новага Запавету, утвараем супольнасць Касцёла — аўчарню Хрыста, Добрага Пастыра. Другі Ватыканскі Сабор звяртае ўвагу на тое, што Касцёл ва ўсім свеце — гэта адна супольнасць веры, надзеі і любові, яднае паміж сабою вызнаўцаў Езуса Хрыста, хто б яны ні былі і дзе б ні знаходзіліся, а таксама на тое, што ў супольнасці мясцовага дыяцэзіяльнага Касцёла вызнаўцы Хрыста знаходзяць веру і літургію, выражаную моваю ўласнай культуры, знаходзяць шляхі любові, вызначаныя ў той сітуацыі, у якой яны жывуць, знаходзяць таксама пачуццё братэрства ў Хрысце.

Дарагія браты і сёстры, вялікі дзякуй вам ужо цяпер за ахвярнае сэрца. Няхай Добры Бог адудзячыць кожнаму!

Мінска-Магілёўскі Касцёл — гэта мы з Вамі. Мы ўсе за яго адказныя.

На ўдзел у ініцыятыве «Дар сэрца для парафій у патрэбе» і малітву аб новых і святых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця ўдзяляю сваё пастырскае благаслаўленне: ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Aрцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 27 красавіка 2025 г.
Нядзеля Божай Міласэрнасці

P.S. Святарам неабходна прачытаць гэтае Пасланне вернікам падчас кожнай святой Імшы ў ІV Велікодную нядзелю 11 мая 2025 г.

Абноўлена 08.05.2025 09:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця