У свята Святой Сям’і, якое адзначалася ў нядзелю 29 снежня, у парафіі Маці Божай Бялыніцкай у Бялынічах (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Магілёўскі дэканат) у чарговы раз прайшла ўжо традыцыйная сустрэча сем’яў.
Свята распачалося ў святыні, а свой працяг мела ў арэндаванным памяшканні мясцовага кафэ.
Калядная сустрэча з нагоды свята Святой Сям’і cкіраваная на тое, каб, аднаўляючы парафію, аднаўляць сем’і, якія яе складаюць, па прыкладзе Езуса, Марыі і Юзафа.
Як падкрэсліў у прамоўленай падчас Імшы гамііліі пробашч бялыніцкай парафіі ксёндз Юзаф Сярпейка, сямейны інстытут з’яўляецца фундаментальным, бо менавіта ў сям’і адбываецца станаўленне і развіццё асобы, складаюцца найбольш блізкія і ўстойлівыя адносіны паміж людзьмі. Таму так важна зразумець і навучыцца, што поўнай глыбіні сямейных адносінаў можна дасягнуць, беручы за прыклад і наследуючы ахвярную любоў бацькоў нованароджанага Божага Сына.
«У штодзённым жыцці перад чалавекам часта паўстае выбар, правесці час з сябрамі або дома ў коле сям’і, затрымацца на працы ці пагуляць са сваім дзіцем. Кіруючыся прыкладам святой Сям’і з Назарэта, чалавек вучыцца не толькі кіравацца сваімі інтарэсамі, але і ўлічваць інтарэсы родных яму людзей», — зазначыў пробашч.
«Паважаныя дзеці, сапраўдная сям’я — гэта больш, чым проста быць сваякамі. Гэта асаблівае стаўленне адзін да аднаго, каханне, узаемапавага, дапамога. Гэта калі кожны чалавек унікальны і незаменны, як і тое, што ён прыўносіць у сям’ю. Гэта бабуліны казкі і смачныя пірагі, гэта матулін клопат, татава дапамога і ўвага, — звярнуўся ксёндз да дзяцей, —
Кожны марыць пра шчаслівую сям’ю, але гэта залежыць ад нас; ад таго, наколькі мы гатовыя ўкладаць свае намаганні ў яе. Бо гэта асабістыя адносіны паміж людзьмі розных пакаленняў, поглядаў і перакананняў, якія вымушаныя пастаянна вырашаць бытавыя пытанні разам», — заўважыў святар.
Ён нагадаў, што Папа Францішак падчас малітвы Анёл Панскі зазначыў, як важна ў сям’і ўмець слухаць адзін аднаго. «Выдатна, калі маці пачынае не з папроку, а з пытання. Марыя не абвінавачвае і не асуджае, а імкнецца зразумець, як прыняць сваё Дзіця з Яго адрозненнямі, слухаючы Яго. Евангелле кажа, што, нягледзячы на намаганні, Марыя і Юзаф „не зрaзумелі таго, што Ён скaзaў iм“. Гэта сведчыць аб тым, што ў сям’і важней слухаць, чым разумець. Слухаць — значыць надаваць сэнс іншаму чалавеку, прызнаваць яго права на існаванне і самастойнае мысленне. Дзеці маюць у гэтым патрэбу», — працытаваў ксёндз Юзаф Сярпейка словы Святога Айца.
Сёлетняя сустрэча стала асаблівай для парафіі ў Бялынічах: дзве сям’і прынялі сакрамэнт сужэнства, а яшчэ чатыры сям’і аднавілі сужэнскія абяцанні.
Святая Імша ў інтэнцыі сем’яў і новых пакліканняў з нашых сем’яў, прадстаўленне біблійнага сюжэта Божага Нараджэння парафіянамі, інтэрактыўная гульня з «анёлам», які «правёў» дзяцей па біблійных мясцінах і гісторыях у анімацыі каталіцкай сям’і Віталія і Галіны з Бабруйска, салодкія падарункі для ўсіх прысутных дзяцей ад фірмы Morozoff, пачастунак ад кафэ для ўсіх удзельнікаў каляднай сустрэчы — гэтае тое, што стварыла для парафіянаў незабыўнае свята сям’і.