Пошук


10-я па ліку сустрэча моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стартавала ў парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы. Урачыстую святую Імшу з гэтай нагоды цэлебраваў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Іерарх звярнуў увагу, што дэвіз сёлетняй сустрэчы моладзі «Вялікае ўчыніў мне Усмагутны» выкарыстоўваецца на сустрэчах у шмат якіх дыяцэзіях свету.

«Папа Францішак, выбіраючы гэты дэвіз са славутага гімна Magnificat, хацеў звярнуць увагу сучаснай моладзі на Марыю, каб, бяручы з яе прыклад, ісці наперад у духоўным удасканальванні», — зазначыў арцыбіскуп.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў мінулагодні зварот Папы Рымскага да ўдзельнікаў СДМ у Кракаве «не быць людзьмі канапавага стылю жыцця — не быць тымі, хто імкнецца толькі адпачываць і нічога не рабіць».

«Марыя не была канапавай жанчынай, каб бяспечна сядзець і чакаць у мора надвор’я, — падкрэсліў іерарх. — Не трэба баяцца цяжкасцей, бо калі Бог кліча да нейкай місіі, то ён дасць адпаведныя сілы».

Пры гэтым арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што ў выпадку са стаячай вадой яна спачатку пачынае цвісці, потым загнівае і псуецца і яе ўжо становіцца немагчыма выкарыстоўваць.

«Менавіта таму вада павінна быць праточнай. Гэтаксама і карабель, каб выканаць сваю місію — везці людзей ці тавары ў іншыя краіны, не можа вечна знаходзіцца ў гавані, але павінен выплысці ў мора, нягледзячы на небяспекі ў ім», — заключыў Мітрапаліт.

Поўны тэкст гаміліі ТУТ››

Арцыбіскуп Кандрусевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў, адзначыў, што Марыя не пабаялася прыняць Божае слова і з ім вырушыць у жыццёвую пілігрымку, поўную небяспекі.

«Калі Бог нас кліча, то не глядзіць на тое, што мы слабыя і грэшныя, але бачыць тое, што мы можам зрабіць, як гэта і адбылося з Марыяй, — зазначыў іерарх. — Калі будзем браць прыклад з яе, то зможам стаць інструментам удасканалення свету і пакінуць след на зямлі, як кажа Святы Айцец».

Паводле слоў Мітрапаліта, як няма святога без мінулага, а грэшніка без будучыні, так і Бог бязмежны ў сваёй міласэрнасці: «Наша рэчаіснасць можа змяніцца, калі мы запросім Хрыста ў нашай жыццё. Усё залежыць ад нас і ад таго, як мы прымем Божую волю».

Арцыбіскуп нагадаў, што, каб пабудаваць новае грамадства ў будучыні, трэба змяніцца. «Перабудова чалавека ці кардынальная змена яго жыцця адбываецца праз духоўную перабудову. Да гэтага акурат і заклікае фацімскае пасланне Марыі, бо, калі будзем маліцца і навяртацца, будзем набліжацца да Бога з мэтай перамены жыцця, каб ужо не мы жылі, але ў нас жыў Хрыстус», — заключыў іерарх.

 

Абноўлена 02.08.2017 11:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця