Пошук

28.07.2017 18:31   Catholic.by

Вялікае ўчыніў мне Усмагутны (пар. Лк 1, 49)

Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагая моладзь!

1. Гэтай св. Імшой мы распачынаем 10-ю Юбілейную Малітоўную сустрэчу моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дэвіз якога супадае з дэвізам Дзён моладзі, якія ў гэтым годзе праводзяцца ў асобных дыяцэзіях: «Вялікае ўчыніў мне Усмагутны». Выбіраючы гэты дэвіз са славутага гімна Марыі Magnificat, Святы Айцец Францішак хацеў звярнуць увагу сучаснай моладзі на Марыю, каб, бяручы з яе прыклад, з надзеяй крочыць наперад у нашым духоўным удасканальванні.

2. Сённяшняе Евангелле прадстаўляе сустрэчу дзвюх благаслаўлёных жанчын — Марыі і св. Альжбеты. Марыя чакала нараджэння Збаўцы, а св. Альжбета — нараджэння Яго папярэдніка св. Яна Хрысціцеля. Сустрэча Марыі і Альжбеты насамрэч стала сустрэчай яшчэ ненароджаных Езуса і Яна Хрысціцеля.

Але ласка Збаўцы ўжо пачала дзейнічаць, дзякуючы чаму св. Ян Хрысціцель быў ачышчаны ад першароднага граху. А поўная ласкі Марыя, якую Альжбета назвала Маці яе Пана, праспявала гімн Magnificat – «Велічае душа мая Пана». У ім яна праславіла Бога за тое, што выбраў яе быць Маці Збаўцы. Сапраўды, гэта самая вялікая годнасць быць Маці Збаўцы. Праз Марыю Бог учыніў вялікія рэчы і чалавецтву, бо дзякуючы яе згодзе з Божай воляй прыйшоў час збаўлення.

3. Марыя як наша духоўная Маці заўсёды клапоціцца пра нас. Аб гэтым мы павінны памятаць асабліва ў гэтым годзе Юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. У ахінаючую 100 гадоў таму Усход і нашу краіну цемру атэізму Марыя ўнесла промень святла і надзеі. Як лек ад гэтай духоўнай хваробы яна прапанавала малітву і навяртанне. А прадказваючы ўсе цяжкасці, якія чакалі нас, яна таксама дала надзею на навяртанне і будаванне новага грамадства на прынцыпах Евангелля.

Сёння мы з’яўляемся сведкамі і непасрэднымі ўдзельнікамі гэтага працэсу, ад рэалізацыі якога будзе залежыць наша будучыня. Учора мінула 27-ая гадавіна прыняцця дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Колькі надзеі і энтузіязму ў той дзень вылілася на вуліцы нашых гарадоў! Але ці ўсё рэалізавалася? Далёка не ўсё. Бо не дастакова сказаць, што змена сацыяльна-палітычнага строю аўтаматычна прывядзе да пабудовы новага грамадства. Каб гэта адбылося, неабходна змяніць чалавека.

Памятаю, як у часы гарбачоўскай перабудовы СМІ пісалі, што яна буксуе. Тады літоўскі кардынал Вінцэнтас Слакявічус, які доўгі час быў інтэрнаваны савецкімі ўладамі, сказаў, што перабудова не пойдзе наперад і будзе буксаваць, пакуль не будзе «перабудаваны», зменены, сам чалавек. І гэта вялікая праўда. А перабудова чалавека ці кардынальная змена яго жыцця адбываецца праз духоўную перабудову. Да гэтага акурат і заклікае фацімскае пасланне Марыі, бо, калі будзем маліцца і навяртацца, будзем набліжацца да Бога з мэтай перамены нашага жыцця, каб ужо не мы жылі, але ў нас жыў Хрыстус.

4. Святы Айцец Францішак падчас Сусветных дзён моладзі ў мінулым годзе ў Кракаве заклікаў маладых людзей не быць людзьмі канапавага стылю жыцця, гэта азначае не быць тымі, хто толькі імкнецца адпачываць і нічога не рабіць. Марыя не было канапавай жанчынай, каб бяспечна сядзець і чакаць, як мы кажам «ля мора надвор’я». Пасля Звеставання, будучы ў благаслаўлёным стане, яна спяшае з дапамогай св. Альжбеце, якая таксама знаходзілася ў благаслаўлёным стане.

Тое ж самае чакае і нас, калі ў пілігрымцы нашага жыцця не будзем затрымлівацца, але заўсёды імкнуцца наперад. Не трэба баяцца цяжкасцей, бо калі Бог кліча да нейкай місіі, то Ён дасць адпаведныя сілы. Пры гэтым трэба памятаць, што стаячая вада спачатку пачынае цвісці, потым загнівае і псуецца, яе ўжо нельга выкарыстоўваць. Таму яна павінна быць праточнай. Таксама і карабель, каб выканаць сваю місію — везці людзей ці тавары ў іншыя краіны, не можа вечна знаходзіцца ў гавані, ён павінен выплыць у мора, не гледзячы на ўсе небяспекі, якія яно нясе ў сабе.

5. Марыя не пабаялася прыняць Божае слова і з ім вырушыць у жыццёвую, поўную небяспекі, пілігрымку, якая вяла ажно на Кальварыю. Мы таксама знаходзімся на нашай жыццёвай пілігрымцы, якая не можа ператварыцца ў бадзянне без сэнсу, але павінна стаць пілігрымкай, якая, не гледзячы на цярпенні і няўпэўненасць, у Богу знаходзіць сваю поўню.

Калі Бог нас кліча, то не глядзіць на тое, што мы слабыя і грэшныя, але бачыць тое, што мы можам зрабіць, так як адбылося з Марыяй. Беручы прыклад з яе, мы можам стаць інструментам удасканалення свету і пакінуць наш след на зямлі, як кажа папа Францішак.

Наша спатканне з Богам не павінна быць падобным моднаму ў наш час флэшмобу, калі людзі сустракаюцца на кароткі час і потым разыходзяцца кожны ў свой бок. У нашым жыцці не павінна быць, як у прыказцы: «Бог сваё, а чорт сваё». Наадварот, Богава павінна стаць нашым. Толькі тады мы зможам рабіць вялікія рэчы і прымаць на сябе вялікія абавязкі.

Пры гэтым неабходна памятаць прымаўку, якое кажа, што няма святога без мінулага, а грэшніка без будучага. Гэта азначае, што бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог можа духоўна аздаравіць кожнага. Нам неабходна толькі дазволіць яму падняць нас да новага жыцця, а не жыць ілюзіямі, якія хутка мінаюць і вядуць да пустэчы. Наша рэчаіснасць можа быць іншай. Усё залежыць ад нас саміх, ад таго, як мы прымем Божую волю.

6. Адзін малады чалавек распавёў гісторыю свайго навяртання. Ён вёў распуснае жыццё, прымаў наркотыкі, піў алкаголь, краў і г.д. Адным словам, быў духоўна памерлым чалавекам. Аднак у яго сэрцы час ад часу ажывала думка: «Божа, калі ты існуеш, то ведай, што я цябе шукаю і хацеў бы спаткаць».

Аднойчы ён быў арыштаваны за распаўсюджванне наркотыкаў і баяўся за сваю будучыню. Тады спантанна пачаў маліцца: «Пане, я ўпэўнены, што цябе няма, але аднак калі ты існуеш, то выратуй мяне, бо заўтра ўжо можа не буду цябе патрабаваць».

І стаўся цуд. Начальнік вязніцы ўвайшоў і сказаў, што нешта яго падштурхоўвае, каб вызваліць таго чалавека. І вызваліў. Гэта быў пераломны момант у жыцці таго грэшніка, які трымаў у галаве толькі адну думку: «Аднак ты, Божа, існуеш і выслухоўваеш малітвы людзей. Калі мне ніхто не мог дапамагчы, ты чакаў адпаведнага моманту, каб вырваць мяне з пасткі духоўнай смерці».

Як Марыі, таксама і гэтаму маладому чалавеку Бог учыніў вялікія рэчы. Учыніць і нам, калі з даверам Марыі звернемся да Яго. Амэн.

28 ліпеня 2017 г.

Абноўлена 28.07.2017 18:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця